Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Калі тыднямі ў хакей гуляе 50-гадовы, які лічыцца прэзыдэнтам… гэта гульня не на прыз прэзыдэнта, а на прыз паўгалодных пэнсіянэраў”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 20 студзеня 2005 г. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Спадар: ) “Паслухайце, як увесь вечар глушыць Свабоду, Канаду, Нямецкую хвалю нейкая банда…”

(Мікола Саскевіч: ) “Дзень добры, шаноўнае панства! У аўторак паглядзеў уважліва па ОНТ фільм Майкла Мура і адразу хачу сказаць, што гэты фільм “вилами по воде писан”. Вельмі шмат хлусьні.

Па-першае, уся палітыка ЗША празрыстая і народ Амэрыкі заўсёды ведае, што робіць улада ЗША з прэсы, радыё, тэлебачаньня. Амэрыка – гэта вялікая свабодная дэмакратычная краіна, дзе прэзыдэнт і кіраўніцтва працуюць на народ і для народу.

Чаму ж Майкл Мур не паказаў, як былі атакаваныя ЗША і колькі было ахвяраў? Чаму ж ён не паказаў, як забойца Садам Хусэйн не пускаў інспэктараў на сакрэтныя аб’екты і да сябе ў залатыя палацы шукаць зброю масавага паражэньня? Чаму ж Майкл Мур не паказаў, як Садам Хусэйн і яго сыны забівалі людзей у Іраку і марылі іх голадам? Чаму ж Майкл Мур не паказаў, як галаварэзы Садама Хусэйна прыяжджалі да нас у Беларусь, і што яны сюды прывозілі, ніхто пакуль ня ведае. Чаму ж Майкл Мур не паказаў, як расейскія палітыкі прыяжджалі да Садама Хусэйна, і што яны прывозілі і вывозілі, ніхто пакуль ня ведае? Чаму ж Майкл Мур не паказаў, як рэжым Садама Хусэйна вучыў тэрарыстаў лятаць на самалётах-боінг, якія стаялі на аэрадромах Іраку? Чаму ж Майкл Мур не паказаў, як перад атакай на крывавы рэжым Іраку амэрыканская дыпляматыя ўгаворвала Садама здацца і сысьці са згодай? Чаму ж Майкл Мур не паказаў, як Садам Хусэйн плаціў тэрарыстам за ўчынены тэракт? Чаму ж Майкл Мур не паказаў, як Садам Хусэйн напаў на Кувэйт, забіваў і рабаваў людзей?

Шмат пра што можна казаць. Але ўсім нам трэба зразумець, што тэрарыстаў нехта павінен спыніць, нехта павінен спыніць нахабных дыктатараў. А маці загіблага салдата хачу сказаць: Ваш сын сапраўдны салдат-герой. І вечная памяць яму! Вы ж ім ганарылася і павінны ганарыцца заўсёды. Я глядзеў на вас, хоць я і мужны хлопец, але вочы наліліся сьлязьмі. Ваш сын – салдат, а салдатам часам прыходзіцца ваяваць, і яны могуць загінуць, гэта ж вайна. Таму трэба паплакаць, выцярпець і жыць далей. І ня слухайце вы гэтага ілгуна Майкла Мура! ЗША былі атакаваныя, жорстка атакаваныя тэрарыстамі Аль-Каіда. І Амэрыка стала на абарону свайго народу і народаў іншых краінаў. І Ваш сын, як і тысячы іншых сыноў, сталі на абарону людзей ня толькі ў ЗША, але і ўсяго сьвету. А Джордж Буш – сапраўдны прэзыдэнт ЗША, сумленны і мужны чалавек. Ахоўвай Бог Амэрыку!”

(Спадар: ) “Добры вечар, Радыё Свабода! Толькі што пачуў меркаваньне Вольгі Абрамавай, якая спасылаецца на нейкія падручнікі паліталёгіі і тым самым абвяргае выказваньне наконт тыраніі. Я не чытаў ніколі гэтых савецкіх падручнікаў паліталёгіі і чытаць не зьбіраюся. А наконт тыраніі лічу, што цалкам дастаткова вызначана тыранія ў Арыстоцеля ў ягоным трактаце “Палітыка”. І пад гэта азначэньне тыраніі цалкам падыходзіць усё тое, што было ў Савецкім Саюзе і тое, што працягваецца на постсавецкай прасторы ў шмат якіх дзяржавах.

Зьбядненьне народу – першы галоўны знак тыраніі. Тыран робіць жабрацкім народ, каб ім не было што рабіць, акрамя як змагацца за сваё існаваньне. Тады ім лягчэй кіраваць народам. Другі знак тыраніі – зьнішчаць самых адметных. І трэці знак тыраніі – гэта будаваньне пірамід Хеопса і ўсіх іншых вялікіх будоўляў, на якія трацяцца народныя сродкі, зноў жа для зьбядненьня людзей. Усе знакі тыраніі ёсьць!”

(Спадар: ) “Паважаныя супрацоўнікі Свабоды! Вы лічыце мае заявы неактуальнымі, а дарэмна. Я ўжо неаднаразова адказваў, што няма ў прыродзе чалавека, у якога розуму цераз край. Чамусьці вы ігнаруеце маю заяву і замоўчваеце? Калі Лукашэнка заяўляў, што Адольф Гітлер не такі дрэнны, то гэта не зь вялікага розуму. І, калі ласка, узгадайце, колькі Лукашэнкаў было ў нашай гісторыі. Чалавек ня можа жыць бяз глупства, бо няма ў прыродзе чалавека, які не рабіў глупства. Я чакаю адказу ў радыёэтэры”.

(Анастас Семяновіч: ) “Вельмі шаноўныя гаспадары і гаспадыні Радыё Свабода! Добры вечар! На пытаньне тыдня: як эканамічны рост паўплываў на дабрабыт. Адказ вельмі кароткі: ніякага росту няма, акрамя дзесяцігадовай хлусьні. На сёньняшні дзень, калі я ці жонка памрэ, то становіцца чалавек жабраком. Аплаціць ацяпленьне, электраэнэргію, ваду, тэлефон – і на жыцьцё нічога не застанецца. Вось вам і рост галінаў. Праўда браткі-беларусы добра харчуюцца хлусьнёй, а яна з кожным днём усё паляпшаецца”.

(Уладзімер: ) “На вашае пытаньне наконт будучай кандыдатуры адзінага кандыдата на пасаду прэзыдэнта і ўсяго, што з гэтым зьвязана. Справа ў тым, што, паводле інтэрвію спадара Шушкевіча, усё ж такі апазыцыя рэфэрэндум ня выйграла, прыкладна падзел – 50 адсоткаў на 50 адсоткаў. Да таго ж, наш народ у большасьці задаволены гэтым становішчам, ён ня любіць зьменаў, ня хоча, не жадае іх.

Напрыклад, для нашых людзей уяўленьне аб тым, што трэба загартоўвацца, цярпець нейкія нястачы альбо скакаць у ледзяную ваду – гэта амаль што недасягальная вышыня. Напрыклад, ведаю аднаго кіраўніка мясцовай апазыцыйнай суполкі, у якога дзеці часта хварэюць, сам ён таксама слабага здароўя. Я прапаноўваў яму пачаць загартоўваньне, у адказ – адмовы, сьмех і едкія камэнтары. Зь недаверам ён ставіўся да нашых практыкаваньняў. Ён быў перакананы, што мы абавязкова захварэем, і можа здарыцца яшчэ нешта горшае. Але калі праз некаторы час убачыў нас здаровых, бадзёрых, жыцьцярадасных, ён быў вельмі зьдзіўлены.

Дарэчы, падчас нашых загартовак на лецішчы былі вельмі зьедлівыя камэнтары, нягледзячы на тое, што мы займаліся на сваім участку, і ўсё амаль што было прыкрыта дрэвамі і зелянінай. А гэта сьведчыць аб талерантнасьці нашага народу. Пакуль што, на жаль, ня вельмі талерантныя, ня любяць прыслухоўвацца да іншых думак. І ня могуць сабе ўявіць, што ў асобнай сям’і можа быць сваё прыватнае жыцьцё, нават калі яно цалкам адрозьніваецца ад жыцьця акаляючых”.

(Спадар: ) “Ці палепшылася маё жыцьцё за мінулы год? Не, і, думаю, што ў большасьці яно таксама не палепшылася. Ніякага павышэньня ў валавай прадукцыі, ні ў сельскай гаспадарцы не палепшаць жыцьцё людзей, пакуль імі будзе кіраваць неразумны чалавек. Ён нават сам сабе нічога добрага зрабіць ня можа.

Калі дзесяцігадовае дзіця займаецца кожны дзень у хакей – гэта можна зразумець. Калі ж тыднямі ў хакей гуляе пяцідзесяцігадовы, які лічыцца прэзыдэнтам… Гэта ж ня проста самадурства, а вельмі дарагое самадурства. Гэта гульня не на прыз прэзыдэнта, а на прыз паўгалодных пэнсіянэраў. Задумайцеся, колькі тысячаў даляраў забраў ён у пэнсіянэраў, каб правесьці гэтую дурноту! А колькі тысяч даляраў каштавала яго паездка ў Казахстан, каб пагуляць там у хакей разам са сваёй камандай. Якая гаспадарка гэта можа вытрымаць?

Гэта толькі тое, што мы ведаем. Ведаем жа мы ня больш за адну адсотку. Гэтак жа паводзяць сябе яго памагатыя, а менавіта: крадзі, пакуль ёсьць магчымасьць, і добра хавай, заўтра з крэсла выкінуць і больш такой магчымасьці ня будзе. Мы павінны зрабіць усё, каб намі кіраваў разумны чалавек, менавіта мы, таму што за нас гэтага ніхто ня зробіць. Ня трэба ні на каго спадзявацца. Калі б я, ты за дзень не ўпрыгожыў прыбіральню партрэтам хакеіста №1, калі я, ты за дзень не павесіў ніводнай улёткі, якая б расказвала пра яго дурноту, калі б я, ты ні воднаму чалавеку не растлумачыў праўды пра яго, значыць – ты гэты дзень пражыў дарэмна, за гэты дзень удзячнасьці ты не атрымаеш ні ад дзяцей, ні ад унукаў. Калі хочаш, каб хутчэй намі кіраваў разумны чалавек, зрабі ўсё, каб гэтых дзён было як мага менш. І разам мы пераможам!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG