Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

23 студзеня 1938 году быў расстраляны Вацлаў Ластоўскі


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 23 і 24 студзеня

Напачатку – пра памятныя даты ўчорашняе нядзелі.

23 студзеня 1889 году ў Чылі памёр наш славуты зямляк Ігнат Дамейка. Родам ён зь вёскі Мядзьвядка пад Карэлічамі, скончыў Шчучынскі калегіюм і Віленскі ўнівэрсытэт, дзе ўдзельнічаў у тайным студэнцкім таварыстве філяматаў, за што быў арыштаваны. Пасьля гэтага Дамейка скончыў горную школу ў Парыжы і з 1838 году да самае сьмерці жыў і працаваў у Чылі. За заслугі перад навукай гэтай краіны Дамейку назвалі нацыянальным героем Чылі, ягонае імя носяць мінэрал, выкапнёвы сьлімак, фіялка, горны хрыбет, а таксама паселішча на поўдні Чылі.

23 студзеня 1938 году ў расейскім Саратаве быў расстраляны беларускі акадэмік Вацлаў Ластоўскі, адзін з найбольш выбітных дзеячоў нацыянальнага адраджэньня.

23 студзеня ў розныя гады нарадзіліся францускі пісьменьнік Стэндаль, ягоны зямляк мастак-імпрэсіяніст Эдуард Манэ, польскі паэт Канстанты Ільдэфонс Галчынскі і Барыс Беразоўскі – апальны расейскі алігарх, былы дзяржаўны сакратар так званага саюзу Беларусі і Расеі.

Цяпер – пра сёньняшні каляндар.

24 студзеня 1911 году памёр Аляксандар Аскерка, удзельнік паўстаньня Каліноўскага. Нарадзіўся ён у маёнтку Рудакоў пад Хойнікамі, скончыў Пецярбурскі ўнівэрсытэт. Аскерка выдаў у Варшаве беларускі каляндар-катэхізіс. У паўстаньні быў адным зь лідэраў партыі белых. Яго арыштавалі і выслалі на катаргу ў Сыбір. Празь дзесяць гадоў ён вернецца ў Варшаву і будзе там рэдагаваць часопіс Ateneum. Пасьля дваццаці гадоў Аскерка жыў у Вільні, а памёр у Відзах на Браслаўшчыне, дзе і пахаваны.

24 студзеня 1827 году прыйшоў на сьвет Аляксандар Далеўскі. Ён быў адным з арганізатараў таемнага Братняга саюзу моладзі, за што перажыў і турму, і катаргу, і ссылку. Братні саюз вёў кансьпірацыйную працу ў Вільні, Менску, Горадні, Лідзе, Наваградку, Слоніме, а таксама паміж салдатаў Бабруйскае крэпасьці. У 1849 годзе пачаліся арышты. Пад сьледзтвам апынулася 200 чалавек. Кіраўнікі – браты Далеўскія – былі прысуджаныя да сьмерці, але пасьля сьмяротную кару ім замянілі катаргай на 15 гадоў.

24 студзеня 1885 году нарадзіўся Юры Тарыч, кінарэжысэр, які зьняў першы беларускі мастацкі фільм “Лясная быль”. Адбылося гэта ў 1926 годзе.

Таксама 24 студзеня, у 1931 годзе, прыйшоў на сьвет гісторык беларускай літаратуры Міхась Мушынскі.
XS
SM
MD
LG