Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стварэньне дзяржаўнага прадусарскага цэнтру яшчэ больш акрэсьліць падзел артыстаў на “сваіх” і “чужых”


Ігар Карней, Менск Міністэрства інфармацыі агучыла ідэю дзяржаўнага прадусарскага цэнтру. Такая ініцыятыва наўпрост зьвязаная з загадам Аляксандра Лукашэнкі пра абавязковае насычэньне FM-эфіру на тры чвэрці беларускімі выканаўцамі. Аднак насамрэч аказалася, што радыёстанцыям фактычна няма з чаго выбіраць: за месяц зьявілася толькі адна “беларуская” кампазыцыя, тады як дзеля нармалёвага функцыянаваньня ў такім фармаце штомесяц патрабуецца 15-20 новых песень. На думку міністэрскіх чыноўнікаў, менавіта прадусарскі цэнтар можа аказваць маральную і матэрыяльную падтрымку артыстам, кампазытарам і аранжыроўшчыкам.

Куратарам праекту на стварэньне дзяржаўнага прадусарскага цэнтру прызначаны намесьнік міністра інфармацыі Сяргей Булацкі. Ён кажа, што, магчыма, ужо ў лютым будзе створаная каардынацыйная рада з ліку прадстаўнікоў міністэрстваў інфармацыі, культуры, прадусараў і ўласна музыкаў. Гэтая каманда будзе вырашаць: як “прасунуць” беларускую культуру ў масы праз FM-эфір.

Пакуль жа радыёстанцыі жывуць ва ўмовах “беларускага” голаду – ранейшыя запісы пракручаныя ўжо сотні разоў, а новых ніхто не нясе. У лідэра папулярнага рок-гурту “J_Морс” Уладзімера Пугача я пацікавіўся: ці адчуў ён увогуле прысутнасьць беларускіх выканаўцаў у эфіры ажно на 75%?

(Пугач: ) “Ад моманту, калі зрабілі 50%, было адчуваньне больш яскравае і кантрастнае: беларускага пачалі “круціць” болей. А ад 50% да 75%? Найперш, гэта скачок на меншую амплітуду, таму істотная розьніца быць і ня можа. Па-другое, мала часу яшчэ мінула ад 1 студзеня. І потым – я ня вельмі часта слухаю радыё, але часам праглядаю ў інтэрнэце хіт-парады радыёстанцый і бачу там шмат беларускіх выканаўцаў”.

Іншая справа, што гэта за выканаўцы? У кулюарных размовах супрацоўнікі радыёстанцый і самі музыкі кажуць: у выпадку стварэньня падобнага цэнтру яшчэ больш адчувальным стане падзел на “сваіх” і “чужых”. Зразумела, што за дзяржаўныя грошы ніхто ня будзе “прасоўваць” музыкаў, грамадзянская пазыцыя якіх не супадае з генэральнай лініяй цяперашняй улады. У выніку эфір запоўняць капіяваныя з расейскай папсы маладыя “аднадзёнкі”, якія будзе прадукаваць ужо сама дзяржава.

Што да станцый, некаторыя зь якіх ужо атрымалі папярэджаньні ад Міністэрства інфармацыі за малы адсотак беларускага матэрыялу, то яны мусяць хапацца за любыя прапановы. Нават ад аўтараў, якія трымаюцца акадэмічных пазыцыяў у песенным жанры. Так, кампазытар Ігар Лучанок з аптымізмам кажа: у яго цэлая нізка адных толькі песьняў пра Менск – “круці, не хачу”.

(Лучанок: ) “У мяне ёсьць некалькі песьняў пра Менск. Ёсьць песьня на вершы Бураўкіна – яна надрукаваная ў першым нумары “Вячэрняга Мінска” – уяўляеце? Потым яшчэ песьня “Баляда аб Менску” Адама Русака і, нарэшце, песьня на вершы Пімена Панчанкі. Гэтую песьню мне запісалі “Песьняры”, нябожчык Вуячыч, запісаў Валеры Кучынскі, Іван Краснадубскі і нават Вадзім Мулерман на расейскай мове – ну, Вадзік, вы ж ведаеце! Адным словам, пяць запісаў гэтых ёсьць. Яна, натуральна, крыху акадэмічная, але яна такая…”

Аднак некаторыя калегі Лучанка, старыя песьні якіх гучаць досыць рэгулярна, ад прэтэнзіяў на месца ў эфіры адмаўляюцца. Эдуард Ханок, які пусьціў карані ў Маскве і якога па інэрцыі яшчэ завуць “беларускім кампазытарам”, дадому не імкнецца. І беларускі FM-эфір яго не хвалюе ніяк:

(Ханок: ) “Я займаюся тут і падымаюся, груба кажучы, па вялікаму рахунку. Фактычна па “праходнасьці” ў мяне няма канкурэнтаў. Можа быць, Баскаў ці Пугачова – вось гэтыя калі толькі асобы. А астатнія ўсе – не канкурэнты. Усім астатнім рабіць няма чаго… І гэта ўсё таму, што я жыву ў правільным накірунку, я правільна мысьлю…”

Ствараючы дзяржаўны прадусарскі цэнтар, міністэрства інфармацыі спадзяецца, што палітыка культурнага пратэкцыянізму на радыё справакуе “творчы ўсплёск”. Толькі вось ці шмат будзе ахвотных патрапіць пад гэтыя пырскі?
XS
SM
MD
LG