Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трымальнікі ліцэнзіяў ад Мінсувязі – інтэрнэт-правайдэры, апэратары мабільнай сувязі – будуць рабіць адлічэньні ў фонд разьвіцьця сувязі


Юлія Шарова, Менск Сёлета мабільнікаў у Беларусі можа стаць болей, чым кватэрных тэлефонаў. Такое меркаваньне днямі выказаў міністар сувязі. Адметна, што паводле колькасьці кватэрных тэлефонаў на 100 сем’яў наша краіна ладна абышла ўсю Эўропу, дзе такі від сувязі не настолькі распаўсюджаны, бо занадта дарагі. І вось цяпер выглядае на тое, што беларусы хочуць паставіць новы рэкорд.

Увогуле, шчыльнасьць сеткі кватэрных тэлефонаў у Беларусі, паводле статыстыкі на вясну 2004 году, складала 84 нумары на 100 сем’яў. Гэта адзін з самых высокіх у сьвеце паказьнікаў, найлепшы сярод краінаў СНД. Напрыклад, у суседняй Расеі ён складае ўсяго 53 тэлефоны на 100 сем’яў, ва Ўкраіне – 52, у Грузіі – 72.

На пачатак 2004 году такіх абанэнтаў было 3 мільёны 227 тысяч. Плянавалася таксама летась увесьці яшчэ амаль 237 тысяч нумароў – то бок, на сёньня іх недзе 3,5 мільёны. Апошнім часам, аднак, дзейнасьць аб’яднаньня “Белтэлекам” у сфэры павелічэньня ёмістасьці тэлефонных сетак больш скіроўваецца на тое, каб палепшыць якасьць гэтай сувязі, а не папросту наставіць новых тэлефонаў у кватэры. Напрыклад, цяпер адбываецца замена старых АТС на новыя, лічбавыя.

Што да абанэнтаў мабільнай сувязі, то іх цяпер ужо больш за 2 мільёны, і чакаецца, што іх стане сёлета яшчэ больш: такія чаканьні зьвязваюцца найперш са стварэньнем новага апэратара “БеСТ”. Той ужо абяцае сацыяльныя тарыфы на паслугі мабільнай сувязі ды бярэ на сябе задачу, якую кіраўнік краіны назваў “уздыманьнем Палесься”.

На беларускім рынку сувязі складваецца даволі парадаксальная сытуацыя. Звычайна трымаць у кватэры фіксаваны тэлефон дорага, бо сабекошт такой сувязі высокі, вышэйшы за мабільную сувязь, таму мабільная сувязь разьвіваецца ў іншых краінах шпарка, яна больш даступная. У Беларусі ж сярэдні ашчадлівы карыстальнік кватэрнага тэлефона плаціць у месяц ня больш за 5 даляраў. Ці не занадта такія паслугі стратныя для “Белтэлекама”?

Як тлумачыць аглядальнік газэты “Мобильный мир” Андрэй Манкевіч, у “Белтэлекама” існуе свая сыстэма перакрыжаванага субсыдаваньня: паслугі сувязі ў сетцы фіксаваных тэлефонаў для яго стратныя, але страты пакрываюцца за кошт прыбыткаў зь іншых сфэраў (інтэрнэт, напрыклад). У выніку балянс атрымліваецца прыстойны.

Але ў хуткім часе “Белтэлекам” пачне браць гэтыя субсыдыі: сёлета чакаецца прыняцьце закону “Пра электрычную сувязь”. Пра некаторыя палажэньні законапраекту гаворыць Андрэй Манкевіч.

(Манкевіч: ) “Яны б хацелі частку вось гэтага перакрыжаванага субсыдаваньня перакласьці на плечы іншых арганізацыяў. Умоўна кажучы, трымальнікі ліцэнзіяў ад Міністэрства сувязі – інтэрнэт-правайдэры, апэратары мабільнай сувязі – будуць рабіць нейкія адлічэньні ў фонд разьвіцьця сувязі й такім чынам будзе зьнятая нагрузка непасрэдна зь “Белтэлекама” й перакладзеная на плечы іншых арганізацыяў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG