Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Права на ўсынаўленьне дзяцей зь Беларусі замежнікі змогуць атрымаць толькі ў выключных выпадках


Іна Студзінская, Менск З 21 студзеня ўступіла ў сілу Пастанова ўраду Беларусі “Аб унясеньні зьмяненьняў і дапаўненьняў у Палажэньне аб парадку ўсынаўленьня дзяцей і ўстанаўленьня апекі над імі іншаземнымі грамадзянамі, асобамі без беларускага грамадзянства”.

Ці шмат беларускіх дзетак усынавілі іншаземцы? Нацыянальны цэнтар па ўсынаўленьні дае такія лічбы: з 1991 па 2004 год за мяжу паехала 3181 дзіця. На жаль, за 2004 год дакладныя лічбы ў Нацыянальным цэнтры ўсынаўленьня яшчэ не далі, а ў 2003 годзе замежнікі ўсынавілі 714 беларускіх дзетак (для параўнаньня: беларускія сем’і ўзялі на выхаваньне 3834 дзіця).

Бальшыня з усыноўленых іншаземцамі дзетак маюць хранічныя захворываньні, інваліднасьць, асаблівасьці псыхафізычнага разьвіцьця. Бо і раней ўсынаўленьне беларускіх дзетак за мяжу было дазволенае толькі ў тым выпадку, калі не ўдавалася іх уладкаваць у беларускія сем’і. Часьцей за ўсё беларускіх дзетак-сірот бралі на выхавальньне грамадзяне Італіі, Швэцыі, ЗША, Нямеччыны, Бэльгіі (у сьпісе краінаў – 22 дзяржавы).

Што ж зьмянілася цяпер? Мэта пастановы, як запісана ў дакумэнце – “удасканаленьне працэдуры міжнароднага ўсынаўленьня, узмацненьне кантролю за ўмовамі жыцьця дзяцей за мяжой, а таксама поўная інфармацыя аб іх адаптацыі ў сем’ях усынавіцеляў”. Патэнцыйныя ўсынавіцелі павінны прадаставіць гарантыі і цягам 5 гадоў штогод даваць справаздачы пра ўмовы жыцьця дзіцяці, пацьверджаныя кампэтэнтнымі органамі замежнай дзяржавы.

Гаворыць намесьніца міністра адукацыі Тацяна Кавалёва:

(Кавалёва: ) “Гэта большы ўдзел рэгіянальных органаў аховы дзяцінства і ўвядзеньне Міжведамаснай Рады па міжнародным усынаўленьні пры Міністэрстве адукацыі, якое ў кожным канкрэтным выпадку вызначае мэтазгоднасьць перадачы на ўсынаўленьне. І трэці момант: гэта даручэньне кіраўніка дзяржавы атрымліваць асабістае рашэньне міністра ў кожным выпадку на перадачу”.

На паседжаньні калегіі Міністэрства адукацыі міністар Аляксандар Радзькоў заявіў, што права на ўсынаўленьне дзяцей зь Беларусі замежнікі змогуць атрымаць толькі ў выключных выпадках. Паводле ягоных словаў, ўсынаўленьне за мяжу ператварылася ў “некіруемую плынь”.

Што меў на ўвазе міністар: няўжо так проста было вывезьці дзіця за мяжу, ці, можа, былі выпадкі жорсткага абыходжаньня з дзецьмі? Не, працэдура афармленьня ўсынаўленьня і раней была даволі складаная, доўжылася больш за паўгода, трэба было прадаставіць шмат дакумэнтаў, заплаціць беларускай дзяржаве каля 2 тысяч даляраў.

Што да скрайніх выпадкаў, паводле намесьніцы міністра адукацыі Тацяны Кавалёвай, за 13 гадоў існаваньня міжнароднага ўсынаўленьня быў толькі адзін выпадак жорсткага абыходжаньня зь беларускай дзяўчынкай у Швэцыі. Мясцовыя ўлады, дарэчы, самі забілі трывогу, і дзяўчынку забрала іншая швэдзкая сям’я. І адзін хлопчык, так бы мовіць, не прыжыўся ў ЗША – яго ўзялі ў падлеткавым узросьце, хлопцу ў ЗША не спадабалася, і ён вярнуўся на радзіму.

Беларускія чыноўнікі перакананыя ў тым, што, паколькі Беларусь далучылася да Гаагскай канвэнцыі, пры ўсынаўленьні прыярытэт павінен быць у беларускіх сем’яў. Меркаваньне намесьніцы міністра адукацыі Тацяны Кавалёвай:

(Кавалёва: ) “Міжнароднае ўсынаўленьне зьяўляецца як бы другасным, яно ажыцьцяўлецца пры немагчымасьці ўладкаваць дзіця на выхаваньне ўнутры краіны нараджэньня дзіцяці. Для нас галоўная праблема – гэта, наадварот, выклікаць ініцыятыву беларускіх грамадзянаў прымаць дзяцей на ўсынаўленьне ў сям’ю. А тое, што мы прынялі – гэта магчымасьць пазьбегнуць тых выпадкаў, калі ня ўсё яшчэ зроблена дзеля таго, каб знайсьці дзіцяці сям’ю ўнутры краіны”.

Між тым, у інтэрнатах краіны сёньня жывуць 30 тысячаў сіротаў. Кожны год іх шэрагі папаўняюцца на 10 працэнтаў. Я ўжо не кажу пра сацыяльныя праблемы, якія ўзьнікаюць, калі сірата вырастае і пакідае інтэрнат: з атрыманьнем адукацыі, працаўладкаваньнем, з жытлом (у лепшым выпадку, ён трапляе зноў у інтэрнат). А замежнікі здымаюць зь дзяржавы шмат гэтых праблем.
XS
SM
MD
LG