Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябры ангельскага ПЭН-цэнтру патрабуюць вызваленьня Бандажэўскага


Ул. інф. Болей за 300 сябраў ангельскага ПЭН-цэнтру падпісаліся пад лістом на адрас беларускага кіраўніцтва, у якім настойваюць на тэрміновым вызваленьні прафэсара Юрыя Бандажэўскага.

У сваім звароце да беларускага кіраўніцтва сябры ангельскага ПЭН-цэнтру нагадваюць, што выбітны беларускі навукоўца ў галіне мэдычнай радыялёгіі Юры Бандажэўскі знаходзіцца ў зьняволеньні ўжо 5 год і выказваюць занепакоенасьць, што ўсясьветна вядомы прафэсар можа быць ня вызвалены і сёлета.

Як вынікае з пасланьня, аўтар шматлікіх навуковых публікацыяў прафэсар Юры Бандажэўскі ёсьць ганаровым сябрам ангельскага ПЭН-цэнтру. Гэтая арганізацыя падзяляе меркаваньні, што былы рэктар гомельскага ўніверсітэту, які быў арыштаваны ў 1999 годзе быццам бы за атрыманьне хабару, насамрэч асуджаны за сваё крытычнае стаўленьне да афіцыйнай інтэпрытацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы з боку беларускіх уладаў. Прафэсар неаднойчы крытыкаваў палітыку беларускай аховы здароўя ў гэтым пытаньні, настойваў на тым, што чарнобыльская радыяцыя, якая назіраецца ў краіне і цяпер, прывяла да высокага ўзроўню захворваньняў сярод дарослага і асабліва дзіцячага насельніцтва.

Ангельскі ПЭН-цэнтар салідарны са шматлікімі міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі, якія ўказваюць на парушэньні міжнародных стандартаў у судовым працэсе над гомельскім вучоным. “Мы рашуча настойваем на тэрміновым вызваленьні Бандажэўскага”, пішуць у сваёй заяве на адрас беларускага кіраўніцтва больш за 300 сябраў ангельскага ПЭНу. Копіі заявы таксама адасланыя ў ангельскія мэдыі.

Нагадаем, што беларускі навуковец адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі-пасяленьні №26 ў Дзятлаўскім раёне. З васьмі гадоў пазбаўленьня волі ён агулам адбыў дзьве траціны тэрміну. Паводле некаторых крыніцаў, бліжэйшым часам павінна разглядацца пытаньне пра ўмоўна-датэрміновае вызваленьне прафэсара ў зьвязку з амністыяй. Падобную надзею выказваюць і прадстаўнікі офісу АБСЭ ў Менску, якія адсочваюць справу прафэсара. Тым часам прадстаўнікі пэнітэнцыярнай сыстэмы Беларусі пакуль ўстрымліваюцца ад нейкай інфармацыі на гэты конт.

Паводле сьведчаньняў жонкі Бандажэўскага Галіны, таксама мэдыка, здароўе яе мужа падарванае, і ў гэтай сувязі ён працяглы час знаходзіўся ў шпіталі ў Менску.
XS
SM
MD
LG