Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы прадстаўнікоў Беларусі ня будзе


Уладзімер Глод, Менск 24 студзеня ў Страсбуры пачынаецца зімовая сэсія Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Згодна з традыцыяй, дэпутаты зьбіраюцца на сваё першае пленарнае паседжаньне ў апошні тыдзень студзеня. І ўпершыню за апошнія восем год на зімовых сэсіях не будзе прадстаўнікоў Беларусі – ні афіцыйнай, ні апазыцыйнай дэлегацыяў. Чым выклікана такое рашэньне?

Мабыць, пачнем з гісторыі. Яшчэ 13 студзеня 1997 году Бюро Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы прыпыніла статус “спэцыяльна запрошанага” для Беларусі. Гэта была рэакцыя на шматлікія парушэньні пры правядзеньні лістападаўскага 1996 году рэфэрэндуму. І цяпер Беларусь застаецца адзінай эўрапейскай дзяржавай, якая фармальна з Радай Эўропы нічым не зьвязаная. Зразумела, што гэта неардынарная сытуацыя, і таму кіраўніцтва асамблеі запрашае і афіцыйных, і апазыцыйных палітыкаў на свае сэсіі, што праводзяцца чатыры разы на год.

З 1997 году беларускія ўлады неаднаразова спрабуюць дамагчыся вяртаньня ўзгаданага статусу. І кожны раз – безвынікова. Цяпер нават цяжка дакладна сказаць, колькі разоў абмяркоўвалі ў Страсбуры на самых розных узроўнях – у парлямэнцкіх групах, нацыянальных дэлегацыях, партыйных фракцыях, бюро – беларускае пытаньне.

І вось упершыню беларускай праблематыкі ў Страсбуры, падобна, ня будзе. Палата прадстаўнікоў запрашэньня на зімовую сэсію не атрымала. Магчыма, гэта рэакцыя на заяву яе сьпікера Ўладзімера Канаплёва, які казаў, што “Проста так прыяжджаць на сэсіі ПАРЭ, весьці бессэнсоўныя спрэчкі мы, мабыць, ня будзем”.

Не зьбіраюцца ў Страсбур і прадстаўнікі апазыцыі. Чаму так атрымалася, тлумачыць Яраслаў Раманчук – намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі, які апошнія тры гады нязьменна прадстаўляў беларускую апазыцыю ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы.

(Раманчук: ) “Беларускага пытаньня няма таму, што за парлямэнцкімі выбарамі і рэфэрэндумам у Беларусі Рада Эўропы не назірала. Яна падзяляе пункт гледжаньня АБСЭ й іншых міжнародных арганізацыяў, але паколькі іх тут не было, то і падставы запрашаць кагосьці з афіцыёзу таксама няма”.

На зімовай сэсіі 2004 году прысутнічалі і апазыцыйныя палітыкі, і людзі з афіцыйных беларускіх структураў. Але 2004-ы год быў годам парлямэнцкіх выбараў у Беларусі. Беларускім уладам тады даваўся чарговы шанец – зрабіць выбары свабоднымі і дэмакратычнымі, адпаведна эўрапейскім узорам і стандартам. Менавіта таму прадстаўнікоў Беларусі тады так ахвотна запрашалі ў Страсбур – міжнародныя структуры спадзяваліся на пэўныя зьмены. Але, як вядома, нічога з гэтага не атрымалася. І вось што гаворыць на гэты конт Яраслаў Раманчук, які, нагадаю, апошнія тры гады прысутнічаў на розных паседжаньнях у Страсбуры:

(Раманчук: ) “Тады гэта была спроба арганізаваць нейкі ціск на ўлады перад парлямэнцкімі выбарамі. А пасьля гэтага здарылася наступнае – Раду Эўропы не запрасілі на назіраньне за выбарамі, таму што яна заняла вельмі жорсткую пазыцыю адносна неабходнасьці зьменаў у выбарчым заканадаўстве”.

Калі ўзьнікалі пытаньні аб далучэньні Беларусі да той ці іншай міжнароднай арганізацыі, афіцыйны Менск заўжды прыводзіў такі аргумэнт: сяброўства Беларусі ў міжнародных структурах дазволіла б ёй дэмакратызаваць краіну. Я думаю, што гэта проста звычайная дэмагогія. Вось самы яскравы прыклад. На пачатку 2003 году Палаце прадстаўнікоў узнавілі яе статус афіцыйнага прадстаўніка беларускага парлямэнту ў іншай Парлямэнцкай асамблеі – АБСЭ. Калі вырашалася гэтае пытаньне, некаторыя дэпутаты-замежнікі шмат казалі пра тое, што такім чынам Беларусь зможа дэмакратызавацца, паступова пераносіць цывілізаваныя нормы жыцьця ў сваю краіну. На гэта незалежны палітоляг Андрэй Фёдараў адрэагаваў так: ён сказаў: “Ну, прынялі Нацыянальны сход у Парлямэнцкую асамблею АБСЭ. І што – многа атрымалі ад гэтага дэмакратыі ў Беларусі?”. Адказ вядомы – ніякай дэмакратыі так і не атрымалі.
XS
SM
MD
LG