Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выстава беларускіх мастакоў у Кіеве – "Балота Empire"


Павал Зубюк, Кіеў У кіеўскім Цэнтры сучаснага мастацтва на старажытным Падоле пачала працаваць выстава “БАЛОТА EMPIRE”, першая за апошнія гады выстава беларускіх мастакоў. Праект прадстаўляе працы вядомых беларускіх мастакоў: Руслана Вашкевіча, Артура Клінава, Сяргея Войчанкі і Ўладзімера Цесьляра. Выстава прысьвечана памяці Сяргея Войчанкі, які нядаўна пакінуў гэты сьвет, “але ён усё роўна сярод нас”, як зазначылі ўдзельнікі выставы.

Акрамя Цэнтру сучаснага мастацтва, арганізатарам выступіў міжнародны аўтамабільны холдынг “Атлант-М”, прадстаўнікі якога заўважылі, што гэтай выставай пачынаюць глябальную культурніцкую праграму. А пачалі зь беларускіх аўтараў таму што, карані іх кампаніі менавіта ў Беларусі.

Гаворыць Вольга Каваленка, мастацтвазнаўца, куратар выставы:

(Каваленка: ) “Тут усе зацікаўленыя нашай выставай, таму што шмат гадоў ніякіх выставаў сучаснага беларускага мастацтва ва Ўкраіне не было. Кажуць, што трэба аднаўляць нашыя культурныя сувязі. Спадзяюся, што мы будзем працягваць супрацоўніцтва, і ўкраінскія мастакі таксама будуць выстаўляцца у нас. Сучасныя мастакі. Таму што нейкія афіцыйныя выставы – яны былі, ёсьць, але яны вельмі ўжо афіцыйныя і “правільныя”. А вось сучаснае мастацтва – што беларускае, што ўкраінскае – я спадзяюся, мы будзем паказваць адзін аднаму”.

Большасьць працаў створаныя адмыслова дзеля выставы, як, напрыклад, інсталяцыі Артура Клінава “Салодкае саламянае жыцьцё”, якая дэманструе нетрываласьць мяшчанскага побыту (усе прадметы, нават тэлевізар, зробленыя з саломы) і “Перасоўны буцік для партызанаў”, дзе кожны можа набыць розныя рэчы: камсамольскія і трамвайныя квіткі, ложкі, адгазьнікі, мэдалі, дыскі “Крамбамбулі”, гарэлку, гуркі. А “з-пад палы” вам могуць прадаць нават паштоўку з выявай знаёмага вусатага дзядзькі за сьвяточным сталом.

Пра свой настрой гаворыць удзельнік выставы мастак Артур Клінаў:

(Клінаў: ) “Мне у Кіеве вельмі спадабалася. Асабліва ўкраінскія дзяўчаты – у іх пагляды весялейшыя і дабрэйшыя. І яшчэ гэтая эўфарыя рэвалюцыйная зрабіла фантастычнае ўражаньне. Я ў захапленьні ад Кіева. Што чакаем? Нашыя краіны маюць столькі агульнага ў гісторыі і мэнтальнасьці і так мала кантактаў паміж імі, што трэба сытуацыю мяняць. Я насамрэч адчуваю сабе у Кіеве так сама як і ў Менску. А вось у Маскве – не адчуваю. Я лічу, што народа зь бліжэйшым лёсам нам не знайсьці. Таму я б вельмі хацеў, каб нейкія камунікацыі паміж намі пачаліся”.

На думку арганізатараў, выстава імкнецца прабіць сьцяну паміж сучаснымі беларускай і ўкраінскай культурамі, паказаць украінскаму гледачу мастацкую сама-візію беларусаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG