Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія мэты візыту Віктара Юшчанкі ў Маскву?


Сяргей Астраўцоў, Прага Новы прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка прыме прысягу ў нядзелю. Перш як паехаць у Эўропу, Юшчанка наведае Маскву: гэта будзе ягоны першы афіцыйны замежны візыт. Выглядае, што ён імкнецца ліквідаваць расколіну ў дачыненьнях паміж дзьвюма краінамі.

Перамога Віктара Юшчанкі на прэзыдэнцкіх выбарах найперш разглядалася як перамога празаходніх сілаў ва Ўкраіне і паваротны момант для замежнай палітыкі Кіева. Але Юшчанка гаворыць, што хоча выканаць сваё перадвыбарчае абяцаньне — паехаць у Маскву, куды ён накіруецца на наступны дзень пасьля сваёй інаўгурацыі. Пасьля Расеі ён адразу наведае Францыю, Швайцарыю ды Польшчу.

Уладзімір Палохала, галоўны рэдактар кіеўскага часопіса “Палітычная думка”, называе такое рашэньне Юшчанкі няўдалым. Ён гаворыць, што шматвэктарная палітыка прэзыдэнта Леаніда Кучмы, які імкнуўся трымаць Украіну ў раўнавазе паміж Расеяй ды Эўропай, фактычна падштурхоўвала Кіеў бліжэй да Масквы. Палохала гаворыць, што выбаршчыкі аддалі свае галасы за Юшчанку таму, што хацелі зьменаў. Юшчанка абяцаў накіраваць Украіну ў бок Эўропы, вывесьці яе з-пад уплыву Расеі.

Тым жа часам Уладзімір Палохала пагаджаецца, што маскоўскі візыт Юшчанкі накіраваны на палагоджаньне ўсходніх і паўднёвых частак Украіны, якія ў значнай ступені галасавалі супраць яго і якія падтрымліваюць блізкія сувязі з Расеяй. Галоўны рэдактар “Палітычнай думкі” прызнае, што Маскву зь яе ўплывам нельга ігнараваць, але ўсё адно не ўхваляе візыт Віктара Юшчанкі.

(Палохала: ) “Адносіны Ўкраіны з Расеяй, да чаго схіляюцца і шмат якія незалежныя ўкраінскія экспэрты, павінны будавацца па новай схеме. Канешне, як з суседам, але без якісьці сэрвільных сымбалічных жэстаў, да якіх я, на жаль, магу аднесьці і візыт Віктара Юшчанкі ў Расею”.

Нягледзячы на адкрытую падтрымку канкурэнта Юшчанкі, былога прэм’ер-міністра Віктара Януковіча, Уладзімір Пуцін на гэтым тыдні даслаў Юшчанку віншавальную тэлеграму з пажаданьнем умацаваньня сувязяў паміж краінамі.

Сяргей Маркаў, які ўзначальвае ў Маскве Інстытут палітычных дасьледаваньняў, сказаў нашаму Радыё, што выпраўленьне адносінаў паміж краінамі можа быць настолькі хуткім, наколькі яно будзе адпавядаць інтарэсам абодвух бакоў. Ён зазначыў, што добрыя дачыненьні з Украінай важныя для эканамічнага разьвіцьця Расеі і для мільёнаў расейцаў, якія маюць сваякоў і сяброў ва Ўкраіне.

Для Юшчанкі важна наладзіць адносіны з арыентаванымі на Расею абласьцямі краіны. Таму для яго неабходна, каб Масква дала элітам у гэтых абласьцях зразумець, што ў ніякім выпадку ня будзе падтрымліваць сэпаратысцкія тэндэнцыі й прызнае адзінства Ўкраіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG