Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусь прыбыў новы нунцый Ватыкану – Марцін Відавіч


Альгерд Невяроўскі, Менск У Менск прыбыў новы пасланьнік Ватыкана ў Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч. Новаму нунцыю 51 год і ён паходзіць з Харватыі. Якія зьмены могуць адбыцца ў зьвязку з ягоным прыездам у адносінах беларускіх уладаў з Ватыканам і каталіцкай Царквой у Беларусі?

Папа Ян Павал ІІ прызначыў монсіньёра Відавіча новым нунцыем у Беларусі яшчэ 15 верасьня мінулага году. Але прыляцеў ён у Беларусь толькі цяпер. На менскім лётнішчы арцыбіскупа Марціна Відавіча сустракалі сябры Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў на чале з кардыналам Казімірам Сьвёнткам, супрацоўнікі нунцыятуры й Міністэрства замежных справаў Беларусі.

Марцін Відавіч нарадзіўся 15 ліпеня 1953 году ў Харватыі. У сьвятары быў пасьвечаны 28 траўня 1989 году. З 1983 па 1994 гады быў галоўным рэдактарам харвацкай службы радыё Ватыкана. У 1994–1999 гадах працаваў сакратаром нунцыятуры Ватыкану ў Босьніі й Герцэгавіне, а з 1999 году стала працаваў у Дзяржаўным сакратарыяце – зьнешнепалітычным ведамстве Апостальскай сталіцы.

Марцін Відавіч – спэцыяліст па Кананічным праве каталіцкай Царквы. 21 лістапада мінулага году папа Ян Павал ІІ пасьвяціў яго ў біскупы. Новы нунцый Ватыкану ў Беларусі валодае, акрамя роднай харвацкай, таксама італьянскай, францускай, гішпанскай, нямецкай і расейскай мовамі.

Якія зьмены могуць адбыцца ў адносінах беларускіх уладаў з Ватыканам і з каталіцкай Царквой у Беларусі ў зьвязку з прыездам новага нунцыя? Гэтае пытаньне я задаў прэсаваму сакратару нунцыятуры Ватыкана ў Беларусі Сяргею Кірыку. Вось што ён адказаў:

(Кірык: ) “Зь беларускім урадам ніякіх праблемаў не было. У нас добрае супрацоўніцтва, будзем працягваць. У нас паваротаў не чакаецца ніякіх”.

Спадар Кірык таксама параіў пачакаць, пакуль арцыбіскуп Відавіч перадасьць Аляксандру Лукашэнку даверчы ліст. Магчыма, тады ён больш падрабязна распавядзе пра сваю працу ў Беларусі.

Да апошняга часу адносіны паміж кіраўніцтвам каталіцкай Царквы ў Беларусі і ўладамі былі даволі фармальнымі. Пэўнае пацяпленьне пачалося пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка 21 кастрычніка 2004 году наведаў менскі Катэдральны касьцёл, павіншаваў кардынала Сьвёнтка з 90-годзьдзем і прысутнічаў на паседжаньні Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў. Тады ж Лукашэнка паабяцаў прыходзіць у касьцёл на вялікія сьвяты і дапамагчы ў рэстаўрацыі фрэсак у менскай катэдры.

Тым ня менш, галоўная праблема паміж дзяржавай і каталіцкай Царквой па-ранейшаму застаецца ня вырашанай. Пра яе гаворыць былы сябра літургічнай камісіі Менска-Магілёўскай дыяцэзіі Мікола Гракаў:

(Гракаў: ) “Што тычыць адносінаў Царквы й дзяржавы, найбольш вострымі застаюцца моманты яшчэ ня вернутых касьцёлаў”.

Мікола Гракаў лічыць, што новы нунцый у гэтай справе мала што зьменіць, пакуль улады самі не прадэманструюць добрую волю.

Дыпляматычныя адносіны паміж Ватыканам і Беларусьсю былі ўсталяваныя 11 лістапада 1992 году. Арцыбіскуп Марцін Відавіч стаў пятым па ліку нунцыем Апостальскай сталіцы ў Беларусі.

На здымку: новы нунцый Ватыкану ў Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч
XS
SM
MD
LG