Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватны дзёньнік: Барыс Пятровіч


Барыс Пятровіч, Менск Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”. Свае асабістыя нататкі мінулага тыдня прадстаўляе знаны беларускі празаік, адзін з заснавальнікаў і галоўны рэдактар незалежнага літаратурнага часопісу “Дзеяслоў” Барыс Пятровіч.

15 студзеня, субота

Вясна пасярод зімы, падобна, заканчваецца. Пахаладала. А я так і ня выбраўся ў грыбы. Кажуць, што ў лесе пад Менскам панавылазіла падманутых нечаканым цяплом зялёнак. Вакол трывожныя размовы пра глябальнае пацяпленьне... А мне падабаецца. Я — за “эўрапейскую зіму” ў Беларусі, за мажлівасьць хадзіць у капелюшы ці кепцы, а ня ў “шапцы-вушанцы”, якую, нібыта ведаючы пра сёлетнюю цяплынь, так і не набыў...

Увечары патэлефанаваў дамоў, у вёску. Дзякуй Богу, усё добра. Маме палепшала. Хвароба, якая мучыла яе ўвесь мінулы год, адступае. Толькі вось няшчасьце: ноччу нехта ўлез і скраў яшчэ пяць курэй з хлеўчука. Не трагедыя, аднак непрыемна. Бо не ліса, ня тхор унадзіліся, а чалавек. Панаехалі ў вёску, пазаймалі пустыя хаты прыхадні-крымінальнікі. Мама кажа: самае страшнае, што пачалі лезьці ўжо ў селішчы, дзе ёсьць гаспадар — мужчына, значыць. Адзінокіх бабулек, якіх абараніць няма каму, ужо адлаташылі... Бачыў я летам тых “тэрарыстаў”, што вёску ў страху трымаюць: здаровыя ілбы, на працу ня ходзяць, вечарам раскладваюць вогнішча каля хаты, граюць на гітары, песьні блатныя сьпяваюць і п’юць здабытую ўдзень гарэлку... І няма на іх управы. Летам ім прасьцей: то бульбіну з поля ўкрадуць, то ягадаў у лесе набяруць ды прададуць. А зімою — бяскорміца, вось і лазяць па жывых яшчэ селішчах...

Якраз цяпер рыхтуем да друку ў “Дзеяслове” новую аповесьць Віктара Казько “Час зьбіраць косьці, альбо Эвангельле пад Луку”. Там да героя, якога абабраў такі ж злодзей, прыходзяць бабулькі й просяць, каб не шкадаваў яго, не дараваў, а пасадзіў: “Дай хоць які год ці два перад сьмерцю, не баючыся, не жахаючыся кожную хвіліну, пажыць. Хай ён год-два пасядзіць у цюрме. А мы, мо пасьпеем за гэты час — на могілкі перабярэмся...”

Гэта не літаратура, гэта — уласна жыцьцё...

16 студзеня, нядзеля

Між працаю — прыемнае чытаньне.

У “АRCHE”, хай і запозьнена, прачытаў “Зямлю пад крыламі Фэнікса” Сяргея Балахонава. Адразу і не зразумеў, што гэта містыфікацыя, літаратурная правакацыя... Хоць і ведаў з “Нашае Нівы”, што аўтар гэтым любіць займацца. Захапіўся і ўсур’ёз зачытаўся... Хай даруюць суседзі з поўначы, але тэкст гэты падаўся мне яшчэ і пародыяй на іхныя падручнікі па гісторыі. Дзіўна, але на падобных “мітах” пабудаваная і трымаецца цэлая дзяржава... А ўвогуле — гэта клясны тэкст, якіх у нашай літаратуры няшмат. Сам некалі хацеў падобным займацца, але, пэўна, не хапіла гістарычнай адукацыі...

Хлопец жыве ў Гомелі. Колькі ў мяне з гэтым горадам зьвязана! Лепшыя гады... “Талака”: дзясяткі маладых, натхнёных хлопцаў і дзяўчат... А з Балахонавым мы неяк разьмінуліся. Шкада.

Гартаў і “прозу паэта” Мандэльштама. У прадмове наткнуўся на словы пра тое, што пакаленьне Мандэльштама дужа рана пачало пісаць мэмуары. Мандэльштаму ў 1923 годзе было ўсяго 32 гады, а ён ужо ўзяўся пісаць успаміны. Падумалася: мы перажываем ня менш цікавы час, а ніхто за мэмуары пакуль не бярэцца. (Хіба што Глёбус...) Чаму? Ці не таму, што Мандэльштам ды іншыя разумелі, што для іх ужо ўсё скончана: далей — 70 гадоў саветаў... А ў нас застаецца прадчуваньне, што самае цікавае — яшчэ наперадзе. Як у Грузіі з Украінаю было...

17 студзеня, панядзелак

Апошнія навіны з голдынгу “Литература и искусство”: звольніўся Віктар Гардзей, выгналі “па ўласным жаданьні” Алеся Гаўрона... Месяц таму не стрываў і сышоў Андрэй Федарэнка. А ўвогуле за апошнія два гады голдынг пакінула больш за дзясятак ляяльных нібыта пісьменьнікаў і журналістаў, што гатовыя былі працаваць незалежна ад палітычнага надвор’я. І ўжо праблема паўстае: каго ж узяць на працу, хто ж будзе рабіць “ЛіМ”, “Полымя”, “Маладосць”? І гэта прытым, што ў нас сёньня дзясяткі пісьменьнікаў, прафэсіяналаў, якія не адзін год адпрацавалі ў гэтых выданьнях -- беспрацоўныя... Да таго ж, тыя, хто яшчэ застаўся ў голдынгу, кажуць, што ўжо і друкаваць няма чаго: падшкрэблі ўсе сусекі... Не прайшло і трох гадоў, як збыліся амаль усе найгоршыя прагнозы адносна будучыні голдынгу.

Хочаш ня хочаш, а задумаесься: навошта гэта робіцца? Каб даказаць нам, што нас няма? Няма беларускай літаратуры, няма беларускіх пісьменьнікаў, а значыць, непатрэбныя і беларускія літаратурныя выданьні... Хай ня цешаць сябе такою думкаю: не дачакаюцца!

18 студзеня, аўторак

Мо гэта спачатку падаецца, што занадта несправядліва чуць назву “Беларусь” поруч з Кубай, Паўночнай Карэяй, Іранам... Здаецца, ходзіш па Менску — вакол звычайныя людзі, а часам — дык вясёлыя і шчасьлівыя ў сваёй мітусьні ды клопатах. Потым міжволі думаеш: пэўна, так і на Кубе, у Паўночнай Карэі — скрозь жывуць людзі. І выжываюць. Нават у турмах і канцлягерах жыцьцё ідзе. І чым горш жывецца людзям, тым больш шчасьлівых і ўдзячных правадыру, і ўсё менш незадаволеных... На тым і трымаецца такая ўлада, на тое і разьлічвае.

У адным з офісаў бачыў мапу сьвету, дзе рознымі колерамі пазначаныя краіны дэмакратычныя, умоўна-дэмакратычныя і таталітарныя. Беларусь выглядае жудаснай карычневай плямай у цэнтры Эўропы (Расея названая ўмоўна-дэмакратычнай.) У цэнтры Эўропы, у дваццаць першым стагодзьдзі! Толькі ня трэба ў гэтым вінаваціць беларусаў. Як і паўночных карэйцаў, як і кубінцаў... Няма кепскіх народаў. Ёсьць толькі кепскае начальства, як пісаў Караткевіч.

19 студзеня, серада

Дзень у Віцебску. Разам з Эдуардам Акуліным і Алесем Камоцкім. Тры сустрэчы з чытачамі “Дзеяслова”. Сапраўднымі і мажлівымі. Упершыню пасьля 300 кілямэтраў дарогі і трох выступаў не адчуваў вялікай стомы і спустошанасьці. Было камфортна і шыкоўна між двух знаных паэтаў і бардаў. У прамежках між выступамі — адпачываў, слухаючы іх песьні. Спадзяюся, і заля раскашавала, і прыхільнікаў ды падпісчыкаў у часопісу, як мы кажам, тых, хто падсеў на “Дзеяслоў”, паболела.

Гэтая паездка ў Віцебск, мажліва, і не паказальная, але ўвогуле, дзе яшчэ ў сьвеце на звычайныя выступы пісьменьнікаў зьбіраюцца поўныя залі? А ў нас так было ў Гомелі і ў Горадні, у Баранавічах і ў Мазыры... Леанід Дранько-Майсюк, які пабываў разам з рэдакцыяй “Дзеяслова” ў гэтых гарадах, згадваў сваю паездку ў “Цягніку дружбы” ў 2000 годзе па ўсёй Эўропе і казаў, што там на сцэне, бывала, сядзела больш паэтаў, чымсьці слухачоў у залі... А ў нас людзі стаяць у праходах, слухаюць вершы і прозу, і ім ня сумна, яны не сыходзяць, хоць ніхто і нішто іх не трымае. Бо згаладалі яны па сапраўдным, жывым, вольным слове.

20 студзеня, чацьвер

Ва Ўкраіне аб’явілі пра перамогу Юшчанкі і назвалі дзень інаўгурацыі... Памаранчавая рэвалюцыя скончылася. А мне згадаўся дзень, калі ўсё толькі пачыналася: 23 лістапада, Майдан Незалежнасьці, выступ Юшчанкі з заклікам трымацца і не здавацца, а потым выступ Цімашэнкі пра тое, што ад сёньня няма больш “хахлоў”, а ёсьць Украінцы... На паўтарамільённым майдане я ня мог стрымаць сьлёз у вачах... Сьлёзы радасьці. За Ўкраіну і ўкраінцаў, якія выйшлі, каб разам адстаяць сваю перамогу, якія не скарыліся хлусьні і фальсыфікацыям... Ня ў прыклад нам...

Потым быў паўтор другога туру. Гэтым разам, пасьля Луганску, я быў у Харкаве, дакладней, у некалькіх мястэчках каля Харкава. Найбольшае зьдзіўленьне — усюды чуваць толькі ўкраінская мова: і ўся працэдура галасаваньня ідзе па-ўкраінску, і людзі між сабою размаўляюць толькі на роднай мове... Свабодна і з радасьцю... Усе. Нібыта зь іх вуснаў зьнялі нейкую забарону, альбо раптам украінская мова стала моднай...

Расейскамоўная казашка, якая разам са мною назірала за выбарамі, не разумела сэнсу словаў. І пачуўшы аб’яву падчас падліку: “Не підтрымую жодного кандыдата”, пыталася: “Жадного? А почему жадного?” Простыя ўкраінцы, чуючы гэта, загадкава пасьміхаліся... Няўжо калісьці і ў нас гэтак будзе? Перакананы: будзе!

А ў Менск сёньня вярнулася зіма. Завея. Студзень... Вецер праймае наскрозь... З ранку сьнег сячэ па твары... Няўжо ёсьць людзі, якія любяць зіму?
XS
SM
MD
LG