Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларуская амбасада ў Бэрліне – “забароны на выезд чарнобыльскіх дзяцей няма”, але немцы непакояцца


Ул. інф. Старшыня камісіі Эўрапарляманту па зьнешнепалітычных справах Эльмар Брок перакананы, што дзеля далейшага ўзаемапаразуменьня паміж Беларусьсю і краінамі Эўразьвязу паездкі чарнобыльскіх дзяцей за мяжу ня мусяць ні абмяжоўвацца, ні спыняцца.

У сваім адказе на запыт нямецкіх чарнобыльскіх ініцыятываў спадар Эльмар Брок піша, што ў Эўразьвязе занепакоеныя лістападаўскай заявай беларускага кіраўніка і абмяркоўваюць яе. Тым часам беларуская амбасада ў Бэрліне зьмясьціла на сваім Інтэрнэт-сайце афіцыйнае тлумачэньне: “Ніякай забароны на выезд чарнобыльскіх дзяцей за мяжу няма”.

Паводле прадстаўнікоў нямецкіх чарнобыльскіх ініцыятываў, якія цяпер актыўна пішуць і тэлефануюць у Бэрлін, Брусэль і Менск, супрацоўнікі беларускай амбасады ў Нямеччыне запэўнілі іх, што ўсе паведамленьні нямецкай прэсы пра абмежаваньні дзіцячых паездак ідуць ад нявернай інтэрпрэтацыі лістападаўскай прамовы беларускага кіраўніка. Маўляў, размова ішла пра больш шчыльны кантроль за арганізацыяй такіх паездак ды абмежаваньне дзіцячага адпачынку ў час навучаньня. З апошнім, дарэчы, пераважная большасьць немцаў цалкам згодная, а таму яны запрашаюць ў госьці дзяцей падчас вакацыяў.

А Інтэрнэт-выданьне нямецкіх чарнобыльскіх арганізацыяў www.belarusnews.de падае першую рэакцыю эўрапейскіх палітыкаў на магчымую забарону замежных выездаў беларускіх дзяцей. Электроннае выданьне зьмясьціла на сваёй старонцы ліст старшыні камісіі замежнапалітычных справаў Эўрапейскага парлямэнту Эльмара Брока, які піша, што ў Брусэлі надзвычай занепакоеныя заявай Аляксандра Лукашэнкі наконт абмежаваньня выездаў за мяжу пацярпелых ад Чарнобыля дзяцей і абмяркоўваюць яе.

Як піша спадар Эльмар Брок, пакуль эўрапейскія арганізацыі не атрымалі зь Менску некага афіцыйнага рашэньня па гэтым пытаньні. Аднак у Эўразьвязе ўсё ж перакананыя, што абмен і кантакты паміж Беларусьсю і эўрапейскімі краінамі маюць вялікае значэньне. Прычым, ня толькі з гледзішча ўмацаваньня здароўя пацярпелых дзяцей, колькі і з гледзішча ўмацаваньня ўзаемнага паразуменьня паміж народамі. Дзеля таго, каб дасягнуць гэтае мэты, кантакты і паездкі ня мусяць абмяжоўвацца ці забараняцца, перакананы Эльмар Брок.
XS
SM
MD
LG