Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія ўлады дэпартуюць чэскага дыплямата


Валер Каліноўскі, Менск Прэсавая служба МЗС Беларусі паведаміла пра дэпартацыю з тэрыторыі краіны чэскага дыплямата Паўла Кржываглавага.

З нагоды інцыдэнту з затрыманьнем чэскага дыплямата сёньня ў МЗС Беларусі быў выкліканы часовы павераны ў справах Чэхіі ў Рэспубліцы Беларусь Уладзімер Лукашцік. Яму была перададзеная нота з абвяшчэньнем аташэ чэскай амбасады Паўла Кржываглавага пэрсонай нон грата. Паводле МЗС Беларусі, гэтае рашэньне прынятае ў сувязі з даказанымі фактамі парушэньня чэскім дыпляматам беларускага заканадаўства.

Цягам 24 гадзінаў спадар Кржываглавы мае пакінуць Беларусь.

Учора паводле прэсавай службы МУС Беларусі, чэскі дыплямат быў затрыманы міліцыяй у рэстарацыі ў цэнтры Менску зь непаўналетнім менчуком 1988 году нараджэньня. Спадар Кржываглавы нібыта расьпіваў зь ім сьпіртовыя напоі. Аднак бармэн рэстарацыі “Печкі-Лавачкі” з гэтай нагоды заявіў, што яны ніколі не падаюць сьпіртовых напояў непаўналетнім. У амбасадзе Чэхіі ад камэнтароў з нагоды інцыдэнту адмовіліся.

Адносіны паміж беларускімі й чэскімі ўладамі застаюцца напружанымі з 2002 году, калі Чэхія адмовілася даць візу Аляксандру Лукашэнку на саміт НАТО ў Прагу. Тады з Прагі быў адкліканы беларускі амбасадар, і дагэтуль беларускае прадстаўніцтва ў Празе ўзначальвае часова павераны ў справах.

Гл.таксама • Чэскія ўлады ў адказ высылаюць беларускага дыплямата, МЗС Беларусі заяўляе, што чэхі не разумеюць прынцыпу ўзаемнасьці
XS
SM
MD
LG