Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта Лукашэнка праводзіць амалоджваньне кадраў у КГБ?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 21 студзеня) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: былы падпалкоўнік КГБ Валер Костка і Старшыня Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, генэрал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб.

(Валер Карбалевіч: ) “З самага пачатку свайго прэзыдэнцтва Лукашэнка значную ўвагу надаваў дзейнасьці сілавых структураў, у прыватнасьці, КГБ. Ён заяўляў, што гэта апора прэзыдэнта. Сапраўды, ва ўсіх недэмакратычных рэжымах спэцслужбы і, увогуле, сілавыя структуры маюць значна большую палітычную вагу, чым у дэмакратычных дзяржавах. Таму старшыня КГБ ва ўмовах Беларусі — гэта ключавая пасада. Амаль тры месяцы гэтая пасада была вакантная. Лукашэнка доўга выбіраў патрэбную кандыдатуру і нарэшце прызначыў Сьцяпана Сухарэнку. Чаму менавіта ён? Які прынцып кіраўніка дзяржавы дзеля выбару чалавека на гэтую пасаду?”

(Валер Костка: ) “Існуюць аб’ектыўныя і суб’ектыўныя чыньнікі падбору кадраў. Я б адзначыў дзьве прычыны прызначэньня менавіта Сухарэнкі. Па-першае, тут дзейнічала ня толькі асабістае меркаваньне Лукашэнкі, але групавы інтарэс тых сілаў і людзей, якія ўваходзяць у ягонае найбліжэйшае атачэньне. Ня толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах паміж групоўкамі вакол кіраўніка вядзецца барацьба за сфэры ўплыву. І тыя групы, якія перамагаюць, раяць прызначыць свайго прадстаўніка.

Другая прычына. Мы знаходзімся напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, якія адбудуцца ў 2006 годзе (некаторыя кажуць пра 2005 год). І гэта вымушае расстаўляць такія кадры, якія больш падыходзяць да выкананьня пэўных функцыяў перад выбарамі. Але для спэцслужбаў гэтыя пераходныя пэрыяды — самыя горшыя. І мне ў нейкім сэнсе нават шкада маіх былых калег, якім давядзецца працаваць у гэты складаны пэрыяд”.

(Мечыслаў Грыб: ) “Раней, у савецкі час, КГБ называў сябе ўзброеным атрадам камуністычнай партыі. Такую значную ролю спэцслужбы выконваюць ва ўсіх таталітарных рэжымах. Яна захавалася і ў нас. Я асабіста з Сухарэнкам не знаёмы. Але з надрукаваных у СМІ зьвестак зьвяртае на сябе ўвагу той факт, што пэўны час ён працаваў у Савеце бясьпекі, які доўгі час узначальваў Віктар Шэйман. А сёньня апошні ўзначальвае адміністрацыю прэзыдэнта і ўплывае на кадравую палітыку.

Па-другое, сёньняшняе кіраўніцтва Беларусі імкнецца пазбавіцца ад супрацоўнікаў, якія працавалі ў КГБ СССР ці мелі нейкія стасункі з спэцслужбамі Расеі. А такіх людзей у беларускім Камітэце дзяржбясьпекі вельмі шмат. І ад іх пакрыху пачынаюць пазбаўляцца, замяняць сваімі выхаванцамі, якія, на думку кіраўніцтва, зьяўляюцца больш надзейнымі”.

(Карбалевіч: ) “Спадар Костка, а як бы вы маглі пракамэнтаваць думку, выказаную спадаром Грыбам, што прызначэньне Сухарэнкі й іншых кіраўнікоў азначае адразаньне “хвастоў”, якія зьвязваюць беларускае КГБ з расейскім ФСБ?”

(Костка: ) “З аднаго боку, гэта натуральна. Ад Расеі трэба адмяжоўвацца, бо ў палітычнай барацьбе, перадвыбарчай кампаніі Масква можа падтрымаць не Лукашэнку. Але КГБ і ФСБ зьвязаныя пупавінаю. І гэта не выклікае сумненьняў. Так ці інакш, яны будуць узаемадзейнічаць. Аднаго замяніў, іншага завэрбавалі. Гэта пастаянны працэс. Але пэўныя вынікі гэтыя крокі Лукашэнкі дадуць. І спадар Грыб тут мае рацыю”.

(Карбалевіч: ) “Афіцыйна абвешчана, што ўзяты курс на амалоджваньне кадраў у сілавых структурах. На ключавыя пасады прызначаюцца адносна маладыя людзі. Таму ж Сухарэнку 47 гадоў. З 250 афіцэраў КГБ, якія дасягнулі гранічнага ўзросту, служба прадоўжана толькі 50 чалавекам. Чым тлумачыцца такое рэзкае амалоджваньне кадраў, прыход на ключавыя пасады кіраўнікоў лукашэнкаўскага прызыву?”

(Костка: ) “Амалоджваньне — гэта нармальная зьява, калі ня ўлічваць беларускіх абставінаў. Я згодзен, што ў КГБ ідзе чыстка. Таму што там былі людзі Мацкевіча, людзі Ерына — былых кіраўнікоў КГБ, якіх адхілілі ад улады. Я згодзен з спадаром Грыбам, што Сухарэнка — чалавек Шэймана, яны працавалі разам у Савеце бясьпекі. Хачу зьвярнуць увагу на тое, што новы намесьнік міністра ўнутраных справаў Гурэеў працаваў раней у пракуратуры, якую таксама нядаўна ўзначальваў Шэйман. І гэта азначае, што ўзмацняюцца пазыцыі цяперашняга кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта ў найбліжэйшым атачэньні Лукашэнкі”.

(Грыб: ) “Я маю вялікі досьвед ў кіраўнічай справе. І магу сказаць, што амалоджваньне кадраў — справа нармальная, звычайная ў любой установе, у тым ліку і ў КГБ, МУС. Але за гэтымі падзеямі стаіць нешта значна большае. Мы бачым, што ідзе кампанія амалоджваньня. Паглядзіце, за адзін раз замененыя дванаццаць вышэйшых кіроўных асобаў КГБ. Прызначаныя новы старшыня, тры намесьнікі, тры начальнікі вядучых унутраных упраўленьняў, чатыры з шасьці начальнікі ўпраўленьняў КГБ па абласьцях. Гэта ўжо ня плянавае амалоджваньне кадраў, а кампанія зьмены курсу. Лукашэнка паабяцаў больш падрабязна паказаць усе хібы у дзейнасьці КГБ на наступнай калегіі камітэту.

Сёньня у МУС, КГБ звальняюць афіцэраў, палкоўнікаў у 45 гадоў, генэралаў — у 50–55 гадоў. Звальняюць людзей, якія маюць вялікі досьвед, тэарэтычную і практычную падрыхтоўку. Яны нікому не патрэбны, і ніхто нічога ня хоча слухаць. На іх месца прызначаюць моладзь. Трэба каб суадносіны маладых і сталых супрацоўнікаў былі гарманічныя. А ў цэлым слушная была думка, што гэта першы крок да пачатку перадвыбарчай кампаніі”.

(Карбалевіч: ) “Сапраўды, любы аўтарытарны кіраўнік імкнецца прызначыць на кіроўныя пасады новых людзей. Каб гэтыя людзі атрымалі пасаду менавіта ад яго, былі ўдзячныя за гэта менавіта яму. І таму яны будуць больш адданыя. Падчас усіх сустрэчаў з кіраўніцтвам КГБ і іншых спэцслужбаў Лукашэнка ўвесь час выказвае незадаволенасьць іх дзейнасьцю. Чым гэта выклікана? Здаецца, ніякіх падзеяў, якія пагражаюць дзяржаўнай бясьпецы, апошні час не адбываецца. Чаго хоча кіраўнік дзяржавы ад гэтых службаў, якія задачы ставіць?”

(Костка: ) “Усё зразумела, калі гаворка ідзе пра разьведку і контраразьведку. Але насьцярожыла тое, што даецца загад узмацніць працу па абароне канстытуцыйнага ладу. Такое ўражаньне, што мы зноў апынуліся ў 1980-х гадах у СССР. Тады патрабавалі ўзмацніць так званую “пятую лінію”, то бок, барацьбу з “антысавецкай агітацыяй”. Гэта мы ўжо ўсё праходзілі. Гэта самы рызыкоўны момант у дзейнасьці КГБ. Ягоныя супрацоўнікі павінны стаць перад выбарам, чаму служыць: закону, сумленьню, народу ці ўладзе. Таму я ўжо казаў, што такія пэрыяды — самыя складаныя для спэцслужбаў. Таму што пасьля палітычных зьменаў тых супрацоўнікаў КГБ, якія пераступілі мяжу сумленьня, закону, пачнуць прыцягваць да адказнасьці. І яны павінны пра гэта памятаць, памятаць пра сваю ролю ў абароне ня толькі ўлады, але і народу”.

(Грыб: ) “Абараняць канстытуцыйны лад трэба з дапамогаю закону. А калі гэта не адбываецца, то трэба даручаць гэтую справу КГБ. Крытыка Лукашэнкі на адрас КГБ і іншых сілавых структураў выклікана тым, што яму даводзяць аб моцных пратэстных настроях у грамадзтве. І гэта яго вельмі непакоіць”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, і агульная тэндэнцыя грамадзка-палітычнага жыцьця Беларусі, і службовая біяграфія генэрала Сухарэнкі, які актыўна ўдзельнічаў у рэпрэсіях супраць праціўніках цяперашняй улады, даюць падставы меркаваць, што новыя кадравыя прызначэньні азначаюць курс на ўзмацненьне жорсткасьці кіроўнага рэжыму, новы, больш маштабны наступ на апанэнтаў, грамадзянскую супольнасьць”.
XS
SM
MD
LG