Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці адчулі гамельчукі, што ў Беларусі павялічыўся ўнутраны валавы прадукт?


Казімер Яноўскі, Гомель Ці адчулі вы на сваім дабрабыце, што ўнутраны валавы прадукт у Беларусі павялічыўся летась на 11%? Гэтае пытаньне тыдня задаваў наш карэспандэнт жыхарам Гомелю.

(Спадар: ) “Такога няма. Гаварылі, канечне, што мы будзем жыць лепей, але асабіста я гэтага не адчуваю”.

(Студэнт: ) “Практычна гэта незаўважна. Студэнтам паднялі стыпэндыю, і тут жа паднялі цэны”.

(Спадарыня: ) “Калі ні зойдзеш у краму, увесь час бачыш, што павялічваецца і павялічваецца. І кожны раз на 11%. Толькі ня ведала, што гэта ўнутраны валавы прадукт, а ня цэны”.

(Спадарыня: ) “Ніколькі гэта рост не адчуваецца”.

(Карэспандэнт: ) “Ці адчулі вы на сваім дабрабыце, што ўнутраны валавы прадукт у Беларусі павялічыўся летась на 11%”?

(Спадарыня: ) “Я адчула толькі тое, што я ня стала багацейшая. Наадварот. Здарылася так, што я моцна захварэла. Лекі вельмі дарагія. Як можна тут меркаваць, багацейшая я ці не? Лячыцца няма магчымасьці”.

(Спадар: ) “У гэтым годзе ў параўнаньні з 2004-м я яшчэ нічога не адчуваў. У мінулым асабіста я адчуў, бо я працую і выслугу атрымліваю. Даход у мяне стаў большы”.

(Спадар: ) “Асабіста мне стала лепей, але гэта не залежыць ад унутранага валавога прадукту”.

(Пэнсіянэр: ) “Я цяпер атрымліваю пэнсію 648 тысяч рублёў. Супраць мінулагодняга амаль у два разы падвысілася пэнсія”.

(Спадарыня: ) “У мяне ўчастак свой, у мяне трускаўкі, суніцы, у мяне там усё на сьвеце. Удваіх з гаспадаром мы атрымліваем неблагую пэнсію. Калі б не дапамагаць дзецям і ўнукам, удваіх можна было б някепска жыць”.

(Пэнсіянэрка: ) “Я мужа пахавала, жыву адна. У мяне 150 тысяч рублёў пэнсія. Мне цяжка. Я за кватэру плачу 50 тысяч. Як я магу пражыць адна на 100 тысяч? Цэлы месяц!”

(Спадарыня: ) “Крыху лепей стала. Я пайшла на пэнсію і працую яшчэ”.

(Спадар: ) “Я нават блізка ня бачу паляпшэньня. Можа, каму і лепей — ня ведаю. Я асабіста незадаволены. Так, паднялі крыху заробак. Але перад гэтым рэзка падвысіліся цэны ў крамах. Праезд у транспарце падаражаў. Павелічэньне заробку абсалютна не адчуваецца”.

(Спадар: ) “Магчымасьці жыць лепей не прыбавілася”.

(Спадар: ) “Рэальныя даходы не пацьверджаны. Рэальныя! Павелічэньне ВУП хутчэй за кошт высокай інфляцыі, пра што ня кажа наш урад. Гэта проста падман народу”.
XS
SM
MD
LG