Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лукашэнка крытыкуе Джорджа Буша і залежнасьць ад Расеі


Юры Сьвірко, Менск Кіраўнік Беларусі адрэагаваў на заяву прэзыдэнта ЗША пра тое, што Злучаным Штатам “зьверху наканавана несьці свабоду ў кожную дзяржаву”. Таксама спадар Лукашэнка скрытыкаваў расейскі “Газпром”, абвінаваціўшы яго ў стварэньні нестабільнасьці ў Беларусі.

Рэагуючы на выказваньні Джорджа Буша падчас інаўгурацыі наконт місіі несьці свабоду ў кожную дзяржаву, Аляксандар Лукашэнка падчас паседжаньня беларускага Савету бясьпекі заявіў: “А можа, камусьці не патрэбная гэтая свабода, залітая крывёю разам з пахам нафты?”

Спадар Лукашэнка таксама сказаў наступнае: “Я не хачу быць вялікім дзеячам, які супрацьстаіць амэрыканцам, НАТО і гэтак далей. Перада мною такой мэты беларускі народ ня ставіў. Але калі мы жывем у дэмакратычным, свабодным, як яны кажуць, грамадзтве, мы павінны мець права адкрыта сказаць, што адбываецца ў сьвеце”.

Аляксандар Лукашэнка таксама сказаў на Савеце бясьпекі, што Беларусь гатовая да супрацоўніцтва з НАТО, але выключна з умовай выкананьня нацыянальных інтарэсаў і на раўнапраўнай аснове. Ён заявіў, што цягам апошніх 10 гадоў гэта нязьменная пазыцыя беларускага кіраўніцтва.

На паседжаньні абмяркоўваліся пытаньні пра далучэньне Беларусі да пагадненьняў паміж дзяржавамі-сябрамі НАТО ды ўдзельнікамі праграмы “Партнэрства дзеля міру”.

Аляксандар Лукашэнка заклікаў падыходзіць да гэтых дамоваў акуратна, найперш прадугледзець дзейныя захады дзеля абароны нацыянальных інтарэсаў. “Мы ня можам рызыкаваць жыцьцём беларускіх хлопцаў, накіроўваючы іх у ваенныя авантуры ў інтарэсах заходніх краін, падобныя да югаслаўскіх, аўганскіх, ірацкіх баявых дзеяньняў”, — зазначыў спадар Лукашэнка і заклікаў не запрашаць бяздумна для манэўраў на тэрыторыю Беларусі замежныя арміі. Але ён ня выключыў, што можа запрасіць аддзелы НАТО на чарговыя вайсковыя вучэньні ў Беларусь.

Таксама Аляксандар Лукашэнка скрытыкаваў Расею, якая ёсьць адзінай краінай, што пастаўляе Беларусі газ. Ён загадаў найбліжэйшым часам павялічыць узровень забесьпячэньня Беларусі ўласнымі паліўна-энэргетычнымі рэсурсамі зь цяперашніх 15% да 30%.

“Пазбаўленьне ад энэргетычнай залежнасьці ад іншых дзяржаваў стане першым крокам у забесьпячэньні энэргетычнай бясьпекі краіны”, — заявіў спадар Лукашэнка і дадаў, што лічыць неабходным шукаць новыя замежныя крыніцы энэргарэсурсаў. “Дзьве траціны ўсё адно будзем імпартаваць. Тут важна, каб мы мелі поле для манэўра і не куплялі толькі ў аднаго прадаўца”, — падкрэсьліў кіраўнік дзяржавы.

Паводле спадара Лукашэнкі, пытаньні забесьпячэньня энэргарэсурсамі набываюць палітычны характар, бо “калі газавы вэнтыль робіцца рычагом палітычнага ціску, гэта ёсьць найсур’ёзнейшай пагрозай для бясьпекі й незалежнасьці нашай дзяржавы, як і любой іншай”.

Адзначыўшы плюсы расейскага газу, Аляксандар Лукашэнка нагадаў і пра ўразьлівы яго бок: “Галоўны — нестабільнасьць узаемадачыненьняў з манапалістам “Газпромам”, выкліканая палітычнымі прычынамі”.
XS
SM
MD
LG