Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз выпрацоўвае стратэгію супрацоўніцтва з новымі краінамі-суседзямі


Галіна Абакунчык, Менск У Брусэлі адбылася сустрэча прадстаўнікоў краінаў Эўразьвязу з чальцамі грамадзянскай супольнасьці чатырох суседніх дзяржаваў: Беларусі, Украіны, Расеі й Малдовы. Межаваць з краінамі эўрапейскай супольнасьці яны распачалі пасьля далучэньня да Эўразьвязу ў траўні 2004 году адзінаццаць дзяржаваў, у тым ліку Эстоніі, Латвіі, Літвы й Польшчы. Сустрэчу арганізавала Рада Эўропы з мэтай выпрацоўкі стратэгіі ўзаемнага супрацоўніцтва.

Падзяліцца меркаваньнямі аб пэрспэктывах супрацоўніцтва былі запрошаныя выключна прадстаўнікі недзяржаўных структураў чатырох краінаў. У Эўразьвязе мяркуюць, што менавіта грамадзкі сэктар будзе мець вырашальную ролю ў працэсе кантактаў і пашырэньня эўрапейскай супольнасьці. Лідэр Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук, які сярод іншых прэзэнтаваў Беларусь, прадстаўнікам Эўразьвязу прапанаваў наступныя шляхі супрацоўніцтва:

(Ярашук: ) “Стратэгія Эўразьвязу ні ў якім разе не павінна зыходзіць з таго, што для Беларусі дзьверы ў эўрапейскую супольнасьць зачыненыя. Калі нашыя афіцыйныя ўлады цалкам ігнаруюць усталяваньне нейкіх кантактаў з эўрапейскімі структурамі, то мае сэнс навязваць гэтыя кантакты з грамадзянскай супольнасьцю”.

Паводле спадара Ярашука, гэтыя і іншыя прапановы — аб кантактах у прыватным бізнэсе, палітычных партыях і грамадзкіх арганізацыях — прадстаўнікамі Эўразьвязу былі ўспрынятыя станоўча. Скіраванасьць на супрацоўніцтва мусіць стаць палітыкай абноўленага Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі, як да краіны з надзвычайным палітычным становішчам, кажа Аляксандар Ярашук.

(Ярашук: ) “Канечне, беларусы самі мусяць вырашаць свае праблемы. Ня трэба сумнявацца, што і вырашаць. Але і з боку Эўразьвязу мусіць быць больш сканцэнтраваная і адказная палітыка. Ня бачыць у Беларусі толькі транзытны калідор — але немалую эўрапейскую краіну, якая ў выніку шэрагу абставінаў апынулася ў гістарычным тупіку”.
XS
SM
MD
LG