Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнікі беларускай апазыцыі запрошаныя на інаўгурацыю прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Юшчанкі


Валер Каліноўскі, Менск Больш за трыццаць замежных дэлегацыяў пацьвердзілі свой прыезд на інаўгурацыю новага прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Юшчанкі, шэсьць зь іх будуць узначальваць прэзыдэнты замежных краінаў, два прэм’ер-міністры, чатыры — кіраўнікі парлямэнтаў. Хто будзе прадстаўляць афіцыйную Беларусь, дагэтуль невядома — затое некаторыя апазыцыйныя палітыкі, запрошаныя на інаўгурацыю Юшчанкі, ужо знаходзяцца ў Кіеве.

Лідэр БНФ Вінцук Вячорка сёньня выступаў у Кіеве на міжнароднай канфэрэнцыі “Эўрапейскія пэрспэктывы Ўкраіны”. Заўтра ў яго шэраг сустрэчаў у Народным руху Ўкраіны і іншых палітычных партыях.

(Вячорка: ) “Трэба пажадаць украінскім сябрам атрыманьня ад структураў Эўрапейскага зьвязу і НАТО пэўных ясных пэрспэктываў іхнага будучага сяброўства ў гэтых арганізацыях. Гэта для ўкраінцаў, якія нясуць сьцяг аранжавай рэвалюцыі, — аксіёма”.

Акрамя Вінцука Вячоркі на інаўгурацыю Віктара Юшчанкі блёкам “Наша Ўкраіна” запрошаныя іншыя прадстаўнікі беларускай апазыцыі, у прыватнасьці, Вячаслаў Сіўчык і Анатоль Лябедзька. Спадар Лябедзька кажа, што падчас свайго побыту ў Кіеве на сустрэчу зь Юшчанкам ён не разьлічвае, хаця асабіста знаёмы зь ім даўно. Анатоль Лябедзька прагназуе будучыя беларуска-ўкраінскіхя адносіны на некалькіх узроўнях: прагматычныя кантакты на ўзроўні ўладных структураў для вырашэньня суседзкіх праблемаў; новая роля Ўкраіны як пасярэдніка паміж Беларусьсю і Захадам, а таксама як дадатковай пляцоўкі для кантактаў беларускіх дэмакратаў.

(Лябедзька: ) “Будзе некалькі ўзроўняў, але ў любым выпадку Юшчанка будзе сымбалем дэмакратычных пераменаў і рэформаў. З гэтага трэба зыходзіць”.

Чаму Аляксандар Лукашэнка не выказавае жаданьня паехаць на інаўгурацыю Юшчанкі? Анатоль Лябедзька гэтак пракамэнтаваў гэтае пытаньне:

(Лябедзька: ) “Чаму Аляксандар Лукашэнка, які пазыцыянуе сябе як вельмі спартыўны чалавек, не гуляе ў баскетбол? Адказ: таму што мяч аранжавы, памаранчавы. Насамрэч, у любым выпадку для Лукашэнкі ехаць у “логава” аранжавай рэвалюцыі, прывід якой блукае па беларускім чырвоным доме, страшна. Пасьля гэтага можна і захварэць”.
XS
SM
MD
LG