Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Станіслаў Шушкевіч: “Улада цалкам мяняе стыль працы КГБ”


Алег Грузьдзіловіч, Менск Вядомыя беларускія палітыкі працягваюць камэнтаваць зьмены ў кіраўніцтве КГБ Беларусі. Невыпадковасьць гэтых зьменаў прызнаюць як прадстаўнікі апазыцыі, гэтак і набліжаныя да ўлады палітыкі.

Былы старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч лічыць паказальнымі апошнія зьмены ў КГБ, дзе за адзін учорашні дзень былі замененыя старшыня і яшчэ дзевяць кіраўнікоў цэнтральных і абласных управаў. Станіслаў Шушкевіч ня верыць у вэрсію, паводле якой улада дазволіла новаму кіраўніку КГБ Сьцяпану Сухарэнку самому падабраць сабе намесьнікаў і начальнікаў управаў.

(Шушкевіч: ) “Гэта цалкам інакш. Дадзены загад зьмяніць стыль працы на больш жорсткі. Для мяне гэта абалютна відавочна. Інтэлігентнасьць там непатрэбная, а патрэбныя, як кажуць, дзержыморды. Усё ж, як бы мы ні казалі, складвалася ўражаньне, што Ерын — чалавек даволі інтэлігентны, Латыпаў — чалавек інтэлігентны. Але гэта раней было, а цяпер зьмены ў бок жорсткасьці. Таму што пагроза рэвалюцыі ружаў існуе, і трэба зрабіць, каб і намёку на гэта не было”.

Станіслаў Шушкевіч лічыць Сьцяпана Сухарэнку “чалавекам Шэймана” і прадбачыць значнае ўзмацненьне пазыцыяў цяперашняга кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта.

Лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч перакананы, што зьмены ў КГБ насьпелі. “Былога кіраўніка КГБ Леаніда Ерына трэба было мяняць, бо ён толькі назіраў за працэсам”, — лічыць Сяргей Гайдукевіч. Паводле Сяргея Гайдукевіча, замена ўсяго кіраўніцтва КГБ зьвязаная з будучымі прэзыдэнцкімі выбарамі, напярэдадні якіх узьнікне патрэба ў наступным.

(Гайдукевіч: ) “У першую чаргу я б сказаў гэтак: кантраляваць усе пытаньні, якія будуць аказваць уплыў на любую хаду перадвыбарчай кампаніі і ўмела выпраўляць хібы”.

Сьцяпана Сухарэнку Сяргей Гайдукевіч ахарактарызаваў як добрага выканаўцу загадаў, чалавека маўклівага і жорсткага, што цяпер вельмі вітаецца.

(Гайдукевіч: ) “У чэкісцкім асяродзьдзі (паверце мне, там мой бацька адпрацаваў дзясяткі гадоў) цэняцца людзі не гаваркія, а тыя, хто дзейнічае”.

Для намесьніка старшыні БНФ Юрыя Хадыкі зьмены ў кіраўніцкім складзе КГБ ёсьць паказьнікам слабасьці існага рэжыму.

(Хадыка: ) “Альбо сапраўды ў нетрах КГБ сасьпела змова, і гэтым яна ліквідуецца, альбо вялікі начальнік настолькі палахлівы, што баіцца ценю, баіцца магчымасьці такой змовы. У абодвух выпадках гэта сьведчаньне таго, што гэты рэжым ужо прагнілы”.

Пры гэтым Юры Хадыка адзначае, што кадравая чыстка ў КГБ ёсьць пэўным выклікам Маскве, паколькі на зьмену прамаскоўскім генэралам прыйшлі палкоўнікі, якіх вылучылі ў Беларусі за час кіраўніцтва Аляксандра Лукашэнкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG