Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Чаму б каналу ОНТ таксама не паказаць фільм “Звычайны прэзыдэнт”?”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 19 студзеня 2005 г. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Лусевіч Міхаіл: ) “У гэтую хвіліну я назіраю вельмі цудоўны фільм “Фарэнгейт 9/11”. Без усялякай іроніі кажу: дзякуй каналу ОНТ за тое, што ён дае магчымасьць паглядзець гэты фільм. Але хачу дадаць: чаму б каналу ОНТ таксама не паказаць фільм “Звычайны прэзыдэнт”, дзе таксама паказваецца твар нашага прэзыдэнта, дзеля аб’ектыўнасьці? Таксама жадаю дадаць, што ў Злучаных Штатах Амэрыкі гэты фільм ня быў паказаны па цэнтральных каналах, што, канешне, ёсьць ганьба для Злучаных Штатаў Амэрыкі. Але ён прадаецца ў крамах, але яго можна паглядзець па кабэльным тэлебачаньні ці на прыватных каналах. І тут справа ня ў тым, што ён забаронены, забаронены ён толькі той уладай, якая вядома сябе зганьбіла ў многім.

І яшчэ жадаю дадаць. І гэта ўжо не мае словы, а словы Госпада Бога зь Бібліі. Кожная ўлада, хоць Богам і прызначана сюды, але дзейнічае зусім ня дзеля людзей. Таму ці то Буш, ці то Лукашэнка, ці міфічная дэмакратычная ўлада ў нас у Беларусі, якая яшчэ вельмі-вельмі далёка – усё роўна, хібы будуць. Таму, яшчэ раз дзякуй, што даяце магчымасьць паглядзець, але ўсё такі, загляніце ва ўласныя душы і хопіць ілгаць. Бо паказваючы гэты фільм, вы паказваеце сябе двойчы ілгунамі, таму што наша ўлада зусім ня лепшая”.

(Юшкевіч Аляксандар: ) “Прывітаньне! Зараз слухаю вашую перадачу пад назвай “Беларусы за мяжой” і я хацеў бы вас папрасіць, каб вы зрабілі перадачу пра тое, як жывуць за мяжой пратэстанты. Паколькі я хаджу сам у пратэстанскую царкву, усе ў нас тут ведаюць, як жывуць пратэстанты ў Амэрыцы, таму пра Амэрыку казаць, напэўна, нічога ня трэба. Але вось вельмі цікава пра Аўстралію пачуць, як там пратэстанты жывуць, на Нямеччыне, радзіме пратэстантызму, дзе гэтая зьява нарадзілася. Вялікі дзякуй”.

(Спадар:) “Паважаны рэдактар Радыё Свабоды! У апошні час ужо амаль ня слухаем вашую радыёстанцыю, бо ня лічым яе ў сувязі з увядзеньнем двухмоўя, білінгвізму расейска-беларускага, ды яшчэ акрамя гэтага і сам стыль перадач, сам тон, мова, якой карыстаюцца і Радкевіч, і Караткевіч. Афармленьне зусім не беларускае.

І вось тут такая цудоўная прыемнасьць. Нарэшце далі слова цудоўнаму беларусу, па сутнасьці, ня толькі па форме, не наёмніку якому-небудзь, які толькі гаворыць калі-некалі па-беларуску для перадачы. Гэта Пётр Садоўскі. Зусім згодны з Лявонам Баршчэўскім, гэта адметны чалавек. Вось у яго б Радкевіч і Караткевіч ды іншыя павучыліся духу беларускаму, мове беларускай, думцы беларускай, сутнасьці беларускай. Жадаем ад усёй душы вось гэтакай навукі для вашых супрацоўнікаў. Посьпехаў вам! Вучыцеся ў такіх людзей, як Садоўскі!”

(Спадарыня: ) “Я хачу адказаць на вашае пытаньне наконт падвышэньня ВВП. Справа ў тым, што ня толькі лічбам ВВП, я ня веру ніводнай лічбе, якія перадаюць па Беларусі. Гэта ж нейкі жах! Асабліва апошнім часам, калі іх паслухаць, то атрымліваецца, што мы жывем у нейкай казцы. Абсалютна ўсе паказьнікі толькі высокія, усе вышэй мінулага году на 50 адсоткаў, на 30, на 20, бо ніводнага паказьніка няма ніжэй. А на самой справе…

Вось я жыву ў раённым цэнтры, і атрымліваецца, што ў нас увогуле няма ніякіх зьменаў, ня ведаю, можа, бюджэтнікі больш атрымліваюць, а простыя рабочыя… Моладзь падрастае, ісьці ім няма куды, і ўсе едуць у Расею. Атрымліваецца, што ў Расеі паказчыкі горшыя, калі судзіць па дадзеных беларускіх эканамістаў, а людзі едуць туды і па 500 даляраў там атрымліваюць. А тут як у казцы жывем, а больш за 50 даляраў у нашым раёне не зарабляюць.

І таму ўсё гэта пабудавана на хлусьні, пачынаючы ад прэзыдэнта і сканчаючы ўсімі гэтымі начальнікамі. Нічога не мяняецца! Вось стала толькі больш тых, хто ходзіць ды падымае вось гэтыя паперкі, болей дворнікаў стала. А болей нічога не зьмянілася!”
XS
SM
MD
LG