Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэргі па сьвятую ваду – як па паратунак


Іна Студзінская, Менск Некалькі дзён запар у беларускіх храмах стаяць вялізныя чэргі па сьвятую ваду. Сталічны Катэдральны сабор 19 студзеня быў ачэплены міліцыяй, вакол яго з усіх бакоў была агароджа, усталяваныя бардзюры. Такога не памятаюць нават старажылы. За парадкам у чэргах сачылі міліцыянты, да храма людзей запускалі невялікімі купкамі. Каб набраць сьвятой вады, даводзілася адстойваць па дзьве гадзіны. Чым гэта тлумачыцца?

Лічыцца, што на Вадохрышча вада сапраўды незвычайная, мае вялікую гаючую сілу і незвычайную моц. І людзі лічаць гэтую ваду паратункам ад усіх сваіх хваробаў, бедаў і праблемаў.

Ёсьць, канешне, і шчырыя вернікі, якія спрадвеку бяруць гэтую ваду. Але апошнім часам вельмі шмат людзей стаяць у чэргах па ваду ў храм таму, што, маўляў, усе так робяць. А вада сьвятая ў гэтыя дні ня толькі ў храмах, а таксама ў вадаёмах. Дарэчы, 75 лепшых байцоў Віцебскай гвардзейскай мабільнай брыгады ў Вадохрышча купаліся ў палонцы, а жадаючых было больш за 200 (у аўтобус зьмясьцілася толькі траціна)...

Меркаваньне этнакультуроляга Антаніны Хатэнкі:

(Хатэнка: ) “З касьмічнага гледзішча, на Вадохрышча, калі насамрэч мяняюцца касьмічныя рытмы – вельмі старадаўняя прыкмета, што адкрываецца неба ў вадохрышчную ноч, і вада мае асаблівыя ўласьцівасьці, яна мёртвая. Сьвятая – гэта агульны назоў, а вада ёсьць мёртвая, яна з адмоўнай інфармацыяй, з інфармацыяй разбурэньня. У вадохрышчныя дні вада, якая б яна ні была – з крану, з ракі, з возера, з сажалкі – яна ўсё роўна будзе гэтыя ўласьцівасьці мець, настолькі, наколькі мы дазволілі небу экалягічна з намі абыходзіцца”.

А чым тлумачаць такі ўсплёск попыту на сьвятую ваду сьвятары? Праваслаўны сьвятар, архімандрыт Аляксей Шынкевіч тлумачыць гэта такім чынам:

(Шынкевіч: ) “Ведаеце, жыцьцё з кожным годам становіцца ўсё больш цяжкім. Я як сьвятар адчуваю гэта на сабе. Сьвет робіцца больш агрэсіўным. Жыцьцё, можа, для кагосьці матэрыяльна становіцца лягчэйшым, але духоўна, псыхалягічна – вельмі цяжкім. Таму людзі шукаюць у Бога дапамогі. І якраз менавіта праваслаўе, як мы кажам, веравызнаньне, якое больш кансэрватыўнае, якое захоўвае вось гэта апостальскае жыцьцё, таінствы ў непарушнасьці, яно мае гэтую моц. І прыходзяць за сьвятой вадой ня толькі праваслаўныя, але наагул людзі іншых канфэсій, іншых вер”.

Этнакультуроляг Антаніна Хатэнка не ў захапленьні ад таго, што на сьвяты ў храмы стаяць чэргі: на Вадохрышча – за сьвятой вадой, на Вялікдзень – каб асьвяціць яйкі. Яна лічыць, што гэта няшчыра, проста няма куды памкнуцца душы.

(Хатэнка: ) “Найперш, гэта дылетантызм, менавіта ў духоўнай сфэры, калі чалавек замыкае ўсе свае памкненьні альбо на саборы, альбо на нейкай ідэалягічнай установе, шукае праз пэўныя інстанцыі самога сябе. А трэба шукаць у сабе. А ўсё, што робіцца з саборамі, з чэргамі, са сьвянцонымі водамі, з асьвячэньнем ежы на Вялікдзень – няма куды памкнуцца душы, пагубілі дарогі...

Спачатку была вера, якая перадавалася ў сям’і традыцыйна. Потым гэтую веру пахавалі, і падмянілі нейкімі ідэалягічнымі ўстаноўкамі. А потым як бы разгублены чалавек, думаючы, што ўратуецца ад уласнай пустэчы, стаў у чэргі. А чарга і ёсьць чаргоўе. Можа, людзі думаюць, што як выстаю гэту чаргу, то больш заслужу ў Бога? Можа, так...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG