Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

22 студзеня нарадзіліся Ампэр, Байран і Стрындбэрг


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 21 і 22 студзеня

21 студзеня праваслаўныя беларусы ўсё яшчэ разьвітваліся з Калядамі, але гэтым разам ужо канчаткова. Да абеду не працавалі, а пасьля паўдня браліся за работу. Сьвята скончылася.

21 студзеня 1775 году ў Маскве на Балотнай плошчы быў публічна пакараны сьмерцю данскі казак і бунтаўнік Емяльян Пугачоў.

А 21 студзеня 1924 году таксама ў Маскве памёр Уладзімер Ленін.

21 студзеня 1938 году ў Курапатах расстраляны беларускі паэт Янка Туміловіч.

А праз год, 21 студзеня 1939 году адкрытая Дзяржаўная карцінная галерэя БССР – сёньня Дзяржаўны мастацкі музэй.

21 студзеня 1965 году ў Менску адкрыты першы ў Беларусі Палац шлюбаў.

21 студзеня ў розныя гады прыйшлі на сьвет беларускі гісторык і выдавец Адам Кіркор, кампазытар Аляксей Туранкоў, які лічыцца заснавальнікам жанру масавай песьні ў прафэсійнай беларускай музыцы, а таксама Аркадзь Астрамецкі – беларускі цымбаліст, народны артыст Беларусі.

Таксама 21 студзеня – дзень народзінаў амэрыканскага канструктара стралковае зброі Джона Браўнінга, францускага куцюр’е Крысьціяна Дыёра і гішпанскага опэрнага сьпевака Плясыда Дамінга.

Цяпер – пра памятныя даты заўтрашняе суботы.

22 студзеня 1980 году расейскі акадэмік, дысыдэнт Андрэй Сахараў быў сасланы ў горад Горкі (цяперашні Ніжні Ноўгарад). Перад гэтым за свой пратэст супраць увядзеньня расейскіх войскаў у Афганістан Сахараў быў пазбаўлены ўсіх званьняў і ўзнагарод. Апроч, натуральна, Нобэлеўскай прэміі міру, якую вучоны-фізык атрымаў у 1975 годзе.

22 студзеня 1890 году нарадзіўся Ільдэфонс Бобіч, беларускі тэоляг і пісьменьнік. У літаратуры ён вядомы пад псэўдонімам Пётра Просты – як сталы аўтар газэты “Наша Ніва”. Але найбольш значная роля ксяндза Бобіча – у справе беларусізацыі касьцёла. Айцец Ільдэфонс служыў у Вільні, Германавічах, Іўі, дзе і пахаваны.

22 студзеня 1906 году нарадзіўся паэт Андрэй Александровіч, які быў адным з арганізатараў аб’яднаньня “Маладняк” і шчырым песьняром камуністычнае ідэалёгіі, што, аднак, не перашкодзіла ягонаму арышту і ссылцы.

Сярод знакамітых людзей сьвету, што нарадзіліся 22 студзеня ў розныя гады, згадаем сёньня францускага фізыка Андрэ Ампэра, у гонар якога названая адзінка сілы току, ангельскага паэта лорда Джорджа Байрана і швэдзкага пісьменьніка Аўгуста Стрындбэрга.
XS
SM
MD
LG