Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску паўстане тэлевежа з назвай “Папараць-кветка”


Ігар Карней, Менск Яшчэ не завершаныя адны глябальныя будоўлі, а ўжо абвешчаны тэрмін рэалізацыі ня менш амбіцыйных плянаў. Праект менскай тэлевежы пад назвай “Папараць-кветка”, узьвядзеньне якой мяркуецца на пляцоўцы каля сталічнага комплексу “БелЭкспа”, мусіць быць рэалізаваны ўжо ў 2007 годзе. Так вырашыў Савет міністраў Беларусі.

Перадусім, зьвяртае ўвагу тое, што гэта будзе адна з найбольш высокіх тэлевежаў у сьвеце. Саступаць менская тэлевежа будзе толькі аналягічным (паводле функцыянальнага прызначэньня) збудаваньням у Таронта, Астанкінскай тэлевежы ў Маскве і “Ўсходняй пэрліне” у Шанхаі. Замахнуцца на “звышвышыні” ў Беларусі не рызыкнулі; вырашана толькі ўшчыльную наблізіцца да кітайскай вежы – супраць 460 м у Шанхаі Беларусь выдасьць 425-430 м. Але астатнія атрыбуты будуць адпавядаць агульным стандартам: аглядныя пляцоўкі, панарамныя ліфты, рэстарацыя з падлогай, якая круціцца.

Колькі словаў пра аўтараў праекту: у 1998 годзе Міністэрства сувязі абвясьціла тэндэр на праект тэлевежы. Свае працы даслалі праектныя калектывы з 10 краінаў, але эскпэртная камісія аддала перавагу не гішпанскім, брытанскім ці кітайскім праектоўшчыкам, а архітэктару Віктару Крамарэнку.

Сам Крамарэнка вядомы тым, што сам ці сумесна праектаваў стэлу “Горад-герой Мінск”, менскі чыгуначны вакзал, а таксама Нацыянальную бібліятэку. Праўда, у тым жа 1998-м было абвешчана: грошай на фінансаваньня няма, і толькі летась Лукашэнка загадаў фарсіраваць праект “Папараць-кветка”.

Адкуль такая назва? Як абяцае аўтар, менавіта папараць сваёй формай тэлевежа і будзе нагадваць – хіба што “папараць”, бо кветку ніхто яшчэ ня бачыў. Спадар Крамарэнка кажа, што папярэднія дамовы з расейскімі партнэрамі ўжо дасягнутыя.

(Крамарэнка: ) “Разам з прадстаўнікамі Міністэрства сувязі мы езьдзілі ў Маскву, у Дзяржаўны спэцыялізаваны праектны інстытут сродкаў сувязі. Там правялі перамовы й дамовіліся пра далейшыя захады ў справе праектаваньня вежы. І цяпер толькі чакаем, калі гэты 2007 год наступіць”.

Выглядае, што цягам апошняга часу ў актыве архітэктара Віктара Крамарэнкі зьяўляюцца самыя фінансаваёмістыя будоўлі. Нацыянальную бібліятэку павінны здаць ужо 1 верасьня, і колькі ўкладзена туды сродкаў – таямніца, бо пасьля пачатковай сумы ў 120 мільёнаў даляраў яна некалькі разоў карэктавалася – у большы, вядома, бок. Кошт тэлевежы стартуе ад 100 мільёнаў даляраў…

Дарэчы, летась у Саўміне прагназавалі, што ўзводзіць яе могуць пачаць ужо ў 2005 г. Я пацікавіўся ў спадара Крамарэнкі: ці не спрычыніліся новыя выдаткі на бібліятэку з адтэрміноўкай праекту з вежай?

(Крамарэнка: ) “Увязваць гэта зь бібліятэкай не магу. Бібліятэка – гэта кропля ў моры беларускага бюджэту. Таму, пэўна, гэта пытаньні, якія адно ад аднаго не залежаць. Мяркую, што гэта так”.

Мэтазгоднасьць тэлевежы ў Беларусі – пытаньне спрэчнае. Інфармацыйныя тэхналёгіі разьвіваюцца так, што перадача сыгналю з максымальнай вышыні ўжо не патрабуецца. Спадарожнікавае тэлебачаньне, кабэльнае, інтэрнэт-індустрыя – усё гэта мае на ўвазе іншыя спосабы перадачы сыгналю. Гэтак жа і зь бібліятэкай – ва ўсім сьвеце кнігасховішчы імкнуцца перавесьці архівы ў электронны выгляд. У гэтым зьвязку архітэктар Лявонцій Зданевіч лічыць, што шэраг аб’ектаў, якія зараз ўзводзяцца ў Беларусі, перасьледуюць зусім іншыя мэты – на ўвесь сьвет заявіць пра веліч беларускай дзяржавы. І з кімсьці раіцца ў такіх выпадках не прынята.

(Зданевіч: ) “Каб пракансультавацца наконт мэтазгоднасьці, прафэсійнай адпаведнасьці – то не. Усё ўхваляецца людзьмі, якія лічаць сябе прафэсіяналамі ва ўсіх галінах. А паўплываць на гэта мы ня можам, таму што гэта палітыка. На палітыку ў нас ужо ніхто ня можа ўплываць. Зараз, калі я не ў дзяржаўнай структуры, у мяне ўвогуле няма шанцаў атрымаць нармалёвую замову. На ўзроўні мэра гораду прынятая пастанова: прыватныя структуры не дапушчаць да праектаваньняў зь бюджэтным фінансаваньнем. Гэта парушэньне Канстытуцыі, але гэта прынята”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG