Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Памёр стваральнік польскай службы Радыё Свабода Ян Новак-Езяранскі


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава 21 студзеня ў Варшаве ва ўзросьце 92 гадоў памёр Ян Новак-Езяранскі – стваральнік польскай службы Радыё Свабодная Эўропа, які быў яе дырэктарам цягам 25 гадоў, “вораг №1 уладаў Польскай Народнай Рэспублікі”.

“Увага, гаворыць Радыё Свабодная Эўропа – голас свабоднай Польшчы” – гэтымі словамі ў траўні 1952 году Ян Новак-Езяранскі распачаў першую перадачу польскай рэдакцыі Радыё Свабодная Эўропа, якая ў камуністычныя часы была ў Польшчы найбольш папулярнай і аўтарытэтнай незалежнай крыніцай інфармацыі.

Езяранскі кіраваў польскай службай 25 гадоў, потым пераехаў у ЗША, дзе быў кансультантам Рады Бясьпекі гэтай краіны ў часе прэзыдэнцтва Картэра і Рэйгана. У 1989 годзе ўпершыню пасьля сканчэньня другой сусьветнай вайны прыехаў у Польшчу, дзе яго прывіталі як нацыянальнага героя.

Дарэчы, яшчэ на пачатку вайны, у 1939 годзе, Ян Новак-Езяранскі трапіў у нямецкі палон, аднак здолеў уцячы, браў удзел у Варшаўскім паўстаньні, шматкротна рызыкуючы жыцьцём перавозіў лісты ад польскага ўраду ў эміграцыі ў Лёндане ў акупаваную Польшчу.

Ян Новак-Езяранскі да канца жыцьця не разьвітваўся з радыё, шмат пісаў, браў удзел у грамадзкім жыцьці, прычым ня толькі польскім. Некалькі гадоў таму ён наведаў Беларусь, заклікаў міжнародную супольнасьць падтрымаць беларускую дэмакратыю, выступіў з прапановай стварыць эўрапейскае радыё для беларусаў.
XS
SM
MD
LG