Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каму патрэбная саюзная дзяржава?


Уладзімер Глод, Менск Дэпутаты так званага Парлямэнцкага сходу Беларусі і Расеі зьвярнуліся да Ўладзімера Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі з просьбаю правесьці сустрэчу кіраўнікоў дзьвюх дзяржаваў як мага раней. Пра гэта падчас сваёй прэсавай канфэрэнцыі паведаміў старшыня камісіі гэтага парлямэнцкага ўтварэньня Мікалай Чаргінец. Паводле ягонай інфармацыі, пасьпяшацца патрэбна дзеля таго, каб адмысловая камісія ў справе распрацоўкі Канстытуцыйнага акту, куды, дарэчы, уваходзіць і спадар Чаргінец, атрымала дакладныя арыентыры для ўзнаўленьня працы. Пра якія магчымыя тэрміны можа ісьці гаворка?

Лукашэнка і Пуцін зьбіраюцца сустрэцца ў сакавіку ў рамках паседжаньня Вышэйшай дзяржаўнай рады так званай саюзнай дзяржавы. Менавіта сакавік узгадваўся ў афіцыйных паведамленьнях, што паступілі напрыканцы леташняга году і з Масквы, і зь Менску. Але, як бачыце, некаторыя дэпутаты лічаць, што патрэбна ў гэтыя пляны ўносіць карэктывы і праводзіць сустрэчу лідэраў раней. І вось як абгрунтоўвае такі падыход Мікалай Чаргінец:

(Чаргінец: ) “Скажу шчыра, я зь вялікай надзеяй чакаю паседжаньня Вышэйшай дзяржаўнай рады. Думаю, там вызначацца многія пытаньні, што дазволіць нам выходзіць на большую ступень гатоўнасьці для рашэньня гэтых праблемаў. Наш Парлямэнцкі сход у лютым прыме саюзны бюджэт, і канешне, мы хацелі б пачуць да гэтага моманту і пра вынікі паседжаньня Вышэйшай дзяржаўнай рады. Нам патрэбна ведаць важкае слова лідэраў, каб працягваць працу ў гэтым накірунку”.

Гэтым разам зь ініцыятывай паскарэньня працэсу распрацоўкі Канстытуцыйнага акту выступаюць ня толькі беларускія, але і расейскія дэпутаты. Раней жа звычайна на прыняцьці Канстытуцыйнага акту, правядзеньні агульнага рэфэрэндуму і г.д. настойваў беларускі бок. Але й тады Менск заўжды падключаў да гэтай справы так званы Парлямэнцкі сход.

Справа ў тым, што ў гэтую арганізацыю ўвайшлі самыя апантаныя прыхільнікі беларуска-расейскага саюза, такія як, напрыклад, Сяргей Бабурын ці краснадарскі “бацька” Мікалай Кандраценка. Якраз празь іх і лабіравалася ідэя адзінай дзяржавы. Пасьля вядомай заявы Ўладзімера Пуціна пра мухі і катлеты яны прыціхлі. Але цяпер, калі верыць спадару Чаргінцу, і ў Крамля раптам зьявілася цікавасьць да гэтай ідэі.

(Чаргінец: ) “Цяпер, як мы разумеем, расейскае кіраўніцтва ўсё ж вяртаецца да ідэі Канстытуцыйнага акта. Мы спадзяемся, што гэтае пытаньне мы разам і абмяркуем. Якім будзе ўладкаваньне саюзнай дзяржавы? Асабіста мой погляд: я скажу шчыра, я прыглядаюся і, думаю, што нам патрэбна нешта накшталт Эўразьвязу. Нейкія функцыі будуць агульнымі. Але галоўнае – гэта сувэрэнітэт, атрыбуты дзяржаўнай улады – і гімн, і сьцяг, і герб павінны застацца. Беларусь, як і Расея, мусяць заставацца суб’ектамі міжнароднага права і мець права адстойваць свае пытаньні на міжнароднай арэне, нават, калі гэта патрэбна, не ўзгадняючы паміж сабою, але і не парушаючы інтарэсы адзін аднаго”.

Аб’яднаньне Беларусі і Расеі на ўмовах Эўразьвязу яўна супярэчыць таму, пра што раней неаднаразова казаў Аляксандар Лукашэнка. У папярэдніх праектах, напрыклад, плянаваліся пасады прэзыдэнта і віцэ-прэзыдэнта гэтак званай саюзнай дзяржавы, шмат іншага, чаго не існуе ў Эўразьвязе. Чым могуць быць выкліканыя такія зьмяненьні ў падыходах?

Як добра вядома, апошнім часам будаўніцтва так званай Саюзнай дзяржавы носіць віртуальны характар. Папярэднія праекты Канстытуцыйнага акту не задавальнялі ні расейскі, ні беларускі бакі. Да гэтага дадаліся скандалы: ужо ўзгаданыя мухі і катлеты, газавы... Як казаў вядомы расейскі палітоляг Сяргей Караганаў: “Гэта фікцыя ці нейкае практыкаваньне для чынавенства, выгоднае толькі яму і тым людзям зь беларускага боку, якія не хочуць нічога рабіць для рэфармаваньня беларускага грамадзтва й беларускай эканомікі”.

Але магчымыя, падкрэсьлю, магчымыя ініцыятывы Масквы могуць быць зьвязаныя з самымі апошнімі падзеямі на постсавецкай прасторы. І вось што думае на гэты конт незалежны экспэрт Андрэй Фёдараў:

(Фёдараў: ) “Тут шмат чаго супярэчлівага параўнальна з мінулымі часамі. І таму ёсьць падазронасьць, што гэта нейкая асабістая інтэрпрэтацыя спадара Чаргінца, якая не зусім адпавядае рэчаіснасьці. Ну, а калі гэта сапраўды так, калі Расейская Фэдэрацыя пачынае настойваць на прыняцьці Канстытуцыйнага акту, дык тады можна меркаваць, што гэта зьвязана з апошнімі падзеямі ва Ўкраіне. Расея вельмі баіцца, што Ўкраіна ўсё ж пачне рухацца на Захад. Я думаю, што ўсё ж накірунак украінскай зьнешняй палітыкі зьменіцца даволі істотна. Яна будзе імкнуцца далучыцца да эўрапейскіх структураў. Таму, з пункту гледжаньня Расеі, лягічна замацаваць тое, што ёсьць у Беларусі. Гэта ж, бадай, адзіны хаўрусьнік на заходнім накірунку застаўся”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG