Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бундэстаг высьвятляе, ці былі афэры з шэнгенскімі візамі ў амбасадах у Кіеве, Кішынёве, Менску і Тыране


Ул. інф. Сёньня спэцыяльная камісія Бундэстагу пачала слуханьні ў расьсьледаваньні, прысьвечаным візавым афэрам, якія быццам бы мелі месца ў нямецкіх амбасадах у Кіеве, Менску, Тыране і Кішынёве. У сваіх публікацыях журналісты нават задаюць пытаньне, ці застанецца ў выніку гэтага скандалу на сваёй пасадзе міністар замежных справаў Ёшка Фішэр.

Паводле бэрлінскіх сьледчых, сярод падазроных у візавых афэрах ёсьць былыя супрацоўнікі замежных нямецкіх кансулятаў, прадстаўнікі МЗС ды іншых міністэрстваў. Аднак, як лічаць ініцыятары слуханьняў з парлямэнцкай апазыцыйнай фракцыі ХДС/ХСС, справа ідзе зусім не пра асобныя выпадкі карупцыі, а сыстэму.

Палітыкі спэкулююць, што пранікненьне ў Нямеччыну крымінальных элемэнтаў зь Беларусі, Украіны, Малдовы і іншых краінаў ажыцьцяўлялася ледзь не пад дахам нямецкага замежнапалітычнага ведамства і непасрэдна міністра Ёшкі Фішэра. Сам Ёшка Фішэр сьцьвярджае, што пра нейкія візавыя афэры ён нічога ня ведаў.

Тым часам перад кёльнскім судом пасталі некалькі грамадзянаў з краінаў былога СССР (цяперашніх і былых), якія абвінавачваюцца ў гандлі людзьмі і ў арганізацыі незаконнага трафіку украінскіх, беларускіх, малдаўскіх крымінальнікаў, прастытутак, нелегальных рабочых у краіны Шэнгенскага пагадненьня.

Усе гэтыя людзі траплялі на Захад зь нямецкімі турыстычнымі візамі. У якасьці падставы для іхнай выдачы ў Кіеве ці Менску дастаткова было прадставіць пуцёўкі ад пэўных турфірмаў і страхавыя полісы кшталту АDАС альбо Carnet de Toutist.

Гэтыя паперы гарантавалі нямецкаму боку, што турысты маюць дарагое мэдычнае страхаваньне і самі аплачваюць сваё утрыманьне ў Нямеччыне і пражываньне ў гатэлях. Штодня, паводле сьледчых, з такімі візамі ў шэнгенскія краіны трапляла да 500 украінскіх, беларускіх, чачэнскіх ды іншых “турыстаў”, якія потым нелегальна асядалі на Захадзе.

Што да зафіксаваных ў візавых паперах гатэляў і большасьці турыстычных фірмаў, то належалі яны расейска-украінска-літоўска-беларускай мафіі. Кіроўныя пасады ў гэтых фірмах займалі прадстаўнікі савецкай габрэйскай эміграцыі.

Вядома, што гэты кантынгент уцекачоў карыстаецца ў Нямеччыне пэўнымі прававымі ільготамі і выставіць супраць ягоных прадстаўнікоў нейкае абвінавачваньне далёка не заўсёды магчыма. Як вынікае з паказаньняў сьведак, менавіта гэтыя мафіёзьнікі мелі дачыненьні зь прадстаўнікамі нямецкага МЗС.

Як вынікае з матэрыялаў расьсьледаваньня, менавіта ў выніку распараджэньня Ёшкі Фішэра ад 3 сакавіка 2000, зробленага насуперак сур’ёзным папярэджаньням з боку Фэдэральнага ведамства па крымінальных справах, нямецкія амбасады мусілі вырашаць візавыя пытаньні на карысьць усіх, хто зьвяртаўся да іх па візу, у тым ліку і па турыстычную. І толькі апошнім часам у выніку узбуджаных крымінальных справаў сталі мець месца масавыя адмовы ў візах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG