Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як адзначаюць Байрам мусульмане ў Беларусі?


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць 20 студзеня беларускія мусульмане пачалі адзначаць Курбан-Байрам – сьвята ахвярапрынашэньня. Паводле статыстыкі, у Беларусі пражывае каля 30 тысяч татар, азэрбайджанцаў, туркмэнаў, узбэкаў, башкір ды прадстаўнікоў іншых нацыянальнасьцяў, якія спавядаюць іслам. Яны аб’яднаны ў 23 грамады. У краіне дзейнічае 7 мячэцяў – у Іўі, Наваградку, Слоніме, Сьмілавічах, Відзах, Клецку і Лоўчыцах. Наш карэспандэнт наведаў сёньня Сьмілавічы.

У Сьмілавічах адзначэньне Курбан-Байраму пачалося з ранішняй малітвы. Як паведаміў імам тутэйшай мячэці, гэта адно з самых вялікіх мусульманскіх сьвятаў:

(Імам: ) “Усе мусульмане ў Курбан-Байрам павінны рэзаць бараноў. Вось у чым наша сьвята. Першае ў нас сьвята – Рамазан-Байрам, другое – Курбан-Байрам. Гэта апошні месяц 1425 году мусульманскага календару”.

Паводле імама, Курбан-Байрам, які доўжыцца чатыры дні, супадае з паломніцтвам мусульман сьвету у сьвятыя для іх месцы – Мэкку і Мэдыну. У дні сьвята вернікі прыносяць у ахвяру жывёлаў. У Сьмілавічах большасьць вернікаў тутэйшай мусульманскай грамады – татары. Яны пасяліліся ў гэтым мястэчку шмат гадоў таму, яшчэ за часам Вялікага Княства Літоўскага. У тым ліку продкі Зінаіды Якубоўскай і Розы Карыцкай:

(Якубоўская: ) “Калі едзеце па Сьмілавічах, то раней за рэчкай у асноўным жылі татары”.

(Карыцкая: ) “Татары мы пісаліся па нацыянальнасьці ў пашпарце”.

(Якубоўская: ) “Чым яны займаліся? Выраблялі скуры і займаліся сельскай гаспадаркай”.

(Карыцкая: ) “Размаўлялі мы раней і на беларускай мове, і на расейскай”.

(Якубоўская: ) “Раней давалі імёны так як звалі прарокаў. І сьвяты увесь час адзначалі. Тут былі старыя людзі, якія ведалі, як трэба вылічыць даты”.

(Карыцкая: ) “І прыносілі ў ахвяру жывёлаў. І дзяліліся зь беднымі”.

У ахвяру сёньня было прынесена некалькі баранаў. Іх рэзалі сьмілавіцкія мусульмане-мужчыны. У іх ліку Яўген Хасіневіч:

(Хасіневіч: ) “Колькі зарэзаў? Галоў пятнаццаць. Тут проста. Ведаеш, што трэба есьці. Мяса трэба. Ну і няма, здаецца, ніякай жаласьці. Іхная такая доля”.

Паводле імама, на Курбан-Байрам прыносяць у ахвяру ня усіх жывёлаў. Драпежныя жывёлы выключаюцца. Але часьцей за усё перавагу аддаюць баранам:

(Імам Анатоль: ) “Баран мусіць быць больш году. Меней нельга. І ў яго не павінна быць аніякіх недахопаў. Напрыклад, зламанаю нага альбо без вуха. Карова альбо бык мусіць мець больш як два гады”.

Паводле кіраўніка сьмілавіцкай мусульманскай абшчыны Сафара Канапацкага, апроч бараніны, на Курбан-Байрам беларускія мусульмане ядуць гародніну ды садавіну. Што тычыцца напояў, то на сьвяточным стале ніколі не бывае алькаголю. Было гэта ў Сьмілавічах і сто, і дзьвесьце гадоў таму, засталося гэта і ў традыцыях сучасных жыхароў мястэчка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG