Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Японіі абмяркоўваецца сыстэмы раньняга папярэджаньня ад цунамі для Індыйскага акіяну


Сяргей Астраўцоў, Прага Экспэрты з усяго сьвету сабраліся ў японскім горадзе Кобэ, каб абмеркаваць—як прадухіліць у будучыні вялізныя людзкія страты, якія сталі вынікам цунамі ў Індыйскім акіяне. Мова ідзе пра сыстэму раньняга папярэджаньня. Прадстаўнікі Арганізацыі аб’яднаных нацыяў абяцаюць стварыць такую сыстэму за паўтара года. Прадстаўнікі розных краінаў, якія удзельнічаюць у канфэрэнцыі ў Коба, запэўнілі, што выдаткуюць на праект мільёны даляраў.

Лічба ахвяраў землятрусу і цунамі, якія адбылося 26 сьнежня, на сёньня, 20 студзеня, перавысіла 226 тысячаў чалавек.

Маштаб трагедыі дыктуе патрэбу стварыць сыстэму раньняга папярэджаньня ў Індыйскім акіяне, каб такія катастрофы не здараліся ў будучыні.

Прадстаўнік ААН Сальвана Брычэна сказаў у чацьвер, што спадзяецца на тое, што структура папярэджаньня цунамі будзе збольшага наладжана да восені 2006 году.

(Брычэна: ) “Мы ацанілі памер працы з тэхнічнымі службамі і прыйшлі да высновы, што цягам году ці максымум васемнаццаці месяцаў павінна быць створана асноўная частка рэгіянальнай сыстэмы раньняга папярэджаньня цунамі”.

У сераду экспэрты ААН паведамілі, што мяркуюць стварыць глябальную сыстэму папярэджаньня аб стыхійных бедзтвах у самых небясьпечных мясьцінах. Грошы на гэта пагадзіліся выдаткаваць некалькі краінаў. Японія прапанавала 4 мільёны даляраў, Швэцыя—1,5 мільёна і Эўракамісія – 2,6 мільёна даляраў. Японія, Нямеччына і Злучаныя Штаты таксама запэўнілі, што дапамогуць наладзіць саму сыстэму папярэджаньня і кіраваньне ёю.

Мяркуецца, што сыстэма раньняга папярэджаньня цунамі ў Індыйскім акіяне будзе падобнай да той, якая існуе ў Ціхім акіяне. Яна была створана пасьля таго, як у 1960 годзе землятрус у Чылі выклікаў цунамі, якое абрынулася на узьбярэжжа Японіі. У японскай сыстэме папярэджаньня выкарыстоўваюцца сэйсьмічныя станцыі і водныя датчыкі, якія перадаюць дадзеныя пра землятрус не пазьней як праз тры хвіліны пасьля таго, як ён здарыцца.

Канфэрэнцыя, прысьвечаная сыстэме папярэджаньня аб цунамі, распачалася ў горадзе Кобэ ў аўторак і працягнецца да суботы.
XS
SM
MD
LG