Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лебедзева – ад Вялікага Княства Літоўскага да нашых дзён


Віталь Сямашка, Лебедзева, Маладэчанскі раён (эфір 20 студзеня). Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

1567 год. Кароль Жыгімонт Аўгуст рыхтуе падпісаньне уніі. Магнаты Вялікага Княства Літоўскага прапаноўваюць так званы “мяккі” варыянт Рэчы Паспалітай, што выключаў бы далучэньне да Польшчы ды прадугледжваў захаваньне асобнага Сойму. Аўгуст — зусім у духу сучасных паліттэхналёгіяў — прыяжджае сюды, у мястэчка Лебедзева, што ў сучасным Маладэчанскім раёне, дзе сабраліся 30 тысяч прадстаўнікоў беларускай шляхты. Ён ініцыюе, як мы б цяпер сказалі, вусны шляхецкі рэфэрэндум, дзе даецца згода на скліканьне агульнага-такі Сойму з палякамі, дзе і мела б вырашыцца пытаньне уніі. Гэта ўжо ня зможа ігнараваць і магнатэрыя ВКЛ…

Газэта “Наша Ніва” абвясьціла адной з сэнсацыяў 2004 году адмысловы досьлед гісторыка Андрэя Янушкевіча. Але нават згадкі пра гэтую зусім не шараговую падзею не знаходжу ні ў адной крыніцы савецкага часу. Заінтрыгаваны, чаму ўзьнікла белая пляма, тэлефаную спадару Андрэю.

(Янушкевіч: ) “У савецкі час гісторыя ВКЛ папросту не вывучалася, таму што ВКЛ трактавалася як чужая дзяржава. Спасылкі на гэты зьезд знаходзяцца ў мэтрыцы ВКЛ і надрукаваныя напачатку 20 стагодзьдзя Мацьвеем Любаўскім у знакамітай манаграфіі “Літоўска-рускі сойм”.

Адну за адной адкрываю для сябе цікавосткі пра Лебедзева ды лебядзянцаў. У час паўстаньня Кастуся Каліноўскага два гады вёска знаходзілася ў руках атраду касінераў, сфармаванага з тутэйшага люду. Адсюль паходзіць вядомы ў Эўропе філянтроп Ян Цьвінскі. Мясьцінамі, кажуць, захапляліся Максім Багдановіч ды Янка Купала. Купалу тут пісалася…

(Адамовіч: ) “Горы ды каменьні, вузкія палоскі — гэта наша поле, поле нашай вёскі. Лапці ды сярмягі, як абраз нябоскі, гэта нашы людзі, людзі нашай вёскі. Карчмы ды астрогі, крыжыкі, бярозкі — гэта наша доля, доля нашай вёскі. Гэта было напісана тады, калі ў нас ён быў”.

Як вы здагадаліся, я ўжо ў Лебедзеве, у хатняй атмасфэры краязнаўчага музэю — разам з дырэктаркай ды гаспадыняй Марынай Адамовіч. Тут звыш тысячы экспанатаў.

(Адамовіч: ) “Краязнаўчы музэй — сялянская хата. Ложак, даматканыя ручнікі, куфар жыцьця, дзе захоўваецца адзеньне на радзіны, на пахаваньне. Ёсьць народныя прылады працы 19 стагодзьдзя, калыска. Самы старажытны экспанат — царкоўная кніга другой паловы 19 стагодзьдзя, дзе запісваліся шлюбы — тут радаводы многіх лебядзянцаў. Сьвятар захаваў перад тым, як царкву ператварылі ў сховішча зерня ў брэжнеўскі час”.

Бадай, дзякуючы гэтаму сёньня з вуснаў тубыльцаў можна пачуць…

(Спадар: ) “Мая бабця нарадзілася аж у 1800 годзе — маіх ужо тры пакаленьні. Я чытаў прыпавесьць. Наша вёска ў нізіне, я сам смоўжаў знаходзіў. Раней тут было возера…”

(Ганна: ) “Бабуля расказала мне… У возеры другое дзіва — два лебедзі-прыгажуны. Як зелянела ў полі ніва, над ёй кружыліся яны. А вечарамі ля вады дзяўчаты з хлопцамі сьпявалі. Гармонікі на ўсе лады аж заліваліся, ігралі. Вяскоўцы дружныя заўжды адзін за аднаго гарою. Ня ведалі яшчэ тады, што хутка стрэнуцца зь бядою…”

А гэта ўжо васьміклясьніца Ганначка Адамовіч, якая паводле старажытнай легенды напісала сваю “Баляду пра Лебедзева”. Але хай прыпавесьць закончыць маці — усё-такі восьмы год як краязнаўца.

(Адамовіч: ) “Знайшоўся злы чалавек, які застрэліў важака. І пайшло возера ў зямлю, лебедзі зьніклі, патанулі хаты, размыла ўраджай. Потым забыліся людзі. Сталі на гэтым месцы будаваць. Спачатку называлі сялібу Лебядзіным дном, да нашчадкаў дайшло ўжо як Лебедзева”.

Сама Марына — унучка ў трэцім калене знакамітага лебядзянца, мастака Рамана Семашкевіча, забітага энкавэдзістамі ў 1938-м. Аднак рана, якая яшчэ крывавіць, — загадкавая сьмерць у 1982-м яшчэ аднога Семашкевіча — Рыгора, адраджэнца, вядомага паэта ды літаратуразнаўцы, які, паводле афыцыйнае вэрсіі, выкінуўся зь пятага паверху. У родных жа дагэтуль вялікія сумневы наконт гэтага. У лебядзянскай школе працуе настаўніцай родная сястра творцы Тацяна Міхайлаўна Семашкевіч. Вось ейны ўспамін:

(Тацяна: ) “Ён прыяжджаў апошнім разам на Вялікдзень, кватэру атрымаў, хацеў, каб прыехалі на ўваходзіны на Сёмуху. Ён шмат у архівах працаваў у Пецярбурзе. Кніга выйшла. Ён быў пад “каўпаком”. Мы неяк ішлі па праспэкце, ён кажа: у гэтым будынку я быў — у КГБ”.

Месьцічы прапануюць даць імя спадара Рыгора цэнтральнай вуліцы Савецкай, дзе дагэтуль жыве шмат Семашкевічаў. Але сродкаў на перайменаваньне хапіла пакуль толькі на адну з васямнаццаці вулак, што ёсьць у мястэчку — Камсамольская стала Крынічнай. Акурат уздоўж яе працякае рэчка Нявежа, што сілкуе ўсе калодзежы. Тутэйшыя не прамінулі паскардзіцца мне:

(Спадар: ) “Нечыстоты ідуць да нас. Звалка арганізаваная — сьмецьце з Радашковічаў ды Маладэчна”.

Тым ня менш, жыцьцё-быцьцё больш як тысячы лебядзянцаў выгодна адрозьніваецца ад суседзяў, як кажуць, па ўсіх паказьніках. Невялікі, але ўстойлівы рост насельніцтва. Пэнсіянэраў менш за палову. Трымаюць шпіталь ды дзіцячы садок. Кватэры тут ня менш як за 2000 даляраў. Будуецца аўтаматызаваны кароўнік на 3000 галоваў. Але найбольш дарагога каштуе, што 70 з 300 чалавек працаздольнага насельніцтва, што працуюць у створанай з былога калгасу аграфірме “Лебедзева” апошнімі месяцамі займелі трывалы заробак. Вось што кажа рабочы зернескладу Зьміцер Жлабоцкі:

(Жлабоцкі: ) “Было дрэнна: заробку ніякага, тэхніка дабітая. Зьявіліся новыя камбайны, трактары, спэцзабесьпячэньне. Пайшло ўсё ўверх. Раней заробак тут быў 30 рублёў, а цяпер 300 — у дзесяць разоў вышэйшы”.

Шанцунак, што выпаў месьцічам, старшыня Лебядзянскага сельсавету і яшчэ адзін Семашкевіч, Леанід Іванавіч, сам назваў “шалёным”. Паводле прэзыдэнцкай устаноўкі на чарговую “змычку гораду ды вёскі” за тутэйшай аграфірмай замацавалі заможнае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства “Менскэнэрга”, якое ўклала сёлета ў гаспадарку не адзін дзясятак мільёнаў. Прамежкавыя вынікі й падсумаваў у размове са мной спадар Леанід.

(Леанід: ) “Заробак цяпер дзень у дзень 16-га, першы год усё запахана, унесеныя мінэральныя, арганічныя ўгнаеньні, засеяна элітным насеньнем. П’янкі перапыніліся на працы. За апошнія тры месяцы ніводнага пратаколу ня складзена нават пры начных праверках”.

(Карэспандэнт: ) “Белэнэрга” ёсьць якая-небудзь выгада?”

(Леанід: ) “Ім пастаўлена задача аграфірму “Лебедзева” цягам двух гадоў вывесьці на рэнтабэльную працу. Гэта значыць, атрымліваць ад каровы па 4000 літраў малака, ураджайнасьць 40 і болей цэнтнэраў. Канечне, галаўны боль у “Менскэнэрга” — неадпаведнай працай займаюцца”.

Пакуль жа лебядзянцы ўтрая скарацілі набор у гаспадарку вольнапаселеных з тутэйшай спэцкамэндатуры, што выконвалі самую няўдзячную працу — яе стала выгадна рабіць самім. “Фірмоўцам” пачалі зайздросьціць аднавяскоўцы, што кожны дзень езьдзяць на працу ў Маладэчна ці ў Менск. Зрэшты, зь іншае нагоды. Кажуць Марыя Віткоўская, што працуе ў раённым шпіталі, ды ейны муж Мікалай:

(Марыя: ) “Мы працуем да 20 гадзін, на палову сёмай апошні аўтобус — і нам няма чым дабірацца дахаты. Скажам, з Маладэчна ў пяць спазьніўся, пешшу ідзі дамоў 10 кілямэтраў”.

(Карэспандэнт: ) “А беспрацоўе ёсьць у Лебедзеве?”

(Мікалай: ) “Моладзь па хатах сядзіць, няма куды ісьці. Ніхто ня хоча кароваў трымаць — цяжка! Адбілі ахвоту. Праз хату — пустыя, паўміралі, у горад паўцякалі. Будзе абмылкі зьбіраць ды піва піць, а сюды ня пойдзе. Хто ў нас застаўся з мужыкоў? Я ды Мішка на кілямэтар. Дзяўчат многа, а паставіць — няма каму!”

Твары маіх суразмоўцаў становяцца сур’ёзнымі, калі гамана зайшла пра самае надзённае.

(Мікалай: ) “А чаму ў нашага прэзыдэнта, як ён гаворыць, падвышаюцца кошты безь яго ведама?! Вось на хлеб, цукар — ён жа падпісвае нейкія дакумэнты! Цяпер па тэлевізары трашчыць — я ўвайду туды, у эўра. Дык ты ж дагані босага-голага спачатку!”

(Карэспандэнт: ) “Гаспадыня, якую страву найчасьцей ядуць у вашай хаце?”

(Марыя: ) “Бульба, сала і хлеб. Як набудзеш селядца, дык толькі на сьвята — дорага”.

Дванаццаць гадоў таму ўзьнік у Лебедзеве гарадок, дзе жывуць пасяленцы з забруджаных Чарнобылем раёнаў. Першапачаткова плянавалася збудаваць сотню дамоў. Сродкаў хапіла на два дзясяткі, засталося ж восем сем’яў. Настаўніца Надзея Емяльяненка, якая пераехала зь вёскі Няглюбка, што на Веткаўшчыне, нібы агучвае тутэйшы чарнобыльскі мартыралёг.

(Емяльяненка: ) “Сянько памёр — сэрца, Саша Сокал — рак кішэчніка, Грыб Юра — сэрца, 36 гадоў…Усё роўна дадому хочацца, маці ўбачыць, там Радзіма…”

А вось Тамара Анікеева, што пераехала з Рагачоўшчыны, знайшла тут паратунак калі не для сябе, дык для сваіх дзяцей.

(Анікеева: ) “У нашым пасёлку Беліцкі было звыш 5 кюры.У майго старэйшага сына ўзьніклі праблемы з крывёю, урачы сказалі: калі хачу захаваць сына, трэба абавязкова зьехаць. Мне вельмі цяжка было прыжыцца, я настаўніца нямецкай мовы, а тут школа з ангельскай. А цяпер не шкадую, бо наш пасёлак памірае. Я магу падыхаць сьвежым паветрам, зь сяброўкай пасядзець у садку, дзе квітнеюць вішні”.

Якраз насупраць — хата сям’і Кустэнкаў, дзе мне раілі пабываць, здаецца, усе. Калі сужэнцы мелі ці не паўвекавы ўзрост, вырашылі ўсынавіць хлопчыка-цыганя. І самі ня ведалі, што ўсё толькі пачынаецца. Расказвае названая маці — Юлія Кустэнка:

(Кустэнка: ) “Паехала ў Жодзіна, у дзіцячы дом. Цяпер хоць воз іх вязі, а тады… Кажу: дайце хлопчыка якога чорненькага, на мужыка падобнага. Дырэктарка: хлопчык ёсьць, але зь сястрычкай. Мы не пацягнем! А яна на мяне спачатку “мадам, мадам”, а тады: чорт вас ня возьме, будзеш дзякаваць за дзяцей! А як брала, убачыла па дакумэнтах, што ў іх яшчэ ёсьць хлопчык. Іх адправілі ў дзіцячы дом, а яго ў дом дзіцяці ў Салігорск. Паехала я і забрала малога”.

На вачох у Юліі сьлёзы. Гэта цяпер апрацоўваюць сямейнай грамадой 10 гектараў зямлі, пасьвяць пяць сваіх кароў. А чаго толькі ні было…

(Кустэнка: ) “Ой, мы пагаравалі… Было, што не было на хлеб. Думалі, ня выжывем. Пісалі на прэзыдэнта, прыехалі з райвыканкаму, прывезьлі тры покрыўкі, прадуктаў мяшок — кансэрвы. Кажуць: пішыце на матэрыяльную дапамогу — 30 тысяч толькі далі. Дык касіць паказалі — аж каса трашчыць, бульбу садзіць — я за ім не пасьпяваю, такі рукасты хлопчык. Лебядзянца зрабілі. А дзяўчына ў інстытут пойдзе”.

На шпалерах у хаце Кустэнкаў — маляўнічы востраў пасярод чыстай азёрнай роўнасьці, куды толькі й глядзі прыляцяць лебедзі. Згадваю прачытанае ў Семашкевіча: “А ня ты, то хай лебедзь узмахне нада мной…”. І мне верыцца ў словы настаўніцы Тамары Анікеевай ды юнай Ганначкі Адамовіч:

(Анікеева: ) “Малодшы сын Уладзя кажа, што іх чацьвёра зьбіраюцца паступаць у Белаграўнівэрсытэт, а пасьля вернуцца ў вёску — дакладна кажу”.

(Ганна: ) “Тут вельмі прыгожыя мясьціны, я тут нарадзілася, жыву. Хачу стаць настаўніцай нямецкай мовы. Вучыцца трэба будзе ехаць, а потым вярнуся дадому”.

(Карэспандэнт: ) “Ты верыш, што вернесься ў Лебедзева?”

(Ганна: ) “Так…”
XS
SM
MD
LG