Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вядомыя палітыкі камэнтуюць прызначэньне новага шэфа КГБ


Алег Грузьдзіловіч, Менск “Дзеяньнямі па ўтрыманьні асабістай улады з боку Аляксандра Лукашэнкі” назваў адзін зь лідэраў беларускай апазыцыі Анатоль Лябедзька сёньняшнія прызначэньні ў КГБ Беларусі. Паводле другога вядомага апазыцыянэра, Мікалая Статкевіча, на кіруючыя пасады ў КГБ прыйшлі людзі, найменш зьвязаныя з Масквой. Як камэнтуюць кадравыя зьмены ў кіраўніцтве КГБ вядомыя асобы ў беларускім грамадзтве?

Верагоднае ўзмацненьне палітычнага вышуку –гэта адзначылі ў сваіх прагнозах амаль усе беларускія апазыцыянэры, якія камэнтуюць прызначэньне Сьцяпана Сухарэнкі новым кіраўніком КГБ.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька пачаў свой камэнтар з думкі, што сапраўдным шэфам гэтай спэцслужбы застаецца Аляксандар Лукашэнка.

Паводле Анатоля Лябедзькі, гэта і будзе вызначаць дзейнасьць КГБ ў найбліжэйшай будучыні.

(Лябедзька: ) “Што я магу прагназаваць – гэта якраз узмацненьне палітычнага сыску. Што да Сьцяпана Сухарэнкі – ён фігура, якая мае вялікую цягу да палітычных рэпрэсіяў. І гэтыя якраз абумоўлены выбар Аляксандра Лукашэнкі. Ідзе прэзыдэнцкая кампанія, і, мяркую, прыярытэтам для Аляксандра Лукашэнкі і ягонага атачэньня будзе ня столькі барацьба з карупцыяй, зь міжнароднай злачыннасьцю, колькі захаваньне ўлады. І менавіта на захаваньне ўлады будзе кінуты КГБ з тымі людзьмі, якія здольныя вырашыць гэтую задачу”.

Анатоль Лябедзька нагадаў, што калі Сьцяпан Сухарэнка кіраваў Менскай управай КГБ і быў першым намесьнікам кіраўніка гэтай спэцслужбы ўзьніклі такія гучныя справы, як справы Міхаіла Лявонава, Валера Леванеўскага, Міхаіла Марыніча, іншых апазыцыянэраў.

Мікалай Статкевіч тут зьвяртае ўвагу на гэтак званы расейскі фактар.

(Статкевіч: ) “Прызначаюцца на пасады людзі, якія будуць весьці перасьлед палітычных апанэнтаў рэжыму. А таксама тыя, хто не зьвязаны ў сваёй мінулай дзейнасьці з Масквой. Гэта ўвогуле агульная тэндэнцыя. Пачалося паляваньне на гэты слой. Замест іх ідзе новы прызыў людзей, якія ня маюць сувязяў ў Маскве і не належыць да агульнага саюзнага кляну гэбістаў”.

Хто ў найбліжэйшым атачэньні Аляксандра Лукашэнкі падтрымліваў кандыдатуру Сьцяпана Сухарэнкі на пасаду старшыні КГБ? Былы супрацоўнік вайсковай выведкі журналіст Сяргей Аніська лічыць, што гэтым чалавекам мог быць Віктар Шэйман, які ўзначальваў Савет бясьпекі ў той час, калі туды з КГБ прыйшоў Сьцяпан Сухарэнка.

(Аніська: ) “Ён быў кіраўніком аддзелу ў Савеце бясьпекі, відаць, падабаўся Віктару Шэйману і, я мяркую, адтуль пачаўся ягоны імклівы карэ’ерны рост. Ён знайшоў мэтад, як пры Шэймане, напэўна, ня толькі выжываць, але і рабіць кар’еру, і пачаў расьці.”

Былы вайсковы контарвыведнік Сяргей Аніська характарызуе Сьцяпана Сухарэнку як чалавека даволі жорсткага ў зносінах зь іншымі людзьмі, але пры гэтым не выключае, што той зьмяніўся.

Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Тацяна Процька мяркуе, што не варта засяроджвацца толькі на тым, якім быў супрацоўнік КГБ, калі рабіў сабе карэ’еру. Цяпер ў Сьцяпана Сухарэнкі іншыя магчымасьці, і ад яго больш залежыць, як іх скарыстаць, лічыць Тацяна Процька.

(Процька: ) “Жорсткасьць, калі разумець яе як пасьлядоўнасьць і прынцыповасьць у дэмакратызацыі дзеяньняў спэц.органаў, будзе на карысьць. Але калі ён, дасягнуўшы такіх вышынь, будзе, як кажуць, зводзіць рахункі з тымі, хто яму не сымпатызаваў ці не сымпатызуе паводле розных прычынаў – а ў яго такія магчымасьці цяпер не абмежаваныя – тады гэта вельмі небясьпечна”.

Гл. таксама • Лукашэнка прызначыў новага шэфа КГБ
XS
SM
MD
LG