Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прызначыў новага шэфа КГБ


Любоў Лунёва, Менск Аляксандар Лукашэнка прызначыў новага старшыню КГБ. Ім стаў генэрал-маёр Сьцяпан Сухарэнка, які да гэтага тры месяцы выконваў абавязкі шэфа КГБ пасьля адстаўкі Леаніда Ерына. Аляксандар Лукашэнка прызначыў і новых намесьнікаў старшыні КГБ – кіраўнікоў упраўленьняў.

Толькі адзін з намесьнікаў шэфа КГБ, Мікалай Свораб, застаўся на сваёй пасадзе. Былы старшыня упраўленьня КГБ Віцебскай вобласьці Васіль Дземянцей прызначаны першым намесьнікам Сьцяпана Сухарэнкі. Былы старшыня УКГБ Гарадзенскай вобласьці — намесьнікам, кіраўніком галоўнага упраўленьня контравыведвальнай дзейнасьці. Аляксей Ялфімаў стаў кіраўніком упраўленьня ваеннай выведкі. Гэтую пасаду раней займаў Ігар Кузьняцоў. Цяпер ён узначаліць упраўленьне КГБ па Менску і Менскай вобласьці.

Сьцяпану Сухарэнку 43 гады. Ён скончыў тэхналягічны інстытут, а потым вышэйшую навучальную установу КГБ. У 1997 годзе Аляксандар Лукашэнка прызначыў яго намесьнікам старшыні КГБ у пытаньнях барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй. Да прызначэньня на гэтую пасаду Сьцяпан Сухарэнка узначальваў аддзел барацьбы з карупцыяй у сакратарыяце Савету бясьпекі.

Менш чым праз год Аляксандар Лукашэнка прызначыў палкоўніка Сухарэнку кіраваць УКГБ па Менску і Менскай вобласьці.

Сьцяпан Сухарэнка стаў вядомы журналістам пасьля выказваньняў супраць падрыхтоўкі назіральнікаў за прэзыдэнцкімі выбарамі 2001 году з выкарыстаньнем рэсурсаў міжнародных арганізацыяў ці іншых краінаў:

(Сухарэнка: ) “Яны самі хочуць падбіраць кандыдатуры назіральнікаў, будуць фінансаваць іх навучаньне і патрабаваць ад іх нейкіх вызначаных вынікаў. Прычым, гэта будзе рабіцца, абмінаючы Цэнтарвыбаркам Беларусі — орган, які закліканы кантраляваць правядзеньне выбараў. Такая сытуацыя цалкам адпавядае прынцыпам вэрбоўкі агентаў”.

Пасьля выбараў у лістападзе 2001 году Сьцяпан Сухарэнка папярэдзіў міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня: “Прадпрыемства “Белвільлесдэн” робіць захады дзеля усталяваньня кантролю над прадпрыемствамі рэспублікі, якія ажыцьцяўляюць і захаваньне і перапрацоўку рыбапрадуктаў”. У выніку фірма, якая пастаўляла пятую частку рыбы ў Беларусь не атрымала Менскі рыбакомплекс.

Наконт гандлю зброяй Сьцяпан Сухарэнка выказваўся ў 2002 годзе такім чынам:

(Сухарэнка: ) “Гандаль таварамі ваеннага і падвойнага прызначэньня разглядаецца кіраўніцтвам Беларусі ў якасьці важнай і вельмі адказнай часткі замежнаэканамічнай дзейнасьці”.

Тады ж 13 сакавіка 2002 году на сустрэчы з журналістамі ён зьняпраўдзіў усе абвінавачаньні наконт сумнеўных угодаў са зброяй, якія заключыў Менск з Альжырам, Анголай і Суданам. Ён спаслаўся на тое, што Беларусь не адзіная краіна, якая пастаўляе туды узбраеньне, казаў, што гэта ж робіць і Расея.

Сьцяпан Сухарэнка узначаліў КГБ за паўтара году да наступных прэзыдэнцкіх выбараў.

Ягонага папярэдніка Леаніда Ерына Аляксандар Лукашэнка адправіў у адстаўку пасьля таго, як на другі дзень пасьля выбараў 18 кастрычніка той выйшаў да натоўпу дэманстрантаў і запрасіў да сябе ў кабінэт лідэра “Маладога фронту” Паўла Севярынца і некалькіх журналістаў.

Леанід Ерын не адказаў на галоўнае пытаньне пра лёс зьніклых палітыкаў і даволі нэгатыўна характарызаваў некаторых лідэраў апазыцыйных партыяў.

(Ерын: ) “Апазыцыя атрымлівала і атрымлівае грошы, але ня кожны ведае, хто і колькі. Вось, напрыклад Павал, ня ведае колькі атрымлівае Лябедзька, колькі атрымлівае Фралоў, колькі атрымліваюць іншыя – таксама. Агучваць ня буду, бо яны ж нічога не заяўлялі… Сёньня на выбары усе кандыдаты ад партыяў ішлі і заяўлялі тое, што ў кожнага ёсьць.”

Аляксандар Лукашэнка неўзабаве пасьля гэтага зьняў Ерына і правёў іншыя кадравыя зьмены ў апараце КГБ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG