Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэры апазыцыі ўхвалілі мэханізм вылучэньня адзінага кандыдата


Альгерд Невяроўскі, Менск Удзельнікі стала дзейнай нарады дэмакратычных сілаў ухвалілі мэханізм абраньня адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад апазыцыі. Мэханізм вылучэньня падзелены на тры этапы. Прадугледжаныя два варыянты гэтай працэдуры — скарочаны па часе й больш працяглы.

Удзельнікі нарады адзінагалосна ўхвалілі мэханізм вылучэньня адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад дэмакратычных сілаў. Спачатку прэтэндэнты павінны прайсьці працэдуру вылучэньня ў сваіх палітычных партыях, кааліцыях, ці на рэгіянальных сходах грамадзкасьці. Кожны патэнцыйны прэтэндэнт у кандыдаты павінен мець працаздольную каманду.

Важкае слова падчас вылучэньня будзе мець і заключэньне аўтарытэтных экспэртаў. А канчаткова адзіны кандыдат будзе зацьверджаны на Кангрэсе дэмакратычных сілаў Беларусі. Палітычныя партыі й сходы грамадзкасьці могуць вылучаць як партыйных, так і непартыйных прэтэндэнтаў. Палітычныя партыі, ці партыйныя аб’яднаньні маюць права вылучаць па адным кандыдаце, а сходы грамадзкасьці па два.

Пасьля паседжаньня лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька сказаў у інтэрвію Беларускай Свабодзе:

(Лябедзька: ) “Гэта вельмі важкі дакумэнт. Я лічу, што гэта адна з прыступак, па якой мы падняліся да выпрацоўкі адзінай стратэгіі дзеяньняў усіх дэмакратычных сілаў Беларусі. Прапанаваная схема ўлічвае жаданьні й амбіцыі — як асобаў, так і палітычных структураў. Яшчэ ёсьць шмат пытаньняў, якія патрабуюць дадатковага абмеркаваньня з больш шырокім удзелам грамадзкіх арганізацыяў і патэнцыйных кандыдатаў у кандыдаты падчас правядзеньня гэтай працэдуры. Але асновы гэтай працэдуры ўзгодненыя”.

Удзельнікі нарады гавораць, што не дапусьцяць памылак дэмакратычных сілаў 2001 году і вылучэньні прэтэндэнтаў пройдуць у строга вызначаныя тэрміны. Гэта значыць, да канца сакавіка гэтага году. Праўда, для некаторых патэнцыйна моцных непартыйных прэтэндэнтаў у гэтай справе могуць быць зробленыя выключэньні — і яны змогуць далучыцца да кампаніі трохі пазьней. А Кангрэс дэмакратычных сілаў павінен прайсьці альбо сёлета вясной (калі ўлады абвесьцяць аб правядзеньні датэрміновых прэзыдэнцкіх выбараў у 2005 годзе), альбо сёлетняй восеньню (у выпадку правядзеньня выбараў у 2006 годзе).

Анатоль Лябедзька лічыць, што ідэальная лічба прэтэндэнтаў — 5–7 чалавек. Нагадаю, што пакуль заявілі аб сваіх прэзыдэнцкіх амбіцыях толькі тры ўдзельнікі сталай нарады: Мікола Статкевіч, Сяргей Калякін і Анатоль Лябедзька.

Пытаньня пра тое, хто будзе прадстаўляць у сталай нарадзе “Народную грамаду” — Мікола Статкевіч ці Анатоль Ляўковіч — на гэтым паседжаньні не разглядалі, бо новае кіраўніцтва партыі ў ім ня ўдзельнічала.
XS
SM
MD
LG