Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інаўгурацыя В.Юшчанкі прызначаная на 23-е; Лукашэнка і Пуцін павіншавалі Юшчанку аднымі з апошніх


Валер Каліноўскі, Менск Завяршылася выбарчая кампанія ва Ўкраіне, пасьля трохдзённага працэсу Вярхоўны суд Украіны адмовіў у задавальненьні скаргі Віктара Януковіча, які прайграў і аспрэчваў вынікі выбараў. Цэнтральныя ўкраінскія газэты “Голас Украіны” і “Урадавы кур’ер” сёньня апублікавалі пастанову ЦВК пра абраньне прэзыдэнтам Украіны лідэра апазыцыі Віктара Юшчанкі, а Вярхоўная Рада прызначыла ягоную інаўгурацыю на 23 студзеня.

Леанід Кучма, прэзыдэнцкія паўнамоцтвы якога заканчваюцца, сёньня прывітаў Віктара Юшчанку зь перамогай на прэзыдэнцкіх выбарах. Пра гэта адным сказам паведаміў сайт Кучмы, ніякіх падрабязнасьцяў гэтага доўгачаканага віншаваньня пададзена не было.

Ад імя ўраду Ўкраіны Віктара Юшчанку вітаў і выканаўца абавязкаў прэм’ера Мікола Азараў, сёньня ён правёў апошняе паседжаньне свайго ўраду. Тым часам Віктар Юшчанка сёньня датэрмінова склаў свае дэпутацкія паўнамоцтвы. Ён рыхтуецца да інаўгурацыі, якая адбудзецца ў нядзелю а 12 гадзіне, а ў панядзелак чакаецца прызначэньне новага прэм’ера.

На адрас Юшчанкі працягваюць надыходзіць віншаваньні ад кіраўнікоў замежных краінаў. Аднымі з апошніх сёньня апоўдні павіншавалі Юшчанку кіраўнікі Расеі і Беларусі. Уладзімер Пуцін пры гэтым падкрэсльліў патрэбу пасьлядоўнасьці ў двухбаковых дачыненьнях. Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі спадара Юшчанку “ведаюць як віднага дзяржаўнага дзеяча і дасьведчанага палітыка” і выказаў спадзеў на пашырэньне беларуска-ўкраінскага супрацоўніцтва і ўмацаваньне добрасуседзкіх дачыненьняў.

23 лістапада летась Аляксандар Лукашэнка ўжо вітаў па тэлефоне зь перамогай былога ўкраінскага прэм’ера Віктара Януковіча. Аднак цяпер на афіцыйным сайце А.Лукашэнкі паведамленьне пра тое віншаваньне зьнішчанае.

На інаўгурацыю Віктара Юшчанкі ўрачыстасьцях чакаецца прыезд прэзыдэнта Польшчы Аляксандра Квасьнеўскага, дзяржсакратара ЗША Коліна Паўэла, сьпікера Дзярждумы Расеі Генадзя Грызлова, іншых замежных лідэраў і палітычных дзеячаў. Міністэрства замежных справаў Украіны яшчэ тыдзень таму разаслала запрашэньні на інаўгурацыю новага прэзыдэнта Ўкраіны. Прыйшло такое запрашэньне і ў Менск. Аднак да гэтага часу не вядома, хто ж ад Беларусі паедзе прывітаць новаабранага прэзыдэнта Ўкраіны, паведаміў прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных.

(Савіных: ) “Мы перакананыя, што ўзаемаадносіны Беларусі і Ўкраіны будуць будавацца на добрасуседзкай аснове. Мы плянуем і далей разьвіваць наша гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва з Украінай. Украіна зьяўляецца прыярытэтным партнэрам для Рэспублікі Беларусь”.

Большасьць назіральнікаў лічаць малаверагодным, што на інаўгурацыю ў Кіеў паедзе сам Аляксандар Лукашэнка. Абедзьве ягоныя інаўгурацыі былі вельмі сьціплымі з гледзішча прысутнасьці замежных гасьцей. У 1994 годзе, як згадвае былы кіраўнік Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб, асабліва нікога і не запрашалі, бо не было сродкаў і магчымасьцяў. У 2001 годзе замежныя лідэры ў Менск таксама не прыбылі. Тыя выбары не былі прызнаныя дэмакратычнымі большай часткай міжнароднай супольнасьці.

Але нават калі ад Беларусі ніхто не паедзе на інаўгурацыю Юшчанкі, гэта асабліва не паўплывае на двухбаковыя адносіны — гэтая дэталь хутка забудзецца, лічыць Мечыслаў Грыб, а вось кардынальная розьніца ўкраінскага і беларускага рэжымаў будзе адбівацца на двухбаковых дачыненьнях:

(Грыб: ) “Я думаю, несумненна, гэта будзе істотна адбівацца на ўсякіх дачыненьнях. Таму што адносіны могуць быць вялікія, шырокія, а могуць быць вельмі вузкія. Мне здаецца, што нас тут чакаюць даволі вузкія адносіны, тыя, якія крайне неабходныя, безь якіх немагчыма існаваць суседзям”.

Прадстаўнікі Беларусі ў любым выпадку будуць у Кіеве падчас інаўгурацыі Юшчанкі. На Храшчаціку ў намётавым мястэчку дагэтуль стаіць “беларускі” намёт, дзе зь лістапада працягваюць сваю варту каля дзясятка беларусаў — прадстаўнікоў апазыцыйных рухаў. Днямі адтуль вярнуўся апазыцыйны актывіст Вячаслаў Сіўчык.

(Сіўчык: ) “Я ўсё-такі думаю, што ўдзел беларусаў ва ўкраінскіх падзеях заклаў яшчэ адзін камень у падмурак нашага сяброўства. І, канечне, беларускаму народу было вельмі патрэбна, каб ва Ўкраіне перамагла дэмакратыя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG