Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ідэолягі "не рэкамэндуюць" разьмяшчаць рэкляму ў недзяржаўных СМІ


Міхал Карневіч, Горадня Упраўленьне ідэалёгіі Гарадзенскага аблвыканкаму разаслала дзяржаўным прадпрыемствам і ўстановам вобласьці лісты, у якіх “не рэкамэндуе” ім разьмяшчаць рэкляму ў недзяржаўных газэтах.

Неабходнасьць зьяўленьня гэтага дакумэнта, як патлумачыў мне спэцыяліст упраўленьня ідэалёгіі Анатоль Пятроў, які непасрэдна займаўся яго распрацоўкай, выклікана цяжкім фінансавым станам дзяржаўных газэтаў. З 17 раёнак толькі шэсьць рэнтабэльныя, астатнія стратныя і дапамогі яны ніякай ня маюць.

Анатоль Пятроў, зь яго словаў, прааналізаваў колькасьць рэклямы ў дзьвюх недзяржаўных газэтах вобласьці “Биржа информации” і “Газета Слонимская” і прыйшоў да высновы, што там зашмат рэклямы дзяржаўных прадпрыемстваў. У якасьці прыкладу прывёў Гарадзенскі малкамбінат, маўляў, яны рэклямуюцца ў кожным нумары, а чытачы ўвесь час у іх тыя самыя. У сувязі з гэтым і зьявіўся “рэкамэндацыйны” ліст. Што датычыць законнасьці такога дакумэнта, А.Пятроў патлумачыў, што законнае сілы ён ня мае, ён кажа, што яны толькі нагадваюць кіраўнікам прадпрыемстваў, што ёсьць дзяржаўныя газэты, якія знаходзяцца ў цяжкім становішчы, а ўжо рашэньні, дзе рэклямавацца, яны будуць прымаць самі.

На маю заўвагу, што падобная “рэкамэндацыя” з боку ўлады ўспрымаецца кіраўнікамі як абавязковая, спадар Пятроў у адказ толькі ўсьміхнуўся.
XS
SM
MD
LG