Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады вінавацяць у падвышэньні платы за ацяпленьне надвор’е і Расею


Казімір Яноўскі, Гомель Многія жыхары Гомелю зьведваюць цяпер вялікае ўзрушэньне з прычыны падвышэньня камунальных плацяжоў, і перш за ўсё за ацяпленьне. Асабліва пэнсіянэрам выжываць становіцца ўсё складаней.

Людзі ставяцца да чарговага падвышэньня плацяжоў са зьдзіўленьнем. Высокія кіраўнікі з тэлеэкранаў распавядаюць пра сацыяльную абароненасьць насельніцтва, паўсядзённы клопат дзеля падвышэньня дабрабыту людзей. І тут жа розныя дзяржаўныя структуры, а перадусім жыльлёва-камунальныя службы, запускаюць рукі ў кашалькі грамадзянаў.

У сытуацыі “паўзучых” камунальных плацяжоў асабліва цяжка выжываць пэнсіянэрам, а тым больш самотным. Распавядае гомельская пэнсіянэрка Францішка Антонаўна:

(Францішка Антонаўна: ) “Палавіна пэнсіі ідзе на камунальныя паслугі – за сьвятло, за ацяпленьне, за кватэру. Яшчэ не даводзілася мне ўзімку жыць адной – то бацька быў, то муж. А зараз я не ўяўляю, што есьці і лекі за што браць – ад цукровага дыябету, ад ціску, ад сэрца”.

Падобныя клопаты зьведваюць з надыходам зімы, калі трэба плаціць яшчэ і за цяпло, шмат іншых састарэлых людзей:

(Пэнсіянэрка: ) “Ня ведаю, мой галубок. Наша пэнсія малая, мы не жывём, а выжываем толькі”.

Гэтак кажа чарнобыльская перасяленка, а цяперака жыхарка Гомеля.

Шматлікія скаргі гараджанаў на падвышэньне платы за цеплаэнэргію на 15 і больш адсоткаў вымусіла ўлады ды цеплаэнэргетыкаў ладзіць прэсавыя канфэрэнцыі наконт росту плацяжоў. Камунальнікі заяўляюць, што ў лістападзе выставілі жыхарам плату за цяпло толькі за 25 дзён, а ў сьнежні – за 36, у улікам 5 лістападаўскіх дзён. Аднак у квітках на аплату пра гэта нічога не згадваецца.

Яшчэ адна прычына, паводле камунальнікаў, у тым, што ў сьнежні ў сувязі з паніжэньнем тэмпэратуры, патрабавалася на абагрэў жытла больш цеплавой энэргіі, чымсьці ў лістападзе. Мэтэаролягі тым часам паведамляюць пра невялікую, у межах 2 градусаў, розьніцу сярэднясутачнай тэмпэратуры ў лістападзе і сьнежні.

Даводзілася чуць і меркаваньні пра тое, што падвышэньне коштаў – гэта своеасаблівая рэпэтыцыя ўладаў перад сёлетнім немінучым ростам коштаў на цяпло. Але каб віну за гэта ўскласьці на суседнюю Расею, якая нібыта падвышае кошты на газ ў сувязі з новым парадкам спагнаньня падатку на даданую вартасьць, і распачатая гульня.

Дасьведчаныя палітыкі абвяргаюць заявы беларускіх кіраўнікоў пра “руку Масквы” ў справе падвышэньня цэнаў на газ. Меркаваньне у гэтай сувязі сябра АГП Юрыя Варонежцава:

(Варонежцаў: ) “Ніякага падвышэньня з боку Расеі цэнаў на газ не адбылося. Расея як прадавала нам газ па 46 зь невялікім даляраў за тысячу кубамэтраў, так і прадае. Падатак на даданую вартасьць бярэцца там, дзе газ выкарыстоўваецца. У нашым выпадку – у Беларусі. І гэтыя дадатковыя 18 адсоткаў ад 46 даляраў ідуць у беларускую казну. Беларускаму ўраду альбо Лукашэнку можна безь цяжкасьцяў пераразьмеркаваць падатак, пакінуць прамысловым спажыўцам альбо пусьціць на датацыі насельніцтву.

Замест гэтага вядзецца гаворка пра парушэньне Расеяй нейкіх дамоўленасьцяў. Уражаньне такое, што мала зразумелыя простым людзям рэчы – падатак на даданую вартасьць ды іншае – выкарыстоўваюцца ўладамі дзеля падвышэньня коштаў на газ, электраэнэргію, іншыя камунальныя паслугі для насельніцтва”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG