Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У лясах Пружаншчыны можна натрапіць на падпольныя заводы па вырабу самагону


Падрыхтавала Любоў Лунёва Агляд незалежнага друку

“Курьер из Борисова” паведамляе пра сытуацыю вакол спэцыялізаванага дзіцячага дома “Блонь”. Хворыя дзеці жылі на ўскрайку Барысава ў старых, непрыгодных для жытла дамках. Нарэшце, летась з дапамогай немцаў і ангельцаў пабудавалі новы корпус. Напрыканцы году дзіцячы дом наведала міністар аховы здароўя Людміла Пастаялка і паведаміла, што немэтазгодна трымаць тут дзяцей, бо трэба дабудаваць яшчэ адзін корпус. Адразу прыехала мэдычная камісія і пастанавіла, што дзяцей трэба расфарміраваць па розных інтэрнатах. Аўтар артыкулу ставіць шэраг пытаньняў.

“Хто абароніць пацыента ад лекара і лекара ад пацыента?” Пад такім загалоўкам падаецца шмат інфармацыі пра памылкі мэдыкаў, пра цяжкія наступствы няправільнага лячэньня. Шмат інфармацыі, наогул, пра тое, што можна лічыць мэдычнай памылкай. Чытачы “Курьера из Борисова” могуць азнаёміцца з адпаведнай статыстыкай.

Спэцыяліст дае парады чытачам газэты, як можна абараніць сябе і сваякоў ад псыхічна хворага чалавека, што тэрарызуе сям’ю і суседзяў, і якія існуюць мэханізмы для прымусовага лячэньня.

Газэта “Вечерний Бобруйск” зьмясьціла інтэрвію з рэктарам старэйшай акадэміі Эўропы – сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках. Рэктар не выключае, што ў хуткім часе філіял акадэміі адчыняць у Бабруйску.

Жыхары Бабруйску засталіся без басэйна. У горадзе было два басэйны. Першы ў 2002 годзе перадалі праваслаўнай царкве. І ўсе жыхары – школьнікі, спартоўцы ды іншыя – хадзілі ў басэйн шыннага камбінату. Днямі яго закрылі на рамонт з-за аварыйнага стану. Невядома, калі пабудуюць новы басэйн. Адмыслоўцы выказваюцца на старонках газэты, што дзецям і асабліва людзям, якія штодня маюць стрэсавыя сытуацыі, басэйн папросту неабходны.

А Івацэвіцкая “Газета для Вас” паведамляе пра тое, што супрацоўнікі ДАІ затрымалі 26 кіроўцаў у незьвярозым стане. 40% з іх ужо пазбаўленыя правоў тэрмінам на тры гады.

“Важней за ўсё надвор’е ў хаце” пад такім загалоўкам івацэвіцкая “Газета для Вас” падае інфармацыю аб тым, што ў Драгічыне ў школе мерзнуць першаклясьнікі.

Пружанскі раён займае першае месца ў вобласьці па самагонаварэньню. У лясах знаходзяцца падпольныя заводы. У лесе можна лёгка патрапіць на іх. Негалоснае правіла кожнаму дазваляе частавацца самагонам, але нельга наліваць яго ў сваю тару і выносіць з сабой. Гэта можа мець непажаданыя наступствы.
XS
SM
MD
LG