Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўракамісія будзе абмяркоўваць стварэньне новай радыёстанцыі для Беларусі


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Дэпутаты Эўрапарлямэнту заклікалі Эўракамісію вывучыць магчымасьці паўстаньня незалежнай радыёстанцыі для Беларусі. Кіраўнікі чатырох дэлегацыяў Эўрапейскага парлямэнту ў справе дачыненьняў з усходнімі суседзямі Аб’яднанай Эўропы ў часе адмысловай сустрэчы заклікалі кіраўніцтва Эўразьвязу актывізаваць падтрымку дэмакратычных працэсаў у Беларусі.

“Мы хочам выкарыстаць як мага больш украінскага досьведу для падтрымкі дэмакратычных працэсаў у краінах былога Савецкага Саюзу”, – заявіў кіраўнік дэлегацыі Эўрапейскага парлямэнту ў справах супрацоўніцтва зь Беларусьсю Богдан Кліх.

Акрамя спадара Кліха ў сустрэчы бралі таксама ўдзел кіраўнікі дэлегацыяў у справах дачыненьняў з Расеяй, Малдовай і Украінай.

Што да Беларусі, дык у адмысловай дэклярацыі, прысутныя дэпутаты Эўрапарлямэнту заклікалі Эўрапейскую Камісію вывучыць магчымасьці паўстаньня незалежнай радыёстанцыі для Беларусі на тэрыторыі адной з краінаў-сябраў Эўразьвязу, а таксама разабрацца са справай зьніклых беларускіх палітыкаў.

Акрамя гэтага, Богдан Кліх заявіў, што ў часе парлямэнцкай дыскусіі над рэзалюцыяй у справе сытуацыі ў Беларусі запрапануе стварэньне пасады адмысловага прадстаўніка Эўразьвязу для кантактаў зь Беларусьсю.

***

Дарэчы, палата прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Беларусі не атрымала запрашэньня на зімнюю сэсію Парлямэнцкай асамблеі рады Эўропы, якая пройдзе ў Страсбуры 24-28 студзеня. Раней Старшыня Палаты Прадстаўнікоў Уладзімер Канаплёў заяўляў, што ён ня бачыць перашкодаў для разьвіцьця адносінаў з эўрапейскімі парлямэнцкімі структурамі.
XS
SM
MD
LG