Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

20 студзеня прыйшлі на сьвет Браніслаў Тарашкевіч і Рыгор Шырма


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 20 студзеня

20 студзеня ў Беларусі традыцыйна ўшаноўвалася памяць Яна Хрысьціцеля. З раніцы, перад тым як сесьці за стол, людзі пілі ваду з ракі Ярдан, у якой хрысьцілі Ісуса Хрыста. Праўда, дзеля гэтага ня трэба было выпраўляцца на Блізкі Ўсход, бо Ярданам на Вадохрышча называлася любая мясцовая рэчка.

20 студзеня 1937 году ў СССР выйшаў сакрэтны загад галоўнага энкавэдыста Яжова пра тое, каб ва ўсіх актах расстрэлу так званых ворагаў народу месца пахаваньня ня ўказвалася. Гэта быў замах ня толькі на жыцьцё невінаватых людзей, але й на чалавечую памяць. У выніку многія сучасьнікі так ніколі й не дазнаюцца, куды ў часы сталінскіх рэпрэсіяў зьніклі іхныя сваякі.

20 студзеня 1960 году ў Беларусі скасаваная Маладэчанская вобласьць і ўсталяваны той абласны падзел, што існуе да сёньня.

20 студзеня 1991 году ў Рызе атрад амонаўцаў атакаваў будынак Міністэрства ўнутраных справаў Латвіі. У выніку страляніны ў самым цэнтры гораду пры масавым зборы народу загінулі 4 чалавекі.

20 студзеня ў розныя гады прыйшлі на сьвет адразу тры дзеячы беларускага нацыянальнага адраджэньня – палітыкі і культурнікі, якіх ведаў кожны жыхар міжваеннае Заходняе Беларусі. Гэта Фабіян Акінчыц, які ў мінулую вайну загінуў ад рук партызанаў, Браніслаў Тарашкевіч, якога перад вайной расстралялі ў Курапатах, і Рыгор Шырма, якому ўдалося такі пазьбегнуць рэпрэсіяў. Народны артыст Беларусі Шырма памёр у Менску ў 1978 годзе.

20 студзеня 1801 году прыйшоў на сьвет клясык беларускага жывапісу Канут Русецкі. Зь ягоных палотнаў, як жывыя, пазіраюць на нас нашы далёкія продкі і краявіды Беларусі, якой яна была амаль 200 гадоў таму. Вось знакамітая “Жняя” Русецкага, а вось – “Вербная нядзеля”, а вось – краявіды Белавескай пушчы і ваколіцаў Наваградка.

Таксама 20 студзеня ў розныя гады нарадзіліся Аляксандар Сянкевіч, які быў міністрам аховы здароўя БССР і якога расстралялі ў 1938 годзе; і філёзаф Іван Лушчыцкі, знакаміты тым, што пасьля вайны ён першы пачаў станоўча ацэньваць ролю Кастуся Каліноўскага, Францішка Багушэвіча ды іншых дзеячоў беларушчыны.

20 студзеня 1920 году нарадзіўся слынны італьянскі сцэнарыст і кінарэжысэр Фэдэрыка Фэліні – стваральнік свайго, адметнага стылю ў кіно.
XS
SM
MD
LG