Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзе Пазьняк зарэгістраваны ў якасьці кандыдата на прэзыдэнта Беларусі?


Уладзімер Глод, Менск Заява Зянона Пазьняка пра тое, што ён будзе балятавацца на чарговых прэзыдэнцкіх выбарах у якасьці нацыянальнай альтэрнатывы адразу выклікала вялікую цікавасьць нашых слухачоў. Яны пытаюцца, ці мае права спадар Пазьняк, які працяглы час знаходзіцца ў эміграцыі, балятавацца на пасаду прэзыдэнта, ці адпавядае гэта Канстытуцыі краіны й выбарчаму заканадаўству?

Зараз перада мною ляжыць Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 году са зьмяненьнямі і дапаўненьнямі, прынятымі на рэспубліканскім рэфэрэндуме 24 лістапада 1996 году, карацей кажучы – дзейны Асноўны закон Беларусі. І вось як чытаецца артыкул 80 Канстытуцыі: “Прэзыдэнтам можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь па нараджэньню, не маладзейшы 35 гадоў, які валодае выбарчым правам і стала пражывае ў Рэспубліцы Беларусь ня менш дзесяці гадоў непасрэдна перад выбарамі”.

Цяпер паглядзім, як гэта дапасуецца да спадара Пазьняка. Грамадзянін Рэспублікі Беларусь па нараджэньню – падыходзіць. Не маладзей 35 гадоў таксама – нарадзіўся Зянон Пазьняк у 1944 годзе. Выбарчае права ў яго таксама ёсьць. А вось з апошняй умовай артыкула 80 – пражываць апошнія 10 гадоў перад выбарамі ў Беларусі – ня ўсё так проста. Наколькі ўсім вядома, спадар Пазьняк у Беларусі ўжо даўно не жыве.

Як тут быць? За кансультацыямі я зьвярнуўся да былога намесьніка старшыні Канстытуцыйнага суду Беларусі, вядомага юрыста Валерыя Фадзеева. І вось якая размова ў нас атрымалася:

(Фадзееў: ) “Я думаю, што ў Зянона Пазьняка няма шанцаў. Таму што ён, наколькі мне вядома, зараз стала не пражывае ў Рэспубліцы Беларусь. Я ня ведаю ўсіх абставін гэтага выпадку, але, мне здаецца, апошнім часам ён ніводнага разу ў Беларусь не прыяжджаў. І яго трэба лічыць стала пражываючым за межамі Беларусі”.

(Карэспандэнт: ) “Калі выбары прэзыдэнта адбудуцца ў 2006 годзе, дык чалавек мусіць, пачынаючы не пазьней чым з 1996 году, жыць у Беларусі?”

(Фадзееў:) “Так, так, гэта адназначна трактуецца так”.

А як жа тады патлумачыць сытуацыю на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах, якія адбыліся ў 2001 годзе? Тады ж дзейнічала тая ж самая Канстытуцыя, але спадар Пазьняк быў зарэгістраваны ў якасьці патэнцыйнага прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Беларусі, была таксама зарэгістраваная ягоная ініцыятыўная група, яна нават зьбірала подпісы ў ягоную падтрымку. Чым цяперашняя сытуацыя адрозьніваецца ад той?

І спадар Пазьняк, і ягоная ініцыятыўная група тады сапраўды былі зарэгістраваныя Цэнтравыбаркамам Беларусі. Іншая справа, што ягоныя прыхільнікі не змаглі ў 2001 годзе сабраць неабходныя 100 тысячаў подпісаў для ягонай рэгістрацыі ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты.

Але ўжо й тады была праблема. Проста пра гэта шмат хто цяпер забыўся. Я папрасіў узгадаць тую сытуацыю сакратара Цэнтравыбаркаму Беларусі Мікалая Лазавіка. На тым паседжаньні Цэнтравыбаркаму ён так красамоўна выступіў у падтрымку Зянона Пазьняка, што нехта з калегаў-журналістаў тады напісаў так: “Здавалася, яшчэ крыху, і Мікалай Лазавік скончыць свой выступ словамі – “Жыве, Беларусь!” І вось як распавядае пра сёньняшнюю і мінулую сытуацыю спадар Лазавік:

(Лазавік: ) “Тут ёсьць акалічнасьці, якія вымушаюць нас задумацца – наколькі чыста будзе выконвацца норма выбарчага заканадаўства, якая патрабуе, каб кандыдат у прэзыдэнты стала пражываў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь апошнія 10 год перад выбарамі? Такое ж пытаньне стаяла і падчас выбараў прэзыдэнта ў 2001 годзе. Тады неадназначна трактавалі гэтую норму і юрысты, і палітыкі, і сярод сябраў Цэнтравыбаркаму былі розныя пункты гледжаньня. І нават калі ставілі гэтае пытаньне на галасавньне, яно было прынятае неаднагалосна.

Мы рабілі запыт у Канстытуцыйны суд. І нам растлумачылі, што ў Зянона Пазьняка на той час была сталая праца, якая была зьвязаная непасрэдна з кіраўніцтвам партыі КХП-БНФ, якая й зарэгістраваная, і дзейнічае на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. У Зянона Пазьняка была й мінская прапіска, у яго на той час была кватэра, магчыма, яна і сёньня яшчэ ў яго ёсьць. І ўлічваючы ўсё гэта, было прынята рашэньне – зарэгістраваць яго кандыдатам у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь. Што будзе ў 2006 годзе, я сказаць пакуль не магу. Зноў жа, прыйдзецца вывучаць усе акалічнасьці гэтай справы”.

Дык зарэгіструюць спадара Пазьняка ці не? Спачатку я выкажу сваю асабістую – падкрэсьліваю, асабістую думку, чаму Зянона Пазьняка зарэгістравалі ў 2001 годзе. Хаця спадар Лазавік і казаў тут, што Цэнтарвыбаркам раіўся з Канстытуцыйным судом, пазьней стала вядома, што рашэньне наконт рэгістрацыі прымалася яшчэ на больш высокім узроўні. І гэта, на мой погляд, было не юрыдычнае, а палітычнае рашэньне. Тады ўлады разважалі так: зарэгістраваць Пазьняка і ня даць яму сабраць неабходныя 100 тысячаў подпісаў значна выгодней, чым адмовіць яму ў рэгістрацыі. І час паказаў, што тады ўлады не памыліліся.

Але ж час на месцы не стаіць, сытуацыя ў Беларусі зьмянілася і будзе працягваць мяняцца. Таму я ўпэўнены, што рашэньне адносна Зянона Пазьняка будзе прымацца на тым жа вышэйшым узроўні непасрэдна перад аб’яўленьнем выбарчай кампаніі. І зноў жа ўлады будуць вырашаць, як для іх лепш – рэгістраваць Зянона Пазьняка ці адмовіць яму. Усё будзе залежыць ад тагачаснага становішча непасрэдна ў Беларусі і вакол яе.

Што да таго, ці будзе ў Зянона Пазьняка праблема са зборам ста тысяч подпісаў, дык мая думка наступная: калі зьбіраць іх “чыста”, як патрэбна сабраць, і калі Цэнтральная выбарчая камісія ня будзе прыдзірацца ў тым сэнсе слова, у якім мы гэта разумеем і як гэта рабілася – я думаю, што з улікам таго, што сытуацыя ў Беларусі зьмянялася і мяняецца, і ў 2006 годзе патрэбна будзе нейкая моцная фігура – вось зьяўленьне Пазьняка можа павярнуцца ў такі бок, што можна будзе вельмі нават лёгка сабраць гэтыя сто тысяч подпісаў.
XS
SM
MD
LG