Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску прайшла першая імпрэза, якая распачала “Год Уладзімера Караткевіча”


Браніслава Станкевіч, Віцебск Сёлета знакамітаму пісьменьніку споўнілася б 75 гадоў, і хаця ягоны дзень народзінаў будзе толькі ў лістападзе, на Віцебшчыне юбілейныя імпрэзы, прысьвечаныя Ўладзімеру Караткевічу, будуць праходзіць цягам усяго 2005 году.

Пра тое, што 2005 год будзе на Віцебшчыне “Годам Уладзімера Караткевіча”, сёньня ўрачыста абвясьціў на сваёй паэтычнай вечарыне паэт Давід Сімановіч. У 1999 годзе паводле ягонай ініцыятывы ў Віцебску была заснаваная адмысловая прэмія імя Уладзімера Караткевіча, якую ўжо пяць год запар уручаюць тутэйшым літаратарам ды дзеячам культуры. Нягледзячы на тое, што афіцыйна яна называецца Прэміяй Віцебскага аблвыканкаму, на яе штогод намінуюцца тыя, хто сапраўды шануе памяць славутага земляка ды імкнецца годна працягваць творчыя традыцыі.

Першым ляўрэатам “караткевіцкай” прэміі было наканавана стаць менавіта Давіду Сімановічу. І менавіта ягонай вечарынай распачаўся шэраг імпрэзаў гэтага юбілейнага году.

(Сімановіч: ) “Я паказаў відэазапіс адкрыцьця помніка Караткевічу, прачытаў ліст ад Караткевіча, прачытаў свае ўспаміны пра яго. А далей гутарка была пра маю творчасьць, пра мае кнігі, якіх ужо 23… Наступнымі, паводле плянаў, будуць сустрэчы з Францам Сіўком ды Сяргеем Рублеўскім. А ўвогуле ляўрэатаў прэміі імя Караткевіча ўжо 13, і гэта цудоўна!”

Літаратурныя сустрэчы зь ляўрэатамі прэміі імя Караткевіча будуць праходзіць штомесяц. А нязьменным месцам гэтых сустрэчаў будзе віцебская бібліятэка імя Ўладзімера Караткевіча, якая таксама была ўганараваная гэтай прэміяй у пазамінулым годзе.
XS
SM
MD
LG