Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якую шкоду нанесьлі польскія і амэрыканскія жаўнеры старажытным помнікам Бабілёну?


Юрась Бушлякоў, Прага Адзін з найважнейшых помнікаў Старажытнага Ўсходу горад Бабілён будзе закрыты для наведнікаў да часу, пакуль экспэрты ацэняць шкоду, прычыненую Бабілёну войскамі ЗША й Польшчы, – з такой заяваю выступіў міністар культуры Іраку Муфід Аль-Джазайры. Заява стала рэакцыяй на нядаўні даклад Брытанскага музэю, у якім сілы кааліцыі ў Іраку абвінавачаныя ў нанясеньні гістарычнаму помніку сур’ёзнай шкоды.

На прэсавай канфэрэнцыі ў Багдадзе міністар культуры Іраку запатрабаваў поўнай інфармацыі пра цяперашнюю сытуацыю ў Бабілёне. Разьмяшчэньне на тэрыторыі помніка вайсковай базы Аль-Джазайры назваў “памылкаю”.

(Аль-Джазайры: ) “Увогуле, ператварэньне такога месца ў вайсковую базу – гэта сур’ёзная памылка, фактычна нават злачынства. Тады, калі мы прасілі вывесьці з Бабілёну войскі як мага хутчэй, мы нават не ўяўлялі маштабаў шкоды”.

Бабілён быў сталіцаю магутнай дзяржавы Бабілёніі – яна існавала з ХІХ да VI стагодзьдзя да Нараджэньня Хрыстовага. Пра Навухаданосару ІІ у адным з палацаў Бабілёну былі пасаджаныя “вісучыя сады Сэміраміды” – адзін зь сямі цудаў старажытнага сьвету.

На сёньня ад Бабілёну засталіся адно руіны на ўсходнім беразе Эўфрату, за 80 кілямэтраў на поўдзень ад Багдаду.

У красавіку 2003-га амэрыканскія пяхотнікі заклалі сярод бабілёнскіх руінаў вайсковы лягер. Празь пяць месяцаў амэрыканцаў замяніла ў тым лягеры міжнародная дывізія пад польскім кіраўніцтвам. Згодна з дакладам Брытанскага музэю, знаходжаньне ў Бабілёне вайскоўцаў абярнулася пашкоджаньнем шэрагу культурных помнікаў. У прыватнасьці, сьцьвярджаецца, што тракі танкаў зьнішчылі пабудаваны 2600 гадоў назад бабілёнскі тратуар. Таксама, паводле дакладу Брытанскага музэю, на месцы раскопаў у Бабілёне вайскоўцы зрабілі траншэі, і ў бруствэр пры гэтых траншэях трапіла мноства каштоўных археалягічных фрагмэнтаў.

Камэнтуючы закіды, міністар абароны Польшчы Ежы Шмайдзінскі заявіў, што прысутнасьць амэрыканскіх і польскіх войскаў уратавала Бабілён ад марадэрства. Аўтар дакладу пра сытуацыю ў Бабілёне, кіраўнік аддзелу Блізкага Ўсходу Брытанскага музэю Джое Кэртыс пагаджаецца з такім меркаваньнем толькі часткова:

(Кэртыс: ) “Чыстая праўда, што на самым пачатку вайны вайсковая прысутнасьць у Бабілёне ўратавала яго ад марадэрства. Але тады ніхто не дапускаў, што база ў Бабілёне настолькі разрасьцецца й застанецца там на такі доўгі час. У пэўныя пэрыяды там дысьлякавалася да дзьвюх тысяч вайскоўцаў. Відавочна, для аховы археалягічнага помніка не патрэбная такая колькасьць салдатаў”.

Разважаючы пра будучыню Бабілёну, Кэртыс заклікаў зрабіць гэты гістарычны помнік адкрытым для археолягаў усяго сьвету. На думку Кэртыса, над руінамі Бабілёну мае быць устаноўлены міжнародны кантроль. Тым часам Міністэрства культуры Польшчы рыхтуе падрабязную справаздачу пра сытуацыю ў Бабілёне. Справаздача будзе зьмяшчаць звыш тысячы здымкаў, на якіх зафіксавана, як гістарычны помнік выглядаў да прыходу туды вайскоўцаў, і як ён выглядае сёньня.
XS
SM
MD
LG