Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскія памежнікі зладзілі пагоню за мікрааўтобусам, які вёз кантрабанду зь Беларусі


Тацяна Поклад, Вільня Літоўскія памежнікі у выніку пагоні за падазронай машынай затрымалі у Віленскім раёне чарговы груз кантрабанднага алькаголю і цыгарэтаў зь Беларусі. Гэта ужо другая спроба кантрабанды у буйных памерах зь Беларусі тэхнічнага сьпірту і цыгарэтаў расейскай вытворчасьці, выяўленая цягам апошніх некалькіх тыдняў. Новую спробу кантрабанды алькаголю і тытуню зь Беларусі літоўскія памежнікі злучаюць з апошнімі арыштамі у справе нелегальнага алькагольна-тытунёвага бізнэсу ва усёй Літве.

Літоўская служба аховы дзяржаўнай мяжы паведаміла пра вынікі апэрацыі каля адной з памежных вёсак у Віленскім раёне. Непадалёк вёскі Пунджоні на патрабаваньні апэратыўнікаў не спыніўся мікрааўтобус, які рухаўся у бок мястэчка Немянчыне. Мікрааўтобус “Сітраён C25” падаўся падазроным, паколькі быў відавочна цяжка нагружаны. Кіроўца ня спыніўся, павялічыў хуткасьць, і небясьпечна манэўруючы, праехаў па шашы яшчэ прыкладна адзін кілямэтар. Памежнікі перасьледвалі яго на службовай машыне і здолелі перакрыць шлях мікрааўтобусу, калі ён нечакана павярнуў у прыдарожны лес, дзе кіроўца, як мяркуецца, спадзяваўся кінуць машыну і уцячы.

Кіроўцам аказаўся 37-гадовы віленчук, а ў яго машыне знаходзілася тона тэхнічнага алькаголю – 200 пяцілітровых плястыкавых бутляў з цэтлікамі, на якіх пазначана, што гэта тэхнічны разбавіцель, 93 % якога складае эцілавы сьпірытус, выраблены у Маскоўскай вобласьці Расеі. Апрача таго, у мікрааўтобусе былі знойдзены 7 тысячаў пачкаў (спакаваныя у 14 каробак) расейскіх кантрабандных цыгарэтаў “Saint George Lights” і распакаваны марскі выратавальны плыт.

Усё знойдзенае разам з мікрааўтобусам часова захоўваецца у Міцкунах пад Вільняй, а затрыманага кіроўцу апыталі у штабе апэратыўнікаў. Распачатае дасьледаваньне.

Паводле папярэдніх дадзеных, нелегальны груз мог быць перапраўлены зь Беларусі па рацэ Вільля, праз сярэдзіну якой уздоўж Віленскага і Салечніцкага раёнаў праходзіць беларуска-літоўская мяжа. Непадалёк на беразе Вільлі у Сьвенцянскім раёне прыкладна месяц таму быў знойдзены падобны плыт з дзьвюма тонамі гэткага самага тэхнічнага разбавіцелю.

Мяркуецца, што тэхнічны разбавіцель плянавалі ачысьціць і разьліць па пляшках у якасьці рознага кшталту сурагатных моцных напояў.

На мінулым тыдні сэрыя апэрацыяў, праведзеных шаўляйскімі апэратыўнікамі, паказала, што у глыбіні Літвы, далей ад памежжа, вырабляюцца розныя алькагольныя падробкі зь небясьпечных для здароўя людзей складнікаў. У Радвіліскім раёне быў затрыманы буйны груз падробнага алькаголю і выяўленыя вялізарныя памеры падпольнага бізнэсу пераапрацоўкі пакуль неідэнтыфікаваных рэчываў у алькагольныя сурагаты, – падпольная фабрыка пад Юрбаркасам, склады алькаголю і расейскага кантрабанднага тытуню у Коўне і Рокіскім раёне.Усяго былі знойдзеныя 4300 літраў ужо "ачышчанай" прадукцыі – празрыстай вадкасьці з алькагольным пахам, і 1800 літраў "сыравіны" – цёмна рудой вадкасьці з рэзкім алькагольным пахам, а таксама 12 тысячаў пачкаў расейскіх кантрабандных цыгарэтаў.
XS
SM
MD
LG