Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пікет ля сьценаў Менскага СІЗА — з партрэтамі Міхаіла Марыніча


Любоў Лунёва, Менск Зуброўцы правялі пікет на знак салідарнасьці з палітвязьнямі. А чацьвертай гадзіне каля двух дзясяткаў сяброў руху “Зубр” сталі ланцугом на вуліцы Валадарскага насупраць будынку Менскага СІЗА з партрэтамі Міхаіла Марыніча. Большасьць пікетоўцаў — студэнты.

Адзін з арганізатараў пікету патлумачыў Радыё Свабода мэту акцыі:

(Віктар: ) “Гэтая акцыя праводзіцца на знак салідарнасьці з палітычнымі зьняволеннымі, якія ёсьць у Беларусі, — Міхаілам Марынічам, Валерыем Леванеўскім, Аляксандрам Васільевым. Гэтай акцыяй, якая адбываецца каля турмы, у якой знаходзіцца адзін зь іх, Міхаіл Марыніч, мы падтрымліваем менавіта яго і выказваем пратэст супраць незаконнага прысуду суду Менскага раёну напярэдадні Новага году. Мы патрабуем вызваліць Міхаіла Марыніча з-пад варты”.

Сябры моладзевага руху “Зубр” запэўнілі журналістаў, што будуць праводзіць акцыі падтрымкі палітвязьняў штомесяц. Гаворыць Ганна Міхайлоўская:

(Міхайлоўская: ) “Мы выказваем сваю нязгоду з тым, што Міхаіл Марыніч адбывае пакараньне паводле незаконнага рашэньня суду. Мы будзем і далей зьбірацца і выказваць сваю нязгоду з гэтым. Мы будзем хадзіць на пікеты і ладзіць такія акцыі, пакуль ня вызваляць Міхаіла Марыніча”.

Пікет доўжыўся паўгадзіны. Супрацоўнікі міліцыі прыехалі на месца правядзеньня акцыі празь некалькі хвілінаў пасьля яе заканчэньня. Ад журналістаў яны даведаліся, чаму быў прысьвечаны пікет. Міліцыянты абмежаваліся тым, што перапісалі зьвесткі журналістаў здымачнай групы “RenTV”.
XS
SM
MD
LG