Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што думаюць жыхары Віцебску пра заяву Кандалізы Райс?


Браніслава Станкевіч, Віцебск Падчас слуханьняў у Сэнаце ЗША Кандаліза Райс назвала Беларусь “фарпостам тыраніі”. Як паставіліся да гэтага меркаваньня віцебчукі?

(Карэспандэнтка: ) “Кандаліза Райс, кандыдатка на пасаду кіраўніка замежнапалітычнага ведамства ЗША, назвала Беларусь адным з “фарпостаў тыраніі”. Ці падзяляеце вы гэтае ейнае меркаваньне?”

(Спадар: ) “Так, я зь ёй згодны. У нас людзі баяцца ўладаў, баяцца казаць праўду пра тое, што робіцца ў грамадзтве. Тыранія!”

(Спадарыня: ) “Яна мае рацыю, у Беларусі ёсьць тыранія, канечне!”

(Спадар: ) “Гэта сапраўды так. Краіна жыве па бандыцкіх “паняціях”, бо ёй кіруе ўзурпатар. І я мяркую, што Кандаліза Райс сапраўды мае рацыю”.

(Дзяўчына: ) “Нічога дзіўнага ў тым, што яна так сказала пра нашую краіну, няма. І гэта разумеюць нават дзеці! У маім падручніку па прадмеце “Чалавек. Грамадзтва. Дзяржава”, дзе пералічаныя найбольш вядомыя тыраны ўсяго сьвету, нехта асадкай зьверху так і дапісаў: “А яшчэ — Лукашэнка”.

(Спадар: ) “Усякія там кандалізы яшчэ нам будуць указваць! У іх у Амэрыцы да сярэдзіны мінулага стагодзьдзя зьнішчалі індзейцаў, а яна нам кажа, што Беларусь — гэта нейкі фарпост нейкае тыраніі! Што нам усялякія там кандалізы!”

(Спадар: ) “Увогуле ейнае меркаваньне мы можам браць да ўвагі, а можам і ня браць. Безумоўна, у нашай краіне ёсьць пэўныя праблемы, якія хвалююць усясьветную грамадзкасьць, у тым ліку і ЗША. Але, паўтараю, з гэтымі праблемамі мы мусім разабрацца самі”.

(Спадар: ) “Пра тое, што Беларусь ёсьць фарпостам тыраніі, можна разважаць доўга. Але я ўчора паглядзеў фільм “Фарэнгайт 9/11”, і магу сказаць: тое, што адбываецца ў Беларусі, і тое, што ў Амэрыцы — практычна адно й тое самае. Толькі што ў амэрыканцаў ёсьць грошы, а ў нашых беларусаў — няма”.

(Спадар: ) “Сказана, канечне, рэзкавата пра нашую краіну. Але, трэба сказаць, што справядліва. Пры ўсіх нашых патэнцыйных мажлівасьцях мы жывем з кожным годам усё горш. І тлумачыцца гэта тым, што намі кіруе адзін чалавек, які вырашае ўсё: і якія мусяць быць кнігі скаргаў, і як даваць навуковыя званьні акадэмікам. І, што галоўнае, ніякіх свабодаў, ніякіх магчымасьцяў сказаць пра гэта ўсю праўду людзі ня маюць!”
XS
SM
MD
LG