Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Саюзе палякаў Беларусі — двоеўладзьдзе


Міхал Карневіч, Горадня Галоўная ўправа Саюзу палякаў Беларусі прыняла рашэньне адхіліць ад кіраўніцтва арганізацыяй старшыню Тадэвуша Кручкоўскага. Часовым выканаўцам абавязкаў прызначаны ягоны намесьнік — Юзаф Пажэцкі. Тадэвуш Кручкоўскі ня ўдзельнічаў у пасяджэньні ўправы і не прызнае гэтага рашэньня. Ён падаў заяву ў міліцыю на Пажэцкага — быццам, той стукнуў яго па твары.

Сёньня ў сядзібе Саюзу палякаў у Горадні знаходзяцца абодва старшыні: Т.Кручкоўскі і Ю.Пажэцкі. Іх кабінэты насупраць. Але яны не прызнаюць адзін аднаго.

Юзаф Пажэцкі тлумачыць, што на жаданьне большасьці сяброў галоўнай управы было склікана паседжаньне наконт падрыхтоўкі да чарговага зьезду. Па яго словах, Тадэвуш Кручкоўскі ўсяляк супраціўляецца правядзеньню зьезду, бо баіцца, што яго не абяруць старшынём на наступны тэрмін. Кажа Юзаф Пажэцкі:

(Пажэцкі: ) “Кручкоўскі адмаўляўся праводзіць паседжаньне па пытаньнях падрыхтоўкі да зьезду і сам зьехаў у Польшчу. Хаця загадзя ведаў, што паседжаньне адбудзецца. Управа вырашыла, што зьезд адбудзецца 12–13 сакавіка, а таксама адхіліла ад кіраўніцтва Кручкоўскага большасьцю галасоў за парушэньне статуту Саюзу палякаў на працягу некалькіх гадоў. Ён практычна адмовіўся рыхтаваць зьезд і нават перашкаджаў гэта рабіць сябрам галоўнай управы”.

Тадэвуш Кручкоўскі лічыць рашэньне галоўнай управы незаконным, паколькі склікаць паседжаньне, па яго словах можа толькі ён, як старшыня праўленьня. Кажа Тадэвуш Кручкоўскі:

(Кручкоўскі: ) “Я лічу, што ніякага рашэньня галоўнай управы наагул не было, паколькі толькі я, згодна са статутам, магу склікаць праўленьне. Акрамя гэтага, згодна статуту СПБ, ні галоўнае праўленьне, ні галоўны савет ня маюць права адхіляць мяне з пасады старшыні. Гэта можа зрабіць толькі чарговы зьезд, які прызначаны на сярэдзіну сакавіка”.

Учора перад пачаткам паседжаньня Т.Кручкоўскі напісаў заяву ў міліцыю на Ю.Пажэцкага. Ён сьцьвярджае, што той стукнуў яго рукой па твары. Пра падрабязнасьці бойкі ні адзін, ні другі нічога ня кажуць. Праўда, Пажэцкі адмаўляе, што такое было. Тым ня менш, у сядзібу Саюзу палякаў учора прыходзілі міліцыянты і дапытвалі Пажэцкага і сьведкаў. Вось што кажа сам Пажэцкі:

(Пажэцкі: ) “Ад яго было ўжо дзьве заявы. Першая — днямі, калі я разам са старшынём аддзелу адукацыі спадарыняй Борыс паехалі на раёны. Там мы спатыкаліся зь сябрамі нашай арганізацыі, абмяркоўвалі розныя праблемы. Вяртаючыся назад, даведаліся, што нас шукае міліцыя. Прыехалі туды самі, ва ўсім разабраліся, але правялі там паўночы”.

Тадэвуш Кручкоўскі сьцьвярджае, што перад зьездам у адносінах да яго чыняцца розныя правакацыі. Нядаўна невядомыя спалілі яго асабістую машыну, студэнтка пятага курсу гістарычнага факультэту напісала заяву ў рэктарат, быццам ён дамагаўся яе, і ўрэшце галоўная ўправа незаконна адхіляе яго ад пасады. Вось што кажа ён сам:

(Кручкоўскі: ) “Раней, як я лічу, правакацыі супраць мяне рабіліся групай майго папярэдніка на пасадзе старшыні СПБ. А апошнім часам правакацыі ўзмацніліся: спалілі маю ўласную машыну, на мяжы быў пабіты міліцыянтамі мой брат, а цяпер яшчэ каб дыскрэдытаваць мяне ва ўнівэрсытэце, была падкупленая студэнтка, якая кажа, быццам яе згвалціў пяць гадоў таму. Я ім прапанаваў падаць заяву ў міліцыю. І апошняя спроба — гэта ўчорашняя спроба галоўнага праўленьня адхіліць мяне з пасады”.

У самой сядзібе Саюзу палякаў погляды падзяліліся: частка супрацоўнікаў на баку Кручкоўскага, а частка падтрымлівае рашэньне галоўнага праўленьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG