Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што будзе рабіць Кандаліза Райс на пасадзе дзяржсакратара ЗША?


Юры Дракахруст, Прага Сёньня ў камісіі ў міжнародных справах Сэнату ЗША працягваліся слуханьні што да кандыдатуры Кандалізы Райс, прапанаванай прэзыдэнтам Бушам на пасаду дзяржсакратара ЗША. Нагадаем, падчас учорашніх дыскусіяў спадарыня Райс назвала Беларусь адным з “фарпостаў тыраніі” ў сьвеце.

У 1989 годзе тагачасны прэзыдэнт ЗША Джордж Буш-старэйшы, прадстаўляючы савецкаму лідэру Міхаілу Гарбачову сваю памочніцу Кандалізу Райс, сказаў: “Усё, што я ведаю пра Савецкі Саюз, я даведаўся ад яе”. Тады спадарыня Райс была дырэктарам савецкага і ўсходнеэўрапейскага аддзелу ў Радзе нацыянальнай бясьпекі ЗША.

У 2000 годзе ў адміністрацыі Джорджа Буша-малодшага яна стала сакратаром Рады бясьпекі. Цяперашні прэзыдэнт неяк сказаў: “Райс – адзіны чалавек, які можа мне патлумачыць замежную палітыку гэтак, каб я зразумеў”.

У хуткім часе пасьля перамогі на леташніх прэзыдэнцкіх выбарах Джордж Буш абвясьціў, што прапануе Кандалізу Райс на пасаду дзяржсакратара – кіраўніка зьнешнепалітычнага ведамства ЗША. Паводле амэрыканскіх законаў кандыдат на гэтую міністэрскую пасаду праходзіць зацьвярджэньне ў Сэнаце.

Дарэчы, у Беларусі нацыянальны сход, дакладней Палата прадстаўнікоў, зацьвярджае на прапанову кіраўніка дзяржавы толькі кандыдатуру прэм’ер-міністра. Іншых урадоўцаў прэзыдэнт прызначае асабістым рашэньнем, для якога не патрабуецца згоды парлямэнту. Пры гэтым, калі Палата прадстаўнікоў двойчы адхіляе прапанаваную прэзыдэнтам Беларусі кандыдатуру кіраўніка ўраду, прэзыдэнт можа распусьціць палату.

Прэзыдэнт ЗША ня мае права распусьціць Кангрэс ні пры якіх абставінах. Таму калі амэрыканскія сэнатары не згаджаюцца з кадравымі прапановамі прэзыдэнта, звычайна адбываецца працяглая працэдура пошуку кампрамісу.

Звычайна Сэнат ЗША зацьвярджае кандыдатуры ключавых міністраў, прапанаваных прэзыдэнтам, тым больш што ў цяперашнім складзе Сэнату перавагу маюць рэспубліканцы – аднапартыйцы дзейнага прэзыдэнта.

На ўчорашніх слуханьнях у Сэнаце спадарыні Райс давялося адказваць на вельмі крытычныя атакі сэнатараў Джозэфа Байдэна, Барбары Боксэр і Джона Кэры – суперніка Буша на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах. Крытычныя заўвагі тычыліся ў асноўным сытуацыі ў Іраку. Спадарыня Райс заявіла, што пашырэньне дэмакратыі на Блізкім Усходзе будзе галоўным зьнешнепалітычным прыярытэтам замежнай палітыкі ЗША. Кандаліза Райс сказала:

(Райс: ) “Посьпех свабоды ў Аўганістане ды Іраку надасьць сілы і надзеі рэфарматарам ва ўсім рэгіёне паскорыць тэмп рэформаў. Ад Марока да Ярданіі й Бахрэйну мы бачым выбары, пашырэньне правоў жанчынаў і меншасьцяў, пачатак палітычнага плюралізму”.

Гаворачы пра выклікі, перад якімі стаіць амэрыканскі ўрад, Кандаліза Райс сказала:

(Райс: ) “Безумоўна ў нашым сьвеце застаюцца фарпосты тыраніі, і Амэрыка выступае ў падтрымку людзей, якіх ціснуць тыраніі, на ўсіх кантынэнтах – на Кубе, у Бірме, у Паўночнай Карэі, у Іране, у Беларусі і ў Зымбабвэ”.

Беларускі МЗС апэратыўна адрэагаваў на гэтыя выказваньні, паводле прэсавага сакратара міністэрства Андрэя Савіных, “згадка Беларусі ў заяве Кандалізы Райс сьведчыць аб тым, што пакуль яе ўяўленьні пра сытуацыю ў Беларусі, на жаль, вельмі далёкія ад рэчаіснасьці”.

Варта заўважыць, што Кандаліза Райс была адным з найлепшых амэрыканскіх спэцыялістаў у справах Савецкага Саюзу і краінаў Усходняй Эўропы, калі, у прыватнасьці, спадар Савіных, як гавораць, яшчэ быў бесклапотным дзіцём.

Летась Кандаліза Райс сустракалася ў Вашынгтоне з Ірінай Красоўскай, жонкай зьніклага беларускага бізнэсмэна, кіраўнічкай грамадзянскай ініцыятывы “Мы памятаем”.

Кандалізе Райс – 50 гадоў, яна нарадзілася ў штаце Алабама на поўдні Злучаных Штатаў, у часы калі дыскрымінацыя паводле колеру скуры была актуальнай праблемай Амэрыкі. Паводле яе словаў, яна яшчэ зь дзяцінства зразумела, што каб дасягнуць посьпеху, яна павінна быць удвая лепш за іншых.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG