Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія падаткавікі вінавацяць у праблемах са спагнаньнем ПДВ расейскіх калегаў


Юлія Шарова, Менск Складанасьці з дастаўкай у Беларусь тавараў з Расеі ўзьніклі з тае прычыны, што Фэдэральная падатковая служба своечасова не растлумачыла, як працаваць у новых умовах, тлумачыць беларускае Міністэрства падаткаў і збораў.

Як патлумачыла ў інтэрвію “Свабодзе” прадстаўніца Міністэрства падаткаў і збораў Надзея Іянідзі, расейска-беларускае пагадненьне пра спагнаньне ўскосных падаткаў прадугледжвае, што дастаўца тавара павінен налічаць ПДВ па нулявой стаўцы. То бок, атрымальнік тавару мусіць улучаць у ягоны кошт гэты ўскосны падатак, які пойдзе ў бюджэт краіны прызначэньня.

Раней беларусы атрымлівалі тавар з Расеі па цане, у якую быў улучаны гэты падатак. Цяпер расейцы ПДВ у цану не ўлучаюць, але ж меней грошай за сваю прадукцыю атрымліваць ня хочуць. Тут і пачынаюцца канфлікты, лічыць Надзея Іянідзі.

(Іянідзі: ) “Яны павінны былі з цаны прыбраць 18%, але хто гэта прыбярэ? Мы гэта бачым на прыкладзе газу, як яны нам зрабілі. Мы ня можам расейцам камандаваць, гэта папросту яны не выконваюць умоваў пагадненьня, нядобрасумленна выконваюць”.

Але, паводле спадарыні Іянідзі, ёсьць і “добрасумленныя расейцы”, якія адгружаюць беларускім кліентам тавар па нулявой стаўцы ПДВ. Напрыклад, расейскі “Сургут”, які адгружае для “Беларуснафты” прадукцыю з такой стаўкай падатку. Беларускія падаткаплатнікі выконваюць гэтае пагадненьне так:

(Іянідзі: ) “Суб’екты гаспадараньня дастаўляюць з нулём. Яны нам так гавораць. Але мне тэлефанаваў Магілёўскі мясакамбінат і кажа: а можна мы ўлучым з 18%? У нас забіраюць па любым кошце, толькі дайце. Залежыць ад таго, якую прадукцыю каму мы дастаўляем. Калі прадукцыя, якую нам дастаўляюць расейцы і яны зьяўляюцца манапалістамі, то яны будуць дыктаваць свае ўмовы. А калі расейцу патрэбны рынак збыту, ён будзе выконваць пагадненьне ў поўным аб’ёме”.

Што да дастаўкі расейскага газу, цана якога без ПДВ складае амаль 47 даляраў, як і летась, то мая суразмоўца назвала гэта “справай палітыкі”, да якой падаткавікі дачыненьня ня маюць.

Наконт скаргаў расейскіх прадпрымальнікаў, якія ня могуць даставіць у Беларусь тавар праз адсутнасьць інструкцыяў пра новы парадак спагнаньня ПДВ, Надзея Іянідзі заўважае: вінаватыя ў гэтым расейскія падатковыя службы. Яны дэзынфармавалі сваіх падаткаплатнікаў: быццам бы пагадненьне пачне дзейнічаць з 1 лютага, пасьля падпісаньня Фэдэральнага закону пра яго ратыфікацыю. Але насамрэч яно пачало дзейнічаць з 1 студзеня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG