Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сенькава на Віцебшчыне


Ягор Маёрчык, Сенькава, Верхнядзьвінскі раён Віцебшчыны (эфір 17 студзеня). Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Да ўвагі тых, хто на сваім падворку мае бараноў! Спадарства, дапамажыце выратаваць папуляцыю гэтых жывёлаў у аддаленай вёсцы Сенькава, каб сям’я Кацярыны Слабады не пазбавілася кавалка мяса і воўны на цёплыя шкарпэткі — наперадзе яшчэ ўся зіма!

(Слабада: ) “Шмат авечак цяпер памірае. Бараноў няма, і яны самі па сабе выводзяцца”.

(Карэспандэнт: ) “А ў вёсцы ёсьць праблема з баранамі?”

(Слабада: ) “Так. Ніхто іх ня хоча трымаць. Сёлета засталіся мае авечкі непакрытыя. Трэба некага прасіць, каб далі барана. Хаця б на які тыдзень”.

(Карэспандэнт: ) “За грошы ці так?”

(Слабада: ) “А хто яго ведае… Я яшчэ ні разу не прасіла”.

(Карэспандэнт: ) “Наагул, навошта вам авечкі?”

(Слабада: ) “Летам добра зарэзаць, а ўзімку — шкарпэтку ці варажку зьвязаць”.

(Карэспандэнт: ) “Вяжаце на продаж ці сабе?”

(Слабада: ) “Сабе! Тут сваіх бы абвязаць: то сыну, то ўнуку”.

(Карэспандэнт: ) “Бараноў утрымліваць цяжэй, чым кароваў?”

(Слабада: ) “Не. Ёй толькі кавалачак хлеба даць, сена і вады”.

(Карэспандэнт: ) “Быў у вас саўгас — далучылі да іншага, сельсавет — скасавалі. Як людзі да ўсяго гэтага паставіліся?”

(Слабада: ) “Дрэнна. Я б яшчэ магла папрацаваць”.

(Карэспандэнт: ) “Як аб’ядналі, вы засталіся бяз працы?”

(Слабада: ) “Так. З суседкай разам працавалі, цялятаў кармілі. А пасьля нам загадалі пасьвіць. А якая гаспадыня сыдзе з дому на ўвесь дзень? І мы гэтую справу з канфліктам кінулі, і болей нам працы не далі. Мне тады пяць год да пэнсіі заставалася, а ёй паўтара году”.

Пэнсіянэрка Лілія Савейка сама ня ведае, чаго ёй не стае для поўнага шчасьця. Штомесяц мае 200 тысяч. Хапае сілы трымаць немалую гаспадарку. Сыну не нарадуецца: у таго сям’я і дачка, сам ня п’е. Але варта ў размове згадаць расфармаваныя калгас і сельсавет, як усьмешка зьнікае з твару бабы Лілі.

(Савейка: ) “Як ня стала сельсавету, зрабілася ў нас глуш. Ну, хто сюды паедзе праводзіць сход?”

(Карэспандэнт: ) “Але яны мусяць пра вас клапаціцца, бо вы іх абіралі”.

(Савейка: ) “Натуральна, што так. Вось мы і дэпутата выбралі. Скавародку выбралі. Усе за яго галасавалі. А можа, ты і ёсьць гэтым Скавародкам? Мы ж яго ня ведаем. Ты трохі на яго і схожы? Толькі нейкі твар у цябе худы, а ў яго шырэйшы”.

(Карэспандэнт: ) “Мяжа ў вас тут недалёка…”

(Савейка: ) “Так яно і ёсьць. Яшчэ трохі далей пройдзеш, і цябе адразу схопяць і штрафу дадуць на ўвесь твой заробак. Памежнікі нас ведаюць, а чужога чалавека адразу схопяць. А ты, можа, які бандзіт? Ходзіш, распытваеш нас, а пасьля бомбу падладзеш, як у целявізары паказваюць!”

(Карэспандэнт: ) “Ці я падобны на тэрарыста?”

(Савейка: ) “А хто цябе ведае?! Цяпер усялякія панчохі і акуляры на галаву апранаюць. Нібыта чалавек як чалавек, а пасьля бандзітам зробіцца”.

(Карэспандэнт: ) “А самі вяскоўцы прызвычаіліся, што тут мяжа і што далей нельга хадзіць?”

(Савейка: ) “Натуральна, што пра гэта ўсе ведаюць. А каму трэба, ноччу пройдзе лёгка, бо ведаюць цёмныя куты”.

(Карэспандэнт: ) “Самі ходзіце?”

(Савейка: ) “Не-не-не!”

(Карэспандэнт: ) “Ды ладна ўжо! Прызнайцеся шчыра!”

(Савейка: ) “Не-не-не! Барані Бог!”

Блізкая дзяржаўная беларуска-латвійская мяжа і ёсьць галоўнаю адметнасьцю жыцьця ў Сенькаве. У савецкі час разьдзяляльная паласа была ўмоўнай. Зь незалежнасьцю сюды прыйшлі памежнікі. Яны пабудавалі заставу і ўсталявалі прапускны рэжым. Адрозна ад літоўскага, польскага ці ўкраінскага памежжа, тут мясцовае насельніцтва не займаецца чаўночным гандлем. Паблізу няма спрошчанага пункту пропуску, а да пераходу — доўгія кілямэтры.

Любоў Кардаш працуе загадчыцай Дому культуры. Вайскоўцы бясплатна адрамантавалі дах клюбу. Наўзамен атрымліваюць дыскатэкі ды іншыя забаўляльныя імпрэзы ў выкананьні гуртка народнай самадзейнасьці.

(Кардаш: ) “Мы зь імі таксама працуем і вечары прыводзім на заставе. Хлопцаў у нас ня дужа, дзяўчат у вёсцы болей. У іх ёсьць магчымасьць пазнаёміцца”.

(Карэспандэнт: ) “Вясельлі ўжо былі?”

(Кардаш: ) “Летась было вясельле. Выйшла дзяўчына за памежніка. Ужо сын у іх нарадзіўся”.

(Карэспандэнт: ) “Ці ёсьць цікавасьць у вяскоўцаў да культуры?”

(Кардаш: ) “Цікавасьць ёсьць. У нас людзі ходзяць на мерапрыемствы. Плян трэба выконваць — сёлета 872 тысячы. У нас ёсьць і платныя паслугі. Ладзім выязныя канцэрты, сьвяты вёсак і Дзень сельскай гаспадаркі. За гэта бярэм 50–70–80 тысяч — колькі якая гаспадарка плянуе нам заплаціць, столькі мы і возьмем”.

(Карэспандэнт: ) “У чым людзі шукаюць пэрспэктыву ў жыцьці? На што яны спадзяюцца?”

(Кардаш: ) “Ня ведаю нават, як адказаць… Школа… Праз гады два ў нас будзе ня школа, а школа-садок. А для клюбу я ня ведаю, якая можа быць пэрспэктыва. Мяркую, што пакуль мы будзем трымацца”.

Шлюб з памежнікам — гэта бадай адзіная выгадная партыя для нешматлікіх вясковых дзяўчат. Мяркуйце самі: аклад такога сужэнца ў некалькі разоў большы за заробак трактарыста. Дадайце да акладу налічэньні за вайсковае званьне, выплаты на харчы, надбаўку за баявыя дзяжурствы і нарады. У выніку атрымаецца, што памежнікі самыя заможныя жыхары Сенькава.

Вайскоўцы не гараць жаданьнем распавядаць пра сваё жыцьцё. Жартам тлумачаць: “да спэцыяльнага загаду начальства”. Нешматслоўнасьць уласьцівая і іхным жонкам.

Мікалай Юсюкевіч не памежнік. Аднак гэты пэнсіянэр жыве ня горш за якога афіцэра.

(Юсюкевіч: ) “У мяне тут тры мальцы. Двое ў памежніках. У іх свой статак, хаты свае і машыны ў кожным двары. Хапае! Ёсьць свой трактар, капалкі і пугі. Двух кабаноў трымаю, і застаецца толькі хлеба і макарону набыць, бульбы сваёй столькі, што яшчэ збываць магу”.

(Карэспандэнт: ) “Мяжа ў вас тут нядаўна зьявілася. Людзі ўжо зьмірыліся зь ёй? Мяжа, уплывае на жыцьцё вёскі?”

(Юсюкевіч: ) “Цяпер яшчэ і лепей стала! Ня крадуць. Сюды ніякая сволач не заходзіць!”

(Карэспандэнт: ) “Гэтая самая “сволач” пужаецца знаку “памежная зона”?”

(Юсюкевіч: ) “Так, бо нашыя і ўначы дзяжураць”.

Тыя, з кім мне выпала пагутарыць у Сенькава, бачаць у жыцьці на памежжы станоўчыя моманты. Адзінае, што засталося — знайсьці барана для авечак Кацярыны Слабады.
XS
SM
MD
LG