Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольга Абрамава: Няхай Кандаліза Райс лепей чытае падручнікі па паліталёгіі


Валер Каліноўскі, Менск Памочніца прэзыдэнта ЗША па нацыянальнай бясьпецы Кандаліза Райс падчас разгляду яе кандыдатуры на пасаду дзяржсакратара ў Сэнаце заявіла пра Беларусь як пра адзін з шасьці “фарпостаў тыраніі” — разам з Іранам, КНДР, Бірмай, Кубай, Зымбабвэ. Беларускія палітыкі камэнтуюць заяву Кандалізы Райс пра Беларусь як “фарпост тыраніі”.

Паводле спадарыні Райс, ЗША зьбіраюцца пільна сачыць за гэтымі рэжымамі і станавіцца на абарону тых, каго ўціскаюць у гэтых краінах. Гэтая заява выклікала апэратыўную рэакцыю МЗС Беларусі, які ўжо назваў ацэнкі спадарыні Райс “вельмі далёкімі ад рэчаіснасьці”, пабудаванымі на “ілжывых стэрэатыпах і забабонах”. Заўважылі заяву спадарыні Райс і беларускія палітыкі.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава лічыць заяву Кандалізы Райс неадэкватнай беларускай рэальнасьці:

(Абрамава: ) “У Беларусі існуе жорсткі аўтарытарны рэжым. Пэрыядамі ён становіцца крыху мякчэйшым, пэрыядамі — больш жорсткім. Гэта аўтарытарны рэжым, але ён ніяк не датычыць тыраніі. Трэба, напэўна, лепей глядзець падручнікі паліталёгіі”.

Вольга Абрамава лічыць, што на фоне такіх заяваў нармальнага дыялёгу паміж беларускімі і амэрыканскімі ўладамі ня будзе.

Лідэр БНФ Вінцук Вячорка ня лічыць вызначэньне беларускага рэжыму як тыраніі перабольшваньнем.

(Вячорка: ) “Думаю, што трэба зыходзіць з цывілізацыйнай прыналежнасьці беларусаў як народу. Мы належым да эўрапейскай, эўраатлянтычнай цывілізацыі, а ў яе коле мець такую ўладу, якую мы маем цяпер, ганебна. Тое, што некаму было б даравальна ў іншых рэгіёнах сьвету, дзе сучаснае паняцьце дэмакратыі зьявілася толькі ў 20 стагодзьдзі, можа, недзе гэта было б прымальна, але ня ў нас, не ў дзяржаве, дзе выбарнасьць, справаздачнасьць і зьмяняльнасьць улады былі вядомыя яшчэ з раньняга сярэднявечча”.

Былы дэпутат беларускага парлямэнту Іван Пашкевіч заяву Кандалізы Райс ставіць у адзін шэраг зь іншымі падзеямі, у тым ліку прыняцьцем “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі”, забаронай на ўезд у Эўразьвяз для шэрагу беларускіх чыноўнікаў. Цяпер адносіны да беларускіх уладаў будуць больш жорсткімі, перакананы Іван Пашкевіч.

(Пашкевіч: ) “Заяваў і дакумэнтаў у адносінах да Беларусі было прынята вельмі шмат, і я лічу, што цяпер настаў час, калі трэба плаціць па рахунках”.

Былы намесьнік міністра замежных справаў Андрэй Саньнікаў словы Кандалізы Райс акрэсьлівае як пазыцыю новай адміністрацыі ЗША ў адносінах да Беларусі. Спадар Саньнікаў кажа пра заклапочанасьць Кандалізы Райс як новага дзяржсакратара ЗША падзеямі на постсавецкай прасторы. А лідэр АГП Анатоль Лябедзька нагадвае пра ранейшую спэцыяльнасьць Кандалізы Райс як саветоляга, што дадаткова будзе стымуляваць яе ўвагу да краінаў былога СССР.
XS
SM
MD
LG