Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вадохрышча ў Магілёве, на Палыкавіцкай крыніцы


Марыя Ўсьціновіч, Магілёўскі раён 19 студзеня праваслаўныя вернікі адзначаюць Вадохрышча – сьвята хрышчэньня Хрыста. Яно завяршае калядны час, а зіма цяпер паступова паварочвае на лета. У Вадохрышча асьвячаецца вада, якая, як здаўна вераць людзі, мае цудадзейную сілу. Як сьвяткуюць Вадохрышча ў Магілёве?

Паводле традыцыі, магілёўцы на Вадохрышча едуць па ваду да вядомай на ўсю акругу Сьвятой крыніцы ў вёсцы Палыкавічы. Там цячэ, звычайна гавораць людзі, “жывая” вада – вада, якая валодае лекавымі ўласьцівасьцямі.

Сапраўды, Палыкавіцкая крыніца – гэта нацыянальны помнік прыроды, вядомы з 16 стагодзьдзя. Паводле дасьледаваньняў, вада ў крыніцы ўнікальная і карысная для ўжываньня. Яна, дарэчы, акрамя ўсялякіх каштоўных элемэнтаў, утрымлівае срэбра. Цяпер на крыніцы ёсьць капліца Сьвятой Параскевы, якая і ёсьць цэнтрам сьвята Вадохрышча ў магілёўскай акрузе.

Царкоўная служба, у часе якой асьвячаецца вада, пачынаецца а 12-й гадзіне ўначы. І ўжо ў гэты час стаіць чарга людзей, якія атрымалі дазвол у мясцовага сьвятара на акунаньне ў купель (звычайна – на 40 разоў, штодня адно акунаньне, дакладней – тры разы з галавой). Гавораць, што гэта ня проста хараство, а яшчэ і лячэньне ад самых розных захворваньняў.

Цяпер на Палыкавіцкай крыніцы распавядаюць пра жанчыну, якая нядаўна акуналася разам з 2-хгадовай унучкай. Яна меркавала вылечыць унучку ад хранічнага бранхіту і нізкага гемаглабіну ў крыві. Заўважу, што ўсё гэта было ўзімку. Аднак жанчына апасьля прыехала на крыніцу і ўсім абвясьціла, што дзяўчынка пайшла на папраўку. Вось такая гісторыя.

А цяпер, з раніцы ў Палыкавічах натоўпы, людзі стаяць у чэргах, каб наліць у бутэлькі і каністры сьвятую ваду.

(Спадарыня: ) “У гэты дзень уся вада асьвячонай лічыцца. Бог асьвячае яе. На ўсёй зямлі, ва ўсіх крыніцах, яна ўсюды 19 студзеня будзе сьвятая”.

(Іншая спадарыня: ) “Таму што Ісуса Хрыста хрысьцілі ў гэты дзень, і вада сьвянцоная ідзе”.

(Спадарыня: ) “Мы ўвесь час ходзім за гэтай вадой. Нам падабаецца”.

(Спадар: ) “Прыемны смак, стаіць доўга”.

(Спадарыня: ) “Мы пастаянна езьдзім, бярэм ваду і лічым, што яна лячэбная”.

А што трэба рабіць з вадой са сьвята Вадохрышча? Гэтая вада звычайна выкарыстоўваецца пры розных бытавых выпадках. У народных календарах гаворыцца, што ёю, напрыклад, апырсквалі новую хату перад тым, як засяліцца, і вульлі, каб лепш вяліся пчолы. А ў наш час гэтую ваду п’юць і пырскаюць у сваёй хаце – сказалі мне жанчыны каля крыніцы.

(Спадарыня: ) “Для здароўя, каб дабрабыт быў на год і заўсёды была ўдача. Даюць выпіць дзеткам, каб расьлі здаровенькія, самі п’юць і жывёлу пояць”.

(Іншая спадарыня: ) “Самае галоўнае – папрасіць прабачэньня, каго пакрыўдзіў за год, каб прабачылі адзін аднога, замірыліся, пажадалі ўсіх даброцяў Гасподніх”.

Трэба адзначыць, што на Магілёўшчыне да Вадохрышча была прымеркаваная яшчэ адна падзея, якая адбылася ў раённым цэнтры Бялынічы: там напярэдадні сьвята асьвяцілі новы праваслаўны храм, пабудаваны ў гонар абраза Бялыніцкай Божай маці. Драўляны храм будавалі два з паловай гады на ахвяраваньні вернікаў і спонсарскія грошы, і цяпер у бялыніцкіх праваслаўных вернікаў ёсьць свая царква.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG